…У выхадны дзень на “барахолцы” ў Ждановічах з казачнай назвай “Поле цудаў”, што называецца, не прапіхнуцца. Ля ўваходу на гэты “блышыны рынак”  прадаўцы трашчаць электрашокерамі, прапаноўваюць каву і курагу па “смешных цэнах” і запрашаюць купіць парфуму “з сапраўдным французскім водарам”. Затым вы робіце яшчэ некалькі крокаў – за агароджу вышэйзгаданага “поля” – і… быццам пералятаеце на машыне часу на некалькі дзесяцігоддзяў (а то і стагоддзяў) у мінулае. На гэтым рынку патрыманых рэчаў можна купіць практычна ўсё – ад відэльцаў і лыжак, якія вырабілі яшчэ пры Хрушчове, да самавара 1870 года.

Гандляры падзелены паміж сабой на “эліту” і “земляных”. Першыя працуюць за прылаўкамі і пад навесамі, таму дрэннае надвор’е іх не так страшыць, як тых, хто прадае тавар з зямлі і пад адкрытым небам. Дарэчы, тут рухавік гандлю – менавіта “нябесная канцылярыя”.

– Дрэннае надвор’е – няма пакупніка, – тлумачыць мне Анатоль Пятровіч, які прадае тавар на рынку апошнія два гады. – Няма пакупніка – няма прыбытку.

На подсцілцы ў яго – розныя іржавыя ключы, ручкі для дзвярэй, цвікі, нейкія старыя маторы невядома да чаго і шмат чаго іншага.

– У вёсцы ў гаражы ўжо месца няма для гэтага барахла, – тлумачыць мне суразмоўца, чаму ён тут. – Натуральна, можна было б проста выкінуць на якую-небудзь сметніцу альбо здаць на металалом, але ж там зусім капейкі даюць. Больш на бензін патраціш, пакуль адвязеш у горад. Сам я зараз на пенсіі, часу хапае, таму мне нескладана паўдня ў суботу і нядзелю правесці на “полі”. І ўсім жа добра: я не выкіну той самы непатрэбны мне ключ, а атрымаю за яго нейкую капейку, а таму чалавеку, хто купіць у мяне, не трэба пераплачваць. Тут жа ўсё ў разы танней, чым у магазіне.

Анатоль Пятровіч распавядае, што пенсіянерам за месца плаціць не трэба, і асноўны кантынгент сярод прадаўцоў – менавіта яны.

– Цэлы дзень я сяджу з сямі раніцы да трох гадзін дня, – распавядае ён пра свой працоўны графік. – І толькі ў выхадныя, бо ў будныя дні тут наогул пуста. Колькі можна нагандляваць за дзень? Да 100 рублёў – больш у мяне не было.  Сёння, напрыклад, у мяне ключы купілі і кранштэйн, так што 10–20 рублёў ёсць, каб схадзіць у магазін. А вось побач чалавек стаіць –пакуль наогул капейкі не атрымаў. Так што дзень на дзень не падобны.

– А самавар у вас працуючы? – цікаўлюся ў гандляра.

– Не, але ж зараз модна лецішчы ды катэджы афармляць у старым стылі. Таму ў руках добрага дызайнера і стары самавар, і грамафон знойдуць прымяненне.

Дарэчы, непадалёку і насамрэч прадаюць працуючыя самавары – самы сапраўдны антыкварыят. Калі верыць прадаўцам, то зроблены яны ў 1870 годзе. Кошт – каля 250 долараў. А вось самавар савецкіх часоў, які блішчыць латунню,  каштуе ў два с паловай разы танней  – 100 “зялёных”.

Як за рубель купіць 100 тысяч рублёў

– Ку-у-уплю-прадам грошы, ку-у-уплю-прадам грошы! – як фазан у шлюбны перыяд раве на ўвесь рынак мужчына, абвешаны, бы ёлка, рознымі манетамі і папяровымі купюрамі.

– Колькі 100-тысячная купюра каштуе? – пытаюся ў прадаўца і з настальгіяй успамінаю нядаўнія часы, калі я быў мільянерам.

– Усяго рубель. Дзе ты яшчэ 100 тысяч купіш за рубель?! – бачна, што чалавек з гумарам.

Сяргей, які прадае фарфоравыя статуэткі, шчыра распавядае мне пра свой маленькі бізнес.

– Раней інжынерам працаваў, але заробкі былі такія, што ад жонкі ў свой бок чуў толькі кпіны. А тут выпадак надарыўся: неяк паехаў у вёску да маці, тая распавяла, што суседка хоча прадаць фарфоравыя статуэткі. Усё роўна старой жанчыне яны не патрэбны, а нейкая капейка не перашкодзіць. А пасля я зразумеў, што гэта добры бізнес. Таму езджу па вёсках, скупляю стары фарфор і на рынку яго прадаю. Праўда, у апошні час працаваць усё складаней. Не адзін я такі разумны.

Мой суразмоўца не распавядае, за колькі купляе ў бабулек тавар, але на рынку яны каштуюць не вельмі ўжо і танна – ад 50 да 110 долараў.

Зрэшты, тут можна знайсці любы тавар па любой цане. Савецкія канькі за 8 рублёў, шуба з лісы – за 20, джынсы – за два 2 рублі, процівагаз за 5 рублёў і туфлі за 50 капеек – усё гэта рэальнасць. Сапраўднае поле цудаў…