Сума чыстай страты ўсіх стратных прамысловых прадпрыемстваў вырасла на 16,8% да 836,1 млн рублёў, на адну стратную арганізацыю — на 25,9% (да 2 млн 316 тыс.)

Чысты прыбытак усіх прамысловых арганізацый склаў 3 млрд 440,3 млн рублёў (на 53,9% больш), прыбытак да падаткаабкладання — 4 млрд 438,3 млн (на 52% больш). Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 32% да 7 млрд 849 млн рублёў.

Рэнтабельнасць продажу за 10 месяцаў гэтага года склала 9,6% супраць 8,1% за студзень—кастрычнік 2016 года, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі — 12,2% супраць 10,4%.

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг прамысловых арганізацый краіны ў наяўных цэнах склала 81 млрд 706,2 млн рублёў, або на 11,9% больш, чым у студзені—кастрычніку 2016 года.

Сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг за студзень—кастрычнік 2017 года павялічыўся на 12,2% да за 64 млрд 323,9 млн рублёў.

Кандыдат эканамічных навук Вячаслаў Ярашэвіч звязвае зніжэнне колькасці стратных прадпрыемстваў у першую чаргу з рэструктурызацыяй даўгоў. «Хутчэй за ўсё, з гэтым і звязанае зніжэнне і колькасці, і долі стратных прадпрыемстваў. Таксама прадпрыемствы сталі больш акуратна ставіцца да сваіх фінансаў», — адзначыў эксперт у каментары БелаПАН.

На думку кіраўніка Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслава Раманчука, хранічна стратныя прадпрыемствы не маюць права на існаванне. «Трэба прызнаць факт, стварыць камісію, якая магла б частку амярцвелага капіталу ажывіць і пусціць у іншыя праекты», — перакананы эканаміст. Аднак, паводле яго слоў, улады кажуць стратным прадпрыемствам, што яны ўдзельнічаюць у той ці іншай дзяржпраграме, не змяняюць іх прызначэнне.

Раманчук таксама адзначыў, што праблемных прадпрыемстваў значна больш, чым афіцыйна стратных, многія з іх працуюць з рэнтабельнасцю ніжэй за 5%. «Іх не трэба накіроўваць на давернае кіраванне, а зрабіць прыватнымі у надзеі на тое, што інвестары паспрабуюць іх рэанімаваць і на іх базе стварыць новыя вытворчасці. Іншага не дадзенае», — лічыць Раманчук.

На яго погляд, для фінансавага аздараўлення прадпрыемстваў патрэбная сістэмная рэформа.