«Радасна, што нашы гарады асветленыя, многа ілюмінацыі, у касцёлах і каля касцёлаў многа ялінак… Але ці гэтага дастаткова? Калі Езуса Хрыста не будзе ў нашым сэрцы, калі мы будзем святкаваць свята толькі знешне, гэтае свята будзе такім, як многія іншыя святы — прыходзяць і праходзяць», — адзначыў кіраўнік каталіцкага касцёла ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч у сваім віншаванні.

Тадэвуш Кандрусевіч віншуе вернікаў з Раством

«Гэта свята павінна пакінуць нейкі след у сабе. Найперш след таго, што Езус нараджаецца сваёй ласкаю ў нашых сэрцах і ў нашых душах. Бог заўсёды быў з чалавекам. І кульмінацыйны момант, нараджэнне Езуса Хрыста, богаўцелаўленне — гэта той момант, аб якім паэты кажуць, што «неба пацалавалася з зямлёю». Гэта той момант, калі Бог яшчэ раз скланіўся над чалавекам, каб падняць гэтага чалавека, чалавека, які ўпаў, чалавека, які знаходзіцца ў грахоўным балоце, каб ізноў адрадзіць у ім вобраз таго, які створаны на падабенства божае.»

Увечары 24 снежня ў касцёлах пройдзе святочная імша. На галоўных беларускіх тэлеканалах у 22.10 пачнецца прамая трансляцыя святой Імшы на Божае Нараджэнне з касцёла св. Міхала Арханёла ў Івянцы. А ў 23.55 распачнецца прамая трансляцыя святочнай Імшы з Ватыкана з удзелам Папы Рымскага Францішка.