Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

У першы дзень новага года адзначыў сваё 60-годдзе вядомы графік, старшыня Саюза беларускіх мастакоў Рыгор Сітніца. Пра мастацкія вынікі адыходзячага года, пра тое, як трэба “любіць Беларусь” за мяжой, пра дзяржаўныя заказы ў Мінску і наступ на мастакоў у Маскве ён расказаў чытачам “Народнай Волі”.
10:30 29 снежня 2017
550
Памер шрыфта
Фото: google.by

“Я не рву на сабе кашулю, але не адступаю і там, дзе трэба, свайго дамагаюся”

– Рыгор, 2017 год адыходзіць у гісторыю. Чым ён запомніўся табе як кіраўніку Саюза беларускіх мастакоў?

– 2017-ы быў багаты на мастацкія падзеі. Мы зладзілі вялікую Скарынінскую выставу. Выставай адзначылі 135-годдзе Марка Шагала – нашага земляка, які праславіў Віцебск і наш край на ўвесь свет. Мы зладзілі выставу, прысвечаную князю Альгерду… Усё адбывалася ў сталічным Палацы мастацтва. Сёлета мы з групай мастакоў наведалі Індыю і правялі выставу, прысвечаную гэтай незвычайнай краіне. Шмат хто з нашых творцаў наведаў  Кітай – і скульптары, і жывапісцы. Выставы адбыліся і там і тут. Усё проста немагчыма пералічыць. Чацвёрты год ужо я старшынюю (а да гэтага шэсць гадоў быў першым намеснікам). Клопату неверагодна шмат – па 100 і болей тэлефанаванняў за дзень, не спыняюцца яны і ў выхадныя. Аднак жа я не забываюся, што сам з’яўляюся мастаком. Я разумею, што калі сыду з усіх пасад, то ў маёй біяграфіі застануцца толькі творы. Мая творчасць  прыносіць мне задавальненне. Я малюю тое, што мне хочацца намаляваць,  пішу тое, што просіцца быць напісаным. Штодзень я павінен быць у офісе, але, фактычна, не сяджу, а бегаю – то ў гарвыканкам, то ў міністэрства, то на пасяджэнне журы, то нейкай камісіі. Штодзень прыходзяць мастакі, а нас у саюзе больш за 1000. На нашым балансе мастацкія камбінаты, галерэі, Палац мастацтва, у мяне дзесяць дырэктараў. Гэта ўсё мае клопаты.

– Тыдзень таму была адкрыта мемарыяльная дошка на доме, дзе жыў Рыгор Барадулін. Ведаю, што ў падобных выпадках патрабуецца шмат розных узгадненняў. А ў гэтым выпадку шмат давялося пахадзіць па чыноўніцкіх кабінетах?   

– Дзякуй Богу, няшмат. Проста за апошнія гады я завязаў вельмі харошыя кантакты з гарадскімі ўладамі, з міністэрствамі. Дарэчы, там мяне прымаюць такім, які я ёсць, з маім светапоглядам, які не памяняўся. Усё вырашаецца хутка, калі ёсць фінансаванне. Калі б мы папрасілі грошы на дошку ў дзяржавы, то справа, мабыць, вырашылася б, але не так хутка. Ды і была б тады стандартная невялічкая дошка. А 24 снежня на доме Барадуліна мы ўсталявалі дошку памерам каля двух метраў. Думаю, Рыгор Іванавіч абняў бы нас за гэта – і скульптара Ігара Засімовіча, і Глеба Лабадзенку, які сабраў грошы, ну і мяне.  Глеб увогуле малайчына, цяпер мы ўзгадняем яшчэ адзін ягоны праект – помнік Тадэвушу Касцюшку ў Марачоўшчыне. Думаю, і там усё будзе зроблена. З цягам часу мы дойдзем і да ўшанавання памяці Васіля Быкава. Не трэба палітызаваць праблему, трэба проста спакойна працаваць у гэтым кірунку. Часам я чую ў свой адрас папрокі ад людзей, настроеных крытычна да ўлады. Адказваю, што іншага часу для рэалізацыі ў нас не будзе. Я не рву на сабе кашулю, але не адступаю і там, дзе трэба, свайго дамагаюся. Свайго – гэта беларускага, агульнанацыянальнага. Скажам, на сталічнай Плошчы Свабоды стаіць скульптура войта з граматай Магдэбургскага права – гэта мой праект, ажыццёўлены разам з тагачасным намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама Ігарам Васільевічам Карпенкам. Тамсама стаіць помнік Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку, стваральнікам першай беларускай оперы, – таксама мы з ім ставілі. Ляпілі, канешне, скульптары бацька і сын Гумілеўскія. Прычым у самы апошні момант мне давялося ўмяшацца. На помніку мусіў быць надпіс, нешта накшталт: “грамадзяне Мінска і г.д. ”. Ужо пры адліўцы помніка мне ўдалося змяніць назву, і там цяпер напісана: “Стваральнікам беларускай нацыянальнай оперы Манюшку і Дуніну-Марцінкевічу”. Цяпер любы турыст падыходзіць да помніка і разумее, што беларуская нацыянальная опера існавала ўжо ў ХІХ стагоддзі. Сёння мы з кіраўніком Мінска дамаўляемся пра помнік першаму летапіснаму князю Глебу Менскаму, пра помнік бітве на Нямізе.

– Перад нашай гутаркай я пагартаў твой нядаўна выдадзены альбом “Простыя рэчы” і зноў са здзіўленнем падумаў, што ты, як маг-чараўнік, ператвараеш у шэдэўр мастацтва звычайны паркан, страху дома, вянок цыбулі. А яшчэ кінулася ў вочы, што ў цябе сусветна вядомыя помнікі архітэктуры набываюць беларускія рысы. Нават знакаміты індыйскі Тадж-Махал…

– Справа ў тым, што любую побытавую рэч можна ператварыць у арт-аб’ект. І я свядома гэта раблю. Мастаку нецікава маляваць сучасны катэдж, а вось нейкі стары свіран з разбураным дахам – гэта ўжо вобраз, лёс, гісторыя. Там адчуваецца  насычанасць энергетыкай стагоддзяў. Я таксама займаюся знакавымі архітэктурнымі помнікамі ці нейкімі гістарычнымі артэфактамі. Апошняе, што я зрабіў, гэта серыя “Прыватная археалогія”, за якую мне была прысуджана Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва. Што да Тадж-Махала… Да нас цяпер шмат кітайскіх мастакоў прыязджае. І вось цікава: калі яны малююць беларускія краявіды – у іх атрымліваецца Кітай! Я бачыў, як адзін кітаец намаляваў мінскі Чырвоны касцёл – ён у яго атрымаўся абсалютна кітайскі. Хоць і  пазнавальны. Так і ў мяне атрымліваецца. Праяўляецца наша генетыка, ад якой ты не можаш адкараскацца, ды і не трэба. Гэта нармальная з’ява, калі беларус усё збеларушвае.

“На маскоўскім судзе расправу над мастакамі я назваў Крымам-2”

– Ведаю, што ты нядаўна вярнуўся з Масквы, дзе прайшло судовае разбіральніцтва ў справе Міжнароднай канфедэрацыі Саюзаў мастакоў. Якая перадгісторыя гэтай справы і чым яна ўрэшце закончылася?

– Калі я чую размовы пра інтэграцыю, пра агульную культурную супольнасць, я гэтаму цяпер мала веру. І вось чаму. Калі разваліўся Савецкі Саюз, толькі мастакі захавалі сваю арганізацыю – Саюз мастакоў (пад назвай Міжнародная канфедэрацыя Саюзаў мастакоў). Ёй належалі Цэнтральны дом мастака ў Маскве, Дом творчасці “Сенеж”, Падольскі мастацкі камбінат, вельмі шмат іншых будынкаў і велізарная калекцыя твораў – 46.000 адзінак.  Мы заўсёды лічылі нашу канфедэрацыю ўзорным аб’ектам інтэграцыі. І нам усе зайздросцілі – пісьменнікі, журналісты, кінематаграфісты, якія ўсю сваю маёмасць разбазарылі. Мастакі ў Цэнтральным доме займалі 10.000 квадртаных метраў, а 30.000 метраў – Траццякоўская галерэя (Новая Траццякоўка). І ўвесь час яна аблізвалася на нашы плошчы. Падаткі ў Маскве растуць і растуць, і нам  нічога не заставалася, як прадаць некалькі твораў з калекцыі былога Саюза мастакоў СССР. Скажам, карцінай нашага земляка з Гомельшчыны Георгія Нізскага (народнага мастака Расіі, лаўрэата Сталінскай прэміі) зацікавіўся маскоўскі калекцыянер Ананьеў – вельмі багаты чалавек, які стварыў Музей рускага рэалізму. У яго там ёсць усё, не хапала толькі Нізскага. Гэта добры мастак, але не Дайнека і не Герасімаў, і ніколі ён на мастацкім рынку не каціраваўся. А тут прыходзіць да нас у канфедэрацыю Ананьеў і прапануе адразу 100.000 долараў. Мы яму Нізскага не саступілі. Калекцыянер прыйшоў праз паўгода і дадаў яшчэ 50.000. Мы зразумелі, што Нізскі яму вельмі патрэбны, і ён купіць яго за любыя грошы. І пачалі працаваць над тым, каб вывесці Ніскага на “Sotheby’s”. Гэта было вельмі складана, але ўрэшце аўкцыён адбыўся, і Ананьеў дамогся свайго – набыў Нізскага за 3 мільёны долараў.

– Ого! Я не эксперт у галіне жывапісу, але гэта проста неверагодная цана для мастака, якога мала хто ведае на Захадзе.

– Дык цяпер ужо ведаюць, мы на яго “раскрутку” патрацілі каля двух гадоў. І хоць мы ўсю працэдуру правялі легальна, сплацілі вялікія падаткі, у нас пасля гэтага пачаліся праблемы. Багатыя расійскія дзядзькі ўбачылі – вось дзе багацце ляжыць! І на нас пачалі ціснуць. Ціснулі-ціснулі і даціснулі. Нядаўна Вярхоўны суд Расіі ліквідаваў нашу канфедэрацыю. Я быў на двух пасяджэннях – большага разбою я ўявіць сабе не магу. Абсурдна ўжо тое, што суд даручыў ліквідаваць арганізацыю расійскаму Саюзу мастакоў. Гэта наша права – стварыць ліквідацыйную камісію і думаць, як распарадзіцца нашай маёмасцю: ці прадаць, ці падарыць, ці раздзяліць неяк. Бо і ў згаданай калекцыі, і ў будынках 15 працэнтаў належыць Беларусі. У той калекцыі ёсць творы Міхаіла Савіцкага, Канстанціна Вашчанкі, Георгія Кішчанкі, Мая Данцыга, Георгія Паплаўскага, Арлена Кашкурэвіча, Віталя Цвіркі – усіх беларускіх майстроў. А расійскі Саюз мастакоў узначальвае Андрэй Кавальчук, ён член прэзідэнцкага савета, грамадскай палаты, народны мастак Расіі і г.д. І як яму скажуць, так ён і распарадзіцца агульнай маёмасцю.

– Ці ёсць шанцы хоць нешта з тае калекцыі вярнуць Беларусі?

– Не наіўны я чалавек, бо трохі ведаю расійскія парадкі. Калекцыю могуць абвясціць музейным фондам ці нейкім іншым спосабам прыўласніць. Так што ў мяне ілюзій на гэты конт няма. На маскоўскім судзе расправу над мастакамі я назваў Крымам-2. Але проста так уцерціся і пайсці я не магу сабе дазволіць. Мы будзем працягваць змаганне.

“Каб не мы, прыехалі б мастакі з Масквы, і можна толькі ўявіць, чаго б яны ў Палацы Незалежнасці панамалёўвалі”

– Многія грамадскія арганізацыі ў Беларусі існуюць на мяжы выжывання. Скажам, Саюз пісьменнікаў быў выгнаны са свайго будынка і падзелены на дзве суполкі. А як Саюзу мастакоў удалося захавацца?

– Гэта заслуга ўсяго Саюза мастакоў. У свой час нам хапіла розуму не завастраць і так вострыя праблемы. Хоць, паўтаруся, я застаюся абсалютна на ранейшых грамадзянскіх пазіцыях. І – знаходжу паразуменне з людзьмі, якія, здавалася б, стаяць на супрацьлеглых пазіцыях. А можна рваць на сабе кашулю і даказваць, што мы самыя-самыя лепшыя гульцы, хоць прайграём ужо 23 гады з сухім лікам.

– Часам можна пачуць, што Саюз мастакоў ператварыў Палац мастацтва ў кірмаш – там і мёд прадаюць, і кнігі, і шмат што яшчэ. Без гэтага ніяк нельга абысціся?

– На сённяшні дзень – ніяк. У той жа час у палацы, дзе сапраўды часам ладзяцца кірмашы, сёлета прайшлі 42 мастацкія выставы. Саюз мастакоў – не бюджэтная арганізацыя, мы за ўсё плацім самі і павінны зарабляць грошы. Мы ладзілі выставы да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы, да 1000-годдзя гістарычнай Літвы, на вясну 2018-га рыхтуем вялікую выставу да 100-х угодкаў БНР. Робіцца помнік князю Гедыміну ў Лідзе. На ўсё гэта патрэбны немалыя сродкі. Ніхто нам грошай за так не дае. Таму, калі да нас прыходзяць тыя ж пчаляры, мы ім не адмаўляем, бо гэта нашы кармільцы.

– Адна з даўніх праблем мастакоў – утрыманне майстэрань. Ці ўдалося вам дасягнуць паразумення з уладамі? Колькі сёння творца мусіць плаціць за майстэрню?

– Пэўнага паразумення мы дасягнулі. Цяпер мы выдзелены ў асобную групу плацельшчыкаў – майстэрні творчых работнікаў – і сёння  купляем цяпло за столькі, колькі яно каштуе. А раней пераплачвалі мінімум у два разы. Плата за некаторыя майстэрні дасягала 5–8 мільёнаў (па старых разліках). Цяпер на 10 працэнтаў меней, але мы гэтага не адчулі. Таму што, пакуль мы змагаліся за гэтую палёгку, выраслі тарыфы. Суцяшае хіба тое, што да 2020 года і кватэры, і завод, і фірма, і майстэрня будуць плаціць адну цану.

– А яшчэ вашы крытыкі папракалі кіраўніцтва Саюза мастакоў за ўдзел у аздабленні Палаца Незалежнасці. Як ты ацэньваеш зробленае там менавіта з мастацкага гледзішча?

– Думаю, што, аздобіўшы Палац Незалежнасці, мастакі сябе не зганьбілі. Гэта нармальны заказ у нашай краіне. Не зрабілі б мы, прыехалі б мастакі з Масквы, і можна толькі ўявіць, чаго б яны там панамалёўвалі. Нашы мастакі там хоць зарабіць змаглі нармальна. І не схібілі. Скажам, зала, дзе адлюстраваны  нацыянальныя святы – Каляды, Купалле, Багач, Дажынкі, – вельмі прыстойна зроблена. Я і сёння гатоў падпісацца пад тымі творамі, не бачу тут ніякага граху.

– Ты родам з Петрыкаўскага раёна, дзе расла і вучылася ў школе Святлана Алексіевіч. Дык у яе гонар у вёсцы Капаткевічы хацелі нават трактар назваць. А як ставяцца на малой радзіме да мастака Рыгора Сітніцы?

– Ну, я ж не Нобелеўскі лаўрэат, каб маім прозвішчам нешта там называць (смяецца). Праўда, мае сваякі жывуць на вуліцы імя Віці Сітніцы. Гэта мой дзядзька – 13-гадовы піянер-герой. З ім увогуле цьмяная гісторыя, яе я спрабую даследаваць у рамане, які дапісваю. На вялікі жаль, у мяне з малой радзімай кантакты толькі сямейныя. На Гомельшчыне жывуць мой брат, цёткі, стрыечныя і траюрадныя браты. Іх так шмат, што я ўсіх і не ведаю. У мяне каля 30 было толькі стрыечных. А ўлады раённыя… Можа, яны і не ведаюць, хто я, дзе я…

“Калі ў Маскве пачынаюць крытыкаваць уладу ў Беларусі, то мяне гэта абражае”

– Мне запомніліся твае развагі з нашай папярэдняй гутаркі. Бывае, ходзіць чалавек няголены, зарослы, і раптам паголіцца, і ўсе адразу заўважаюць перамену: гляньце, чалавекам стаў. Так можа быць і з дзяржавай… Сёння ты лічыш, што наша дзяржава “пагалілася”?

– Я і раней лічыў, што мы “паголеныя”. Я заўсёды любіў сваю краіну, свой народ, сваю дзяржаву, якімі б яны ні былі. Я патрыёт, і ніколі нікому не дазволю пра нас казаць штосьці кепскае. Нават пра ўладу. Калі ў Маскве пачынаюць крытыкаваць уладу ў Беларусі, то мяне гэта абражае. Калі хтосьці кпіць з Беларусі, то яго кпіны я ўспрымаю на свой адрас. Гэта мы маем права крытыкаваць сябе, а чужыя гэтага права не маюць. Гэта як у сям’і. Калі, напрыклад, майго бацьку ці маці чужы чалавек пачне абзываць, то я яму зубы выб’ю. Так і з дзяржавай. Нельга дазваляць, каб нехта нас прыніжаў – не важна за што. Гэта наша дзяржава, і мы тут самі разбяромся. Вядома ж, мы змяняемся паціху. Так, Беларусь праходзіць свой падлеткавы ўзрост вельмі шпарка. І мы бачым, як дзяржава паступова паварочваецца да нацыянальных каштоўнасцяў. Калі дзяржава хоча быць дзяржавай, то не павінна секчы сук, на якім сядзіць. А гэта – беларуская мова, гісторыя, традыцыі, культура, рэлігія. Бо, калі іх няма, тэрыторыя і народ становяцца здабыткамі ласага суседа. І калі мы не хочам стаць такім здабыткам, то павінны захаваць свае фундаментальныя каштоўнасці.

– У свой час цябе прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў – нават без кнігі, толькі па часопісных публікацыях. Падобным чынам прымалі, калі не памыляюся, толькі Уладзіміра Караткевіча. Калі паклоннікі Сітніцы-паэта прычакаюць тваю першую кнігу?

– Я вельмі ганаруся, што мяне, як і Караткевіча, прынялі ў СБП як бы авансам. А кніга пад назвай “Ток” выйдзе літаральна ў наступным месяцы. Рыхтавалася яна гадоў дзесяць, бо я вельмі патрабавальны да сябе чалавек, сам для сябе я самы жорсткі цэнзар. Шмат якія вершы я выкінуў з кнігі з-за мастацкай недасканаласці.

– А ці будзе там твой “пазнавальны” верш “Павятовы фельдмаршал прымае ваенны парад…”?

– Будзе. Гэта добры верш. Многія ранейшыя тэксты я перапрацаваў. Скажам, быў у мяне верш: “Мне мулка на лік ісці, на “зважай” стаяць, / Мне ўсякі статут, прабачце, лухта лухтой”. Дык я падумаў, што не можа, напрыклад, Статут ВКЛ быць лухтой. Таму ў новым варыянце – “шыхтовы статут мне лухта лухтой”. Бо той жа статут Саюза мастакоў я мушу выконваць, яго прыняла ўся грамада, ён нам не навязаны звонку. Ён даволі гнуткі, дэмакратычны, нікога не абмяжоўвае ў  творчасці. Як мастак я ніяк не павязаны нашым статутам.

– Як будзеш адзначаць сваё 60-годдзе? Ці будзеш ладзіць персанальную выставу?

– Выстава ў Мастацкім музеі будзе, але пазней. А 23 студзеня адбудзецца вечарына ў Вялікай зале сталічнай філармоніі. Я даўно хацеў зрабіць такое паэтычна-музычнае свята – сумесна з ансамблем “Класік-авангард” і фольк-гуртом “Палац”. Да таго часу выйдзе кніга, а нядаўна ўжо выйшаў мой альбом “Простыя рэчы”. Там 140 рэпрадукцый маіх прац і каля 50 вершаў. Запрашу на вечарыну ўсіх сяброў – імпрэза ладзіцца найперш для іх.

– Што б ты хацеў пажадаць суайчыннікам напярэдадні Новага года?

– Пажадаю ўсім нам застацца беларусамі. Тое, што мы захаваліся як народ, як нацыя, насуперак усім перашкодам і цяжкасцям – свайго роду феномен. Мы павінны гэта цаніць. Мы існуем у гэтым свеце, і нікуды мы не дзенемся. Рыбіна плавае, пакуль вада ёсць. Так і мы ў любых умовах будзем жыць. Як сказана ў адным з маіх вершаў: “Няхай захліснуць нас аблудаў хвалі, / Хай рызыка наша сплывае туманамі, / Ды нас ужо столькі разоў пахавалі, / Што болей нястрашна быць пахаванымі. / Бо існым небам і родным краем / Душу не аблытаць ніякім аблуддзем. / Няхай мы маем тое, што маем, / Ды ведаю – будзем!”

Тэмы:, , ,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

15 снежня 2017

Рыгор Сітніца ладзіць канцэрт для скрыпкі і завірухі

23 студзеня на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца літаратурна-музычны праект вядомага мастака і паэта Рыгора Сітніцы.
12 снежня 2017

“Час д’ябла можа вярнуцца”

У сталічным Палацы мастацтва 7 снежня адкрылася выстава Аляксея Марачкіна пад назвай “Збор-2”.
14 жніўня 2015

Памёр беларускі Далі, мастак-сюррэаліст Георгі Скрыпнічэнка

Пасля цяжкой хваробы ў Мінску пайшоў з жыцця беларускі мастак Георгі Скрыпнічэнка, які ўваходзіў у творчую суполку «Пагоня» пры Саюзе мастакоў.