Прадстаўнік Савета Еўропы: Думаю, усё гатова да таго, каб у Беларусі адмянілі смяротнае пакаранне

22

“Спадзяюся, што ў хуткім часе Беларусь увядзе мараторый на смяротнае пакаранне, — сказаў Якумопулас. — Думаю, што да гэтага ўсё гатова. І гэта трэба зрабіць не толькі таму, што Савет Еўропы і суседнія краіны чакаюць ад Беларусі адмены смяротнага пакарання, але і беларускае грамадства гэтага годна”.

Адказваючы на пытанне, ці гатовыя беларусы прыняць адмену смяротнага пакарання, Якумопулас сказаў: “Не думаю, што беларускае грамадства горшае, чым любое іншае еўрапейскае грамадства. Смяротнае пакаранне адменена ва ўсіх краінах — членах Савета Еўропы”.

Ён падкрэсліў, што нават Канстытуцыя Беларусі прадугледжвае, што смяротнае пакаранне ў краіне будзе адменена. “І я думаю, што гэты значны крок павінен быць зроблены”, — сказаў прадстаўнік Савета Еўропы.

Паводле слоў Якумопуласа, адмена смяротнага пакарання з’яўляецца адной з прыярытэтных тэм для Савета Еўропы ў супрацоўніцтве з Беларуссю. Іншымі важнымі пытаннямі ёсць правы чалавека, забеспячэнне балансу паміж галінамі ўлады, судовая рэформа, барацьба з карупцыяй, біяэтыка. “Гэтая прыярытэтныя сферы падпісаны ў плане дзеянняў, які прымаўся Саветам Еўропы і беларускімі ўладамі”, — заявіў суразмоўца.

Пры гэтым ён адзначыў, што Савет Эўропы рэгулярна арганізуе маніторынг сітуацыі ў краінах-членах, у тым ліку па пытанні захавання правоў чалавека і вяршэнства закона. Маніторынгі праводзяцца на базе распрацаваных у Савеце Еўропы працэдур і стандартаў і з’яўляюцца асновай для далейшых ацэнак сітуацыі ў той ці іншай краіне. Паколькі Беларусь не з’яўляецца членам Савета Еўропы, то ў адносінах да яе праводзіцца абмежаваная колькасць маніторынгаў (у рамках канвенцый, да якіх краіна далучылася).

Праблемы з правамі чалавека ў Беларусі згадваліся як у некалькіх справаздачах Савета Еўропы, так і ў рэзалюцыях яго Парламенцкай асамблеі, падкрэсліў Якумопулас. “Наш маніторынгавы працэс накіраваны на тое, каб вызначыць недахопы, выявіць праблемы і дапамагчы палепшыць сітуацыю, — сказаў ён. — Галоўная роля Савета Еўропы заключаецца ў тым, каб падзяліцца вопытам правядзення рэформ для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека, вяршэнства закона. Урокі і памылкі, а таксама станоўчы вопыт іншых краін заўсёды карысныя. Думаю, што з праграмай супрацоўніцтва, якая ў нас цяпер ёсць, мы зможам папрацаваць над некаторымі праблемнымі пытаннямі, якія з’яўляюцца прыярытэтнымі і для беларускіх улад, і для Совета Еўропы”.

Якумопулас адзначыў, што за апошнія некалькі гадоў узровень супрацоўніцтва паміж Саветам Еўропы і Беларуссю значна вырас.

Падчас візіту ў Мінск ён прыняў удзел у міжрэгіянальнай канферэнцыі “Апеляцыя ў сістэме крымінальнага права: рэальнасць, тэндэнцыі і перспектывы”. Мерапрыемства было арганізавана Саветам Еўропы і Генеральнай пракуратурай Беларусі ў рамках праекта “Правы чалавека для ўсіх”.

Якумопулас сустрэўся са старшынямі Канстытуцыйнага суда Пятром Міклашэвічам і Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам, міністрам юстыцыі Алегам Сліжэўскім, кіраўніком рабочай групы Палаты прадстаўнікоў па вывучэнні смяротнага пакарання як інструменту пакарання, старшынёй пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі ПП НС Андрэем Навумовічам і старшынёй пастаяннай камісіі па заканадаўстве ПП НС Наталляй Гуйвік.

Поделиться ссылкой: