Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Шпацыруючы па ледзь прысыпаным першым сняжком Кіеве, я звярнуў увагу на помнік з натхнёным і, падалося, знаёмым абліччам.
12:10 27 снежня 2017
115
Памер шрыфта
Фота: yandex.by

Грацыёзны і ў той жа час дэмакратычны – ён не ўзвышаўся над мінакамі на пастаменце, стваралася ўражанне, быццам чалавек у добрым настроі вырашыў проста прайсціся па Храшчаціку. Я наблізіўся: так і ёсць – гэта быў Анатоль Салаўяненка, знакаміты ўкраінскі спявак, чый рэпертуар складаўся з гэтак любімай усім народам класікі – “Дывлюсь я на нэбо”, “Ніч яка місячна”, “Рідна маты моя”… Стаіць у бронзе, а зусім нядаўна я чуў яго жывога, на Шаўчэнкаўскім свяце, здаецца, у Белай Царкве.

Прызнацца, я тады па-добраму пазайздросціў братам-украінцам. Умеюць яны без лішняй чыноўніцкай валакіты годна ўшаноўваць тых, хто заслужыў памяць народную. Пачула ўся Украіна твае песні, разнесліся яны па ўсім белым свеце – вось табе і помнік. І не абы-дзе, а ў сталіцы, на цэнтральным праспекце.

Тая даўняя кіеўская сустрэча згадалася мне ў мінулую нядзелю, калі ў Мінску, на Лагойскім тракце, на доме, дзе жыў Рыгор Барадулін, адкрывалі мемарыяльную дошку. Пад бронзавым барэльефам прамаўлялі скульптар Ігар Засімовіч (аўтар дошкі), старшыня Саюза мастакоў Рыгор Сітніца (здабыў дазвол гарадскіх улад), паэт і журналіст Глеб Лабадзенка (ініцыятар і штурхальнік усяго праекта). Апошні ў сваім выступленні выказаў удзячнасць тым, хто скінуўся на добрую справу (145 чалавек!), і абвясціў пра пачатак яшчэ адной дабрачыннай акцыі – збор сродкаў на мемарыяльную дошку Васілю Быкаву.

Руплівая дзейнасць Лабадзенкі даўно выклікала ў мяне ўдзячнае захапленне – і тады, калі ён выдаў без купюр “Ладдзю роспачы” Уладзіміра Караткевіча, і тады, калі заснаваў папулярныя сёння курсы “Мова-нанова”, і тады, калі з дапамогай верталёта (!) паставіў помнік на магіле таго ж Барадуліна. За ўсімі культурніцкімі праектамі Глеба ўсачыць наўрад ці магчыма, але, па чутках, неўзабаве ў Марачоўшчыне пад Косавам з’явіцца матэрыялізаваны ім жа праз краўдфандынгавыя пляцоўкі помнік Тадэвушу Касцюшку.

Ведаючы напорысты характар Лабадзенкі, я амаль перакананы, што ён і помнік Касцюшку ўсталюе, і дошку Быкаву павесіць. Не зважаючы на крытыку ў сацыяльных сетках: а чаму барадулінскі нос на барэльефе малаваты, а чаму касцюшкаўскі пастамент, наадварот, велікаваты? У нас калі нехта нешта канкрэтнае робіць, то крытыкі-дарадчыкі вакол проста карагоды водзяць.

Такім чынам, сталічны Лагойскі тракт пабагацеў на барадулінскую шыльду, а вуліца Танкавая і Марачоўшчына – у чаканні. І ўсё выглядала б проста здорава, калі б не адно “але”. Глеб Лабадзенка ўсталёўвае помнікі і вешае шыльды не сваякам сваім, а – гістарычным асобам, асмелюся сказаць, людзям дзяржаўным. Гэта значыць – працуе на дзяржаву, а калі яшчэ больш уканкрэтніць – выконвае работу адказных за культуру чыноўнікаў. І тут само па сабе напрошваецца пытанне: калі чыноўнік (за адпаведны заробак) не можа арганізаваць выраб мемарыяльнай дошкі Народнаму паэту (грошай няма, каманды ніхто не даў і г.д.), а Лабадзенка (на грамадскіх пачатках) – можа, то ці не пара таму чыноўніку пакінуць утульны кабінет і заняцца іншай, пасільнай для яго, працай?

Асабліва няздатнасць чыноўнікаў ад культуры працаваць у сучасных умовах заўважная ў нашай слаўнай сталіцы. Мяркуйце самі: за ўсю гісторыю ў Беларусі было ўсяго восем Народных паэтаў. Восем! І за 26 гадоў незалежнасці ім у Мінску не з’явілася ніводнага помніка, хоць усе яны жылі ў гэтым горадзе (помнікі Купалу і Коласу не бяром пад увагу, яны паўсталі яшчэ пры Машэраве). Прайдзіцеся па тым жа Кіеве, Маскве, Варшаве ці Празе – там усе нацыянальныя класікі стаяць у бронзе. А ў нас – звыклы адказ: грошай няма, каманды няма…

Зрэшты, калі і грошы знаходзяцца, і каманда паступае, то ў выніку часам атрымліваецца пшык. Некалькі гадоў таму, выконваючы спецыяльную пастанову ўрада (!), Мінгарвыканкам  сумесна з Мінкультам і ТАА “Трайпл” павінны былі аднавіць у Траецкім прадмесці дом, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч. І аднавілі – велічынёй з сабачую будку!

Той “дом Багдановіча” стаў адным з элементаў скульптурна-архітэктурнай кампазіцыі, якая ўяўляе з сябе малаўцямнае нагрувашчванне жалеза і граніту. У зваранай з цэльных металічных пліт іржавай сцяне, якая нагадвае турэмную агароджу, прарэзаны аўтагенам вядомыя словы паэта з “Апокрыфа”: “Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?”. Невядомы майстар разьбы па жалезе парупіўся і паўтарыў гэтае ж выслоўе па-англійску, па-руску, па-ўкраінску і па-польску. Прычым у польскую версію пракраліся памылкі. Але як іх паправіць? І напісанае пяром не высечаш тапаром, а тут – аўтагенам па жалезе…

Пад той цытадэльнай сцяной і прыляпіўся дамок Багдановіча – акурат пад рост сабакі. Яго не адразу і згледзіш у падножжы грувасткай канструкцыі, сэнс і сімволіку якой разгадаць у сістэме эстэтычных каштоўнасцяў паэта проста немагчыма. Абышоўшы яе з тылу, я пабачыў, што помнік, аказваецца, мае і прыкладную функцыю – праз яго можна трапіць у падземны гараж! У тыльны бок помніка ўбудавана вартоўня. Зразумела, што пры ёй і сабачая будка выглядае на месцы. Праз “дом Багдановіча” ў падземны гараж – якое крэатыўнае, у духу часу рашэнне! Праўда, чамусьці шанавальнікі таленту паэта абмінаюць тое нятаннае збудаванне, затое жыхарам “дома Чыжа” ёсць дзе сабак выгульваць…

Мінскім уладам павінна быць сорамна і за тое, што ў беларускай сталіцы дагэтуль не з’явіўся помнік Караткевічу. У тым жа Кіеве ёсць, а ў нас – няма. Хіба гэта нармальна?

Ці – прыклад не сталічны. У цэнтры Ліды адносна нядаўна з’явілася бібліятэка імя Янкі Купалы, а поруч з ёй – помнік… лазніку. Ну так, па суседстве з бібліятэкай – гарадская лазня, але ж і кніжны храм патрабуе свайго апостала. Толькі куды там пісьменнікам да лазніка з венікам – як трапна выказалася адна пажылая лідзянка.

Вось і застаецца беларускаму грамадству спадзявацца на такіх рупліўцаў, як Глеб Лабадзенка. Які знойдзе грошы, знойдзе скульптара, знойдзе, калі спатрэбіцца, верталёт. А так хацелася б, каб памяць аб вялікіх беларусах ушаноўвалася своечасова і па ўсёй нашай зямлі.

Каб не Глебам адзіным…

Тэмы:,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

15 снежня 2017

У Гродне ўрачыста адкрылі шыльду ў гонар Тадэвуша Касцюшкі

З нагоды 200-годдя са дня смерці Тадэвуша Касцюшкі ў фарным касцёле г. Гродна была ўрачыста адкрыта памятная дошка.
13 снежня 2017

У Мінску будзе памятная дошка народнаму паэту Рыгору Барадуліну (фота)

У Мінску будзе памятная дошка народнаму паэту Рыгору Барадуліну (1935 — 2014). Яе плануецца адкрыць на доме па вуліцы Мележа, дзе ён жыў, яшчэ да Калядаў.
24 лістапада 2017

Тры мары князя Сапегі

Калі на мяжы стагоддзяў у дзярэчынскім касцёле на Зэльвеншчыне ўсталёўвалася памятная дошка ўдзельніку паўстання 1830–1831 гадоў Яўстаху Каятану Сапегу (1797–1860), мы з сябрамі даведаліся, што ў далё