
Вядомы фалькларыст Міхал Федароўскі ў пачатку ХХ стагоддзя запісаў гэтую народную легенду ў некалькі іншым выглядзе: “Кажуць, што як шведы ваявалі, то так веле іх было ў Ваўкавыску, што як прынеслі па адной шапцы пяску, то насыпалі гэту гару”.

“Шведскія горы” – вельмі распаўсюджаная назва ў Беларусі. Іх “з’яўленне” прыпадае на час Паўночнай вайны 1700-1721 гадоў, у выніку якой загінуў кожны трэці беларус. Гэтая лічба тым больш жудасная, калі да яе дадаць страты “невядомай” вайны з Масковіяй 1654-1667 гадоў, у выніку якой насельніцтва Беларусі скарацілася больш як напалову.

Менавіта на такім фоне вобраз “шведа” ўваходзіць у наш фальклор, атрымоўваючы чароўныя рысы. Так, з вёскі Скварцы на Койданаўшчыне паходзіць паданне пра шведскага жаўнера, які выразаў усю вёску, пакуль яго ўдалося забіць і пахаваць у адным з курганоў. Але ў курган забыліся пакласці пальчатку забітага. У выніку той да гэтага часу блукае ўначы па ваколіцах і шукае сваю пальчатку. Паводле іншай легенды, з вёскі Явар сённяшняга Дзятлаўскага раёна, калісьці тут працякала невялікая рачулка, у якой патануў сабачка жонкі шведскага ваеначальніка. Шведка так скляла ручай, заткнуўшы яго выток авечай шэрсцю і накрыўшы патэльняй, што той у выніку проста высах.

Аднак, насамрэч, на Шведскай гары – вышынёю больш за 30 метраў – жыццё кіпела задоўга да часоў войнаў са шведамі ў ХVII-XVIII стагоддзях. Яшчэ тысячу гадоў таму на ўзвышшы размяшчаўся дзядзінец старажытнага горада Ваўкавыска, да якога сёння вядуць 113 лесвічных прыступак, і на якім археолагі выявілі шматлікія прадметы ўзбраення, найперш рыштунку воіна-конніка і баявога каня. Побач, аддзеленае шырокім ровам, знаходзіцца Замчышча, дзе калісьці быў вакольны горад.
На Замчышчы былі знойдзены рэшткі так і недабудаванага храма, побач з якім заснавальнік Гродзенскага музея, археолаг Юзаф Ядкоўскі ў 1925 годзе адкрыў склад старажытнай плінфы. Таксама была адкапаная і вялізная яма з вапнай, слой якой дасягаў больш метра глыбінёй. Яна праляжала тут 800 гадоў! А ў дадатак – шматлікія вырабы з рога і косці, жалеза і сталі, сярэбраныя, бронзавыя і шкляныя ўпрыгожванні, арабскі дырхем, пражскія грошы, візантыйская манета…

Ваўкавыск быў адным з тых гарадоў Панямоння, які стаяў ля вытокаў Вялікага княства Літоўскага і за які ў сярэдзіне ХІІІ стагоддзя вялося актыўнае змаганне з Галіцка-Валынскім княствам, супернікам ВКЛ. У Ваўкавыску быў свой князь Глеб, які ў 1256 годзе ўзгадваецца разам з навагародскім Раманам і свіслацкім Ізяславам як удзельнікі пахода на яцвягаў. Жыццё кіпела тут да часу, пакуль мяжа ВКЛ не пасунуліся далей на захад, і патрэба ва ўмацаваным паселішчы проста адпала. Сам горад Ваўкавыск пасля таго перамясціўся на берагі рэчкі Ваўкавыя.

Яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя польскія гісторыкі М. Баліньскі і Т. Ліпіньскі пісалі, што за межамі Ваўкавыска маюцца рэшткі замку часоў Вялікага княства. Пра іх жа пісалі рускі інжынер П. Баброўскі і стваральнік археалагічнай карты Гродзенскай губерні Ф. Пакроўскі. Да сёння ад старога “замку” не захавалася нічога. Але ў ХХ і пачатку ХХІ стагоддзяў тут актыўна вяліся археалагічныя даследаванні, апошнім часам перамясціўшыся на ўзвышша на захад ад Замчышча.

Менавіта на гэтым узвышшы ў сярэдзіне 2000-х здарылася недарэчная гісторыя: былі знойдзены чалавечыя косткі, якія палічылі парэшткамі часоў Вялікай Айчыннай вайны і нават перазахавалі. Толькі пасля ўмяшальніцтва сапраўдных археолагаў высветлілася, што знойдзеныя косткі старэйшыя на больш чым паўтысячагоддзя і адносяцца да старажытнага Ваўкавыску. Некалькі сезонаў праводзіліся археалагічныя раскопкі, падчас якіх быў выяўлены гарадскі могільнік, у тым ліку пахаванні з пацеркавымі скроневымі кольцамі часоў старажытных славян.

Для гэтых маляўнічых мясцін час быццам спыніўся. Сёння яны адасобленыя ад гарадскога жыцця, якое дабралася толькі да іх подступаў паўзакінутымі савецкімі пабудовамі ды абрысамі выпраўленчай калоніі № 11, якая са Шведскай гары відаць як на далоні.

У гэтым шэрагу прыемна вылучаюцца мелавыя кар’еры, якія ўжо паспелі ператварыцца ў азёры, і дзе ўлетку любяць адпачываць мясцовыя жыхары.
Гэты цікавы аб’ект на мапе Беларусі мог бы стаць важкай турыстычнай кропкай, пры тым што адсутнічае праблема да яго дабрацца – у пары кіламетрах размяшчаюцца чыгуначны і аўтобусны вакзалы. Тут можна было б ладзіць сапраўдныя рыцарскія спаборніцтвы! Але пакуль што выпадковы падарожнік можа толькі слухаць легенды даўніны і пранікацца спакоем Шведскай гары.
