“Моладзь БНФ” пачынае кампанію па ўвекавечанні памяці Васіля Быкава

31

“Нягледзячы на велізарны ўклад Васіля Быкава ў сучасную Беларусь, яго памяць ігнаруецца ўладамі. Да гэтага часу ні адна з вуліц Мінска не названая ў яго гонар, няма яго помніка, а асоба пісьменніка ў школьнай і ва ўніверсітэцкай праграмах разглядаецца занадта павярхоўна. Мы не можам дапусціць ушчамлення яго асобы і памяці на дзяржаўным узроўні, таму вырашылі прыкласці ўсе намаганні па выпраўленні гэтай сітуацыі”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы “Моладзі БНФ”.

У ходзе кампаніі актывісты маюць намер патрабаваць перайменавання парку 50-годдзя Кастрычніка ў парк імя Васіля Быкава. “Гэты парк акрамя таго, што мае недарэчную для сучаснай Беларусі назву, знаходзіцца ў занядбаным стане. Таму неабходна надаць гэтай тэрыторыі больш важную для гісторыі Беларусі назву. Таксама мы патрабуем рэнавацыі і добраўпарадкавання гэтага парку, каб усім жыхарам Мінска было прыемна бавіць там час”, — адзначаюць у арганізацыі.

Сёння актывісты мінскай гарадской арганізацыі “Моладзі БНФ” правялі ў сталіцы збор подпісаў у падтрымку перайменавання парку 50-годдзя Кастрычніка. За некалькі гадзін было сабрана каля 100 подпісаў.

Таксама “Моладзь БНФ” будзе праводзіць розныя мерапрыемствы па ўшанаванні памяці Васіля Быкава. Першае мерапрыемства ў рамках гэтай кампаніі — тыдзень памяці Васіля Быкава — пройдзе з 22 па 28 студзеня.

“Мы ўпэўненыя, што наша кампанія будзе мець поспех, як і аналагічная кампанія ў падтрымку рэабілітацыі Ларысы Геніюш. Хоць галоўнай мэты гэтая кампанія не дасягнула, аб яе асобе даведаліся сотні, а можа, і тысячы людзей. Было напісана шмат артыкулаў аб нашай кампаніі, мы змаглі выклікаць пэўны рэзананс у СМІ і грамадстве”, — адзначаюць у “Моладзі БНФ”.

Поделиться ссылкой: