Вабішчэвіч, жыхар Пінска: «Спадзяюся, Міністэрства фінансаў знойдзе спосаб, як спагнаць гэтую суму з пінскіх міліцыянтаў…»

7

З пункту гледжання здаровага сэнсу, нічога асаблівага тут няма – звычайная практыка ў прававой дзяржаве. Але ў нашых рэаліях гэта амаль сенсацыя.

Пракурор Краўчук быў не згодны з рашэннем, які суд вынес па грамадзянскім іску жыхара Пінска Андрэя Вабішчэвіча аб кампенсацыі шкоды, прычыненай яму з-за неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў Пінскага гарадскога аддзела ўнутраных спраў. Паводле рашэння суда, Вабішчэвічу павінны былі вярнуць грошы, якія ён выдаткаваў на паслугі адваката і аплату дзяржпошліны пры падачы іскавай заявы. Адвакат яму спатрэбіўся для яшчэ аднаго судовага працэсу, які па ініцыятыве Пінскага ГАУС адбыўся раней. У гэтым працэсе Вабішчэвіч даказаў, што супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі ў дачыненні да яго незаконна, а калі называць рэчы сваімі імёнамі, то проста сфабрыкавалі пратакол, а потым яшчэ і лжэсведчылі.

Гэта гісторыя разгортвалася наступным чынам.

Яшчэ ў сакавіку, калі па ўсёй Беларусі пракаціліся пратэстныя акцыі “недармаедаў”, Андрэя Вабішчэвіча затрымалі ў Пінску недалёка ад плошчы Леніна каля магазіна керамічнай пліткі. На плошчы ў той момант праходзіла акцыя пратэсту. Супрацоўнік ГАУС даставіў Вабішчэвіча ў аддзяленне міліцыі, але пазней яго адпусцілі без складання пратакола, заявіўшы, што гэта было не затрыманне, а просьба праехаць у ГАУС для высвятлення асобы. Пра інцыдэнт Андрэй Вабішчэвіч, напэўна, хутка забыўся б, але раптам яго зноў выклікалі ў аддзяленне. І цяпер ужо іншы супрацоўнік міліцыі прад’явіў Вабішчэвічу пратакол, з якога вынікала, што Андрэй браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, што пацвярджаецца паказаннямі двух сведак, і яго за гэта будуць судзіць.

Але ў судзе Вабішчэвіч змог даказаць, што ў пазначаны ў пратаколе час не мог знаходзіцца на плошчы Леніна сярод пратэстоўцаў, г.зн. грамадскі парадак ён не парушаў, а ўчастковы міліцыянт, які складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, не правёў належнай папярэдняй праверкі, таму далейшыя яго дзеянні былі неабгрунтаванымі і незаконнымі. Рашэнне суда было вынесена на карысць Вабішчэвіча: справу закрылі за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння.

Атрымаўшы рашэнне суда на рукі, Андрэй Вабішчэвіч справядліва вырашыў спагнаць з Пінскага ГАУС судовыя выдаткі: 360 рублёў за паслугі адваката. І 30 кастрычніка суд вынес рашэнне спагнаць на карысць Вабішчэвіча гэтую суму, а таксама 18 рублёў па аплаце дзяржпошліны з казны Рэспублікі Беларусь.

Калі, здавалася, справядлівасць перамагла, стала вядома, што пракурор Пінскай міжраённай пракуратуры Краўчук вынес касацыйны пратэст на рашэнне суда. Пракурор прасіў адмяніць судовае рашэнне, а справу накіраваць на новы разгляд з новым складам суда. Якія ў пракурора былі аргументы? Як адзначалася ў пратэсце: «У матэрыялах дадзенай грамадзянскай справы няма якога-небудзь акта дзяржаўнага органа, які пацвярджае незаконнасць дзеянняў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў пры складанні пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Вабішчэвіча А.Г.».

Атрымлівалася, што пракуратура не палічыла рашэнне суда дакументам дзяржаўнага органа.

Учора ў Брэсцкім абласным судзе разглядаўся пратэст пракуратуры. Суд яго не задаволіў і пакінуў рашэнне Пінскага раённага суда ў сіле.

– Безумоўна, я рады такому рашэнню, – кажа Андрэй Вабішчэвіч. – У нейкім сэнсе гэта прэцэдэнт, таму што, па сутнасці, я запатрабаваў кампенсацыю за праколы міліцыі. Але хто будзе мне выплачваць грошы? Па рашэнні суда – дзяржаўная казна, то бок Міністэрства фінансаў. І, напэўна, дзяржава мне верне грошы. Але наколькі гэта правільна? Чаму Мінфін павінен плаціць са сваёй кішэні за прамашкі ў працы канкрэтных людзей – супрацоўнікаў Пінскага ГАУС? Участковага Дзмітрыя Андрайчука, які склаў пратакол, міліцыянераў Пабярэжнага і Маразоўскага, якія ілжэсведчылі, двух супрацоўнікаў АБЭП Філюка і Тарасюка, якія хлусілі ў судзе, што нібыта бачылі мяне на плошчы сярод пратэстоўцаў. А таксама міліцыянера Крэйдзіча, які адмаўляўся ў судзе ад таго, што вёў апытанне, калі мяне затрымалі каля крамы і вызначалі маю асобу – а менавіта гэта пацвярджала той факт, што я не мог быць сярод пратэстоўцаў.

Спадзяюся, Міністэрства фінансаў знойдзе спосаб, як спагнаць гэтую суму з Пінскага ГАУС альбо канкрэтна з пінскіх міліцыянераў!

Поделиться ссылкой: