Прыватным клінікам могуць дазволіць набіраць лекараў без першай ці вышэйшай катэгорыі

16

Праблему падняла на сустрэчы дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага (БСПН), член Савета па развіцці прадпрымальніцтва Жанна Тарасевіч. “Карыстаючыся выпадкам, што ўказ (аб ліцэнзаванні. — БелаПАН.) яшчэ не падпісаны, прашу звярнуць увагу на палажэнне аб лiцэнзаваннi медыцынскай дзейнасцi i адмяніць норму, якая патрабуе толькі ў прыватных арганізацый аховы здароўя наяўнасці ў штаце лекараў толькі першай і вышэйшай катэгорый”, — сказала Тарасевіч, паведамляе БелТА.

На яе думку, гэтае палажэнне не толькі дыскрэдытуе дыпломы маладых спецыялістаў, але і дэвальвуе сістэму адукацыі і дзяржаўных устаноў аховы здароўя.

Лукашэнка ў адказ заўважыў, што такія прапановы гучалі не раз. “Не хачу браць пад сумненне прысваенне катэгорый, але бываюць выпадкі, калі вышэйшая катэгорыя побач не стаіць з выпускніком ВНУ. Няхай сам наймальнік, які бярэ маладога лекара да сябе, за яго нясе адказнасць. Таму я вас у гэтым гатовы падтрымаць, як і ў многім іншым — калі гэта будзе прымальна пры фарміраванні новага парадку ліцэнзавання”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Патрабаванне, згодна з якім у арганізацыі павінны працаваць толькі спецыялісты з медыцынскай адукацыяй, што маюць першую або вышэйшую квалiфiкацыйную катэгорыю, было ўведзена ў Беларусі ўказам прэзідэнта і набыло моц 1 сакавіка 2016 года. Прадстаўнікі бізнес-супольнасці крытыкавалі новаўвядзенне, папярэджваючы аб яго негатыўных наступствах, і перш за ўсё пра масавае звальненне работнікаў прыватных медцэнтраў.

У кароткатэрміновай перспектыве, казалі яны, звальненне персаналу пацягне скарачэнне выручкі і даходаў прыватных медыцынскіх арганізацый, памяншэнне падатковых паступленняў, рост пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах, банкруцтва і закрыццё часткі малых і мікраарганізацый. У сярэднетэрміновай перспектыве пачнецца ператок лекараў першай і вышэйшай катэгорый у прыватны бізнес, а некаторыя медработнікі без катэгорыі, верагодна, мігруюць у краіны блізкага замежжа. Рэзка зменшацца інвестыцыі ў медыцынскія арганізацыі. У доўгатэрміновай перспектыве, улічваючы, што ў дзяржустановах будуць працаваць пераважна медработнікі без катэгорыі або больш нізкай катэгорыі, у грамадства можа з’явіцца негатыўнае стаўленне і недавер да якасці іх паслуг. Усё гэта ў сукупнасці адмоўна адаб’ецца як на напаўненні, так і на выдатках бюджэту ў частцы аховы здароўя, а таксама на экспарце медыцынскіх паслуг, каментавалі указ прадстаўнікі БСПН.

Поделиться ссылкой: