Ці павінна Беларусь адмовіцца ад Алімпіяды?

16

Бо, на яго думку, Міжнародны алімпійскі камітэт цкуе Расію па палітычных матывах.

Мы звярнуліся да беларускіх спартсменаў, спецыялістаў і палітыкаў з пытаннем:

“Ці падтрымліваеце вы ініцыятыву расійскага дэпутата Віталя Мілонава?”

Аляксандр СЫМАН, былы біятланіст:

– Я не разумею такую пастаноўку пытання. Расія – гэта Расія, а Беларусь – гэта асобная суверэнная дзяржава. Спартсмены чатыры гады рыхтуюцца да гульняў, дык чаму палітыкі павінны вырашаць, каму можна ехаць на Гульні, а каму трэба заставацца дома? Я ўвогуле выступаю за тое, каб спорт заставаўся па-за межамі палітыкі.

Андрэй АРАМНАЎ, алімпійскі чэмпіён па цяжкай атлетыцы:

– Мне падаецца, гэты чалавек наогул не павінен быў адкрываць рот з такой нагоды. Хто такі расійскі дэпутат Мілонаў і якое дачыненне ён мае да незалежнай Беларусі? Хутка мы ў сябе і газ знойдзем, і нафту, так што яшчэ больш незалежнымі станем. А можа, яшчэ і алмазы адкапаем…

Святлана ЦІМАШЭНКА, чэмпіёнка свету па самба:

– Як кажуць, сяброўства сяброўствам, а тытунь у кожнага свой.

Уладзімір ПАРФЯНОВІЧ, трэнер, трохразовы алімпійскі чэмпіён па веславанні на байдарцы:

– Я не разумею: навошта абмяркоўваць ідыёцкія прапановы чалавека, які наогул нічога не разумее ў спорце? Разумны такога не прапанаваў бы. Некаторыя спартсмены рыхтуюцца да Алімпіяды, можа быць, нават не чатыры гады, а ўсё жыццё, а нейкі Мілонаў будзе прымаць рашэнне за іншых людзей у іншай краіне. Ды гэтым самым ён плюнуў у душу ўсім беларускім спартсменам! А Расіі, калі падабаецца трымаць такіх дурняў у Дзяржаўнай думе, то няхай яны там самі сабе і робяць прапановы.

Аляксандр КУЛЬ, менеджар баскетбольнага клуба “Цмокі-Мінск”:

– Спартсмены нікому і нічога не павінны. Іх справа – трэніравацца і выступаць, але ж спорт і палітыка настолькі перапляліся, што сёння ў нас хакеістаў ужо накіроўваюць на чэмпіянат свету, як на вайну. Гэта дзяржава адпраўляе алімпійцаў на Гульні, таму, калі было б прынята палітычнае рашэнне не ехаць, то так яно і здарылася б. Іншая справа, што спартсмену заўсёды вельмі крыўдна не патрапіць на Алімпіяду. І дзеля чаго?

Дзяніс САДОЎСКІ, адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”:

– Віталь Мілонаў – гэта яшчэ той клоўн, таму ўсе яго прапановы можна ацэньваць хіба што толькі ў цыркавым жанры. Некаторыя расійскія спартсмены зганьбілі сябе на ўвесь свет допінгавымі скандаламі, таму няхай дзякуюць, што іх дапусцілі на Алімпіяду хаця б у неафіцыйным фармаце. Разбірайцеся са сваімі праблемамі самі. А ў беларусаў і сваіх хапае.

Аляксандр ЯФІМАЎ, трэнер па лёгкай атлетыцы:

– Беларусь, Казахстан, Кыргызстан – незалежныя дзяржавы. Чаму нехта павінен адмаўляцца ад Алімпіяды? Калі мы знаходзімся ў залежнасці ад расійскіх нафты ці газу, то і ад Гульняў павінны адмаўляцца? Калі, скажам, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця дае Беларусі некалькі мільёнаў долараў, то беларускія спартсмены нешта і Еўропе вінаватыя?  Таму не трэба блытаць боб з гарохам. У вас – свае спартсмены, у нас – свае. Калі зборную Балгарыі па цяжкай атлетыцы дыскваліфікавалі, то я не чуў, каб нехта за іх “падпісаўся” і адмовіўся ад удзелу ў спаборніцтвах.

Поделиться ссылкой: