Афіцыйнае палестынскае інфармагенцтва WAFA паведаміла, што міністар замежных справаў Палестыны Рыяд аль-Малікі выклікаў на размову Хусам Зомлата.

Аль-Малікі заявіў, што адбудзецца абмеркаваньне з мэтай «прыняць рашэньні, неабходныя палестынскаму кіраўніцтву на будучыню, аб адносінах з ЗША». Паводле міністра, пасол, хутчэй за ўсё, вернецца да «нармальнай працы» пасьля кансультацыяў.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб зьмене ранейшай палітыкі ЗША ў дачыненьні да Ерусаліму 6 сьнежня, чым раззлаваў палестынцаў і іх арабскіх саюзнікаў, а таксама выклікаў рэзкую крытыку і на Захадзе. Прэзыдэнт Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі Махмуд Абас тады заявіў, што гэты крок паклаў канец ролі ЗША як міратворцы на Блізкім Усходзе.

Статус Ерусаліму зьяўляецца балючым пытаньнем для ўсіх бакоў блізкаўсходняга ўрэгуляваньня. У прыватнасьці, палестынцы лічаць, што Усходні Ерусалім павінен быць сталіцай іх будучай дзяржавы.