Снежань, 2017

У апошні пераднавагодні тыдзень прапаноў ад разнастайных івент-агенцтваў, індывідуальных прадпрымальнікаў і акцёраў, які гатовы падарыць свята вам і вашым дзецям, вельмі і вельмі многа. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова ўвесці адпаведны запыт у любой пошукавай сістэме на абсягах інтэрнэта. Што, уласна кажучы, мы і зрабілі.

Прапановы пасыпаліся, як з рогу дастатку, толькі паспявай адкрываць спасылкі на патрэбныя старонкі.

Пры гэтым змест віншавальных праграм разнастайнасцю не адрозніваецца. У яе ўключаны прыход Дзеда Мароза са Снягуркай, іх віншаванне. Акрамя таго, госці дадуць магчымасць расказаць ім вершы, падрыхтаваныя дзіцёнкам, дазволяць з сабой сфатаграфавацца, пры жаданні правядуць некалькі музыкальна-забаўляльных конкурсаў, паводзяць карагоды вакол ёлкі і ўручаць навагодні падарунак, прыгатаваны бацькамі для дзіцяці.

Кошты замовы гэтых персанажаў розняцца. Тут усё залежыць ад даты, на якую вы заплануеце візіт навагодніх персанажаў, а таксама ад працягласці іх візіту. Натуральна, чым бліжэй да новага года і чым даўжэй расцягнецца прыбыванне Дзеда Мароза і Снягуркі ў вашым доме, тым даражэй гэта будзе каштаваць.

Самі віншавальныя праграмы на некаторых сайтах дзеляцца на тры варыянты: “Класіка”, “Класіка+” і “Пашыраная”. Праграма “Класіка” прадугледжвае запрашэнне толькі аднаго з двух казачных персанажаў – Дзеда Мароза альбо Снягуракі. Час святочнага віншавання – 10-15 хвілін. Кошт – да 26 снежня – 30 рублёў, да 29 снежня – 37 рублёў, 30 снежня – 47 рублёў.

Калі замаўляць адзінокага Дзеда Мароза ці Снягурку напярэдадні Новага года, то тарыфы значна вырастаюць. Візіт казачнага персанажа ў вашу хату 31 снежня да 17.00 будзе каштаваць 60 рублёў. Калі вы хочаце, каб вашага дзіцёнка віншавалі і Дзед Мароз і Снягурка 31 снежня, то гэта абыдзецца ў 80 рублёў, а ў перыяд з 23.00 да 3 ночы гэта можа каштаваць 120-130 рублёў.

Увогуле дыапазон коштаў на візіты Дзеда Мароза ў Мінску вар’іруюцца ў межах ад 25 да 300 рублёў – што называецца, на любы густ і кашалёк.

Што тычыцца “моўнага пытання”, то расшукаць беларускамоўных персанажаў, з беларускамоўнай жа віншавальнай праграмай аказалася справай не простай.

— Наши актёры естественно, поздравляют детей только на русском языке», — адказаў мілы жаночы голас пасля першай жа спробы дамовіцца на прыход “свядомых Дзеда Мароза і Снягуркі. Чаму гэта “естественно”, пытанне, — хутчэй рытарычнае. Але і наступныя чатыры спробы даведацца ці існуе ў Мінску беларускамоўны Дзед Мароз поспеху не прыносілі.

Дзесьці адказвалі катэгарычным “нет”, хтосьці абацяў перазваніць, але абяцанне гэтае засталося невыкананым.

Патраціўшы хвілін 20 на дазвон, нарэшце, нам пашчасціла: “Так, у нас ёсць беларускамоўны Дзед Мароз”, — парадавалі нас у адным вядомым сталічным івент-агенцтве. – Праграма віншавання цалкам беларускамоўная. Адзінае, што ў музычным суправаджэнні могуць выкарыстоўвацца дзіцячыя песні з рускімі вершыкамі. Кошт беларускамоўнага Дзеда Мароза нічым не адрозніваецца ад паслуг яго рускамоўнага калегі. Падрабязнасці – удакладняйце на нашым сайце”.

Мы, зразумела, удакладнілі. Кошт замовы беларускамоўнага Дзеда Мароза складае 45-180 рублёў, ізноў-такі ў залежнасці ад часу яго з’яўлення на вашым парозе і варыянта святочнага віншавання.

Мы адмыслова не давалі спасылак ні на адзін з сайтаў, які прапануе падобныя паслугі. Наша мэта была простай: знайсці ў сталіцы Дзеда Мароза, які б віншаваў па-беларуску. І мы яго знайшлі. Верым, атрымаецца і ў вас…