Анкалогія – вялікая праблема для Беларусі. Хаця сучасная і своечасовая дыягностыка дазваляе выявіць захворванне на ранніх стадыях і такім чынам зніжае смяротнасць ад раку, пытанне анкалагічных захворванняў па-ранейшаму стаіць востра для беларусаў.

Як жыць далей, пачуўшы з вуснаў спецыяліста дыягназ – “рак”? Чаму анкалагічнае захворванне з’яўляецца крызіснай падзеяй ў жыцці пацыента і яго сям’і?

Хто і як можа дапамагчы ў пераадоленні крызіснай сітуацыі?

– Пры дапамозе спецыялістаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі мы пачалі весці працу ў накірунку таго, каб чалавек, якога выпісваюць з анкадыспансера, не адчуваў сябе кінутым  і адзінокім адразу пасля выпіскі, – распавядае дырэктар сацыяльна-асветніцкай установы “Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў “У імя жыцця” Ірына Жыхар. – У 2011 годзе на базе паслядыпломнай адукацыі быў набраны першы курс, на якім навучаліся 16 спецыялістаў. 12 з іх прадстаўлялі рэгіёны Беларусі. Але, трапіўшы да анкалагічных хворых, большасць з гэтых псіхолагаў сказалі: мы не гатовыя працаваць з гэтымі людзьмі. І гэта не азначае, што гэтыя псіхолагі – дрэнныя як спецыялісты. Проста яны аказаліся не гатовыя дапамагаць менавіта гэтай групе пацыентаў. На сённяшні дзень, з тых 16-ці працуюць толькі двое.

У нашай краіне, у адрозненне ад суседняй Літвы, пакуль няма спецыяльнай асацыяцыі, якая б аб’ядноўвала анкапсіхолагаў. І тады мы паспрабавалі вырашыць праблему іншым шляхам: псіхолагі, якія будуць працаваць з хворымі на рак людзьмі, абавязкова павінны кантактаваць з урачамі-анколагамі, а таксама з прафесійнымі ўрачамі-псіхіятарамі і псіхатэрапеўтамі. У РНПЦ анкалогіі ёсць псіхалагічная служба, якая гатова рыхтаваць псіхолагаў менавіта для працы з людзьмі, хворымі на рак.

— Іншымі словамі, спецыялісту важна зразумець, як пачувае сябе пацыент, хворы на анкалогію?

— Абсалютна. Сёння, пры распрацоўцы комплекснай рэабілітацыі анкалагічна хворага пацыента, з’явіўся тэрмін – “якасць жыцця”. Вельмі важна лячыць чалавека, але не менш важна разумець, як ён сябе адчувае пры гэтым пісхалагічна. Калі чалавек адчувае ўпэўненасць у заўтрашнім дні – доктару прасцей з ім камунікаваць. Пацыент успрымае ўсё правільна і не адмаўляецца ад лячэння.

Хаця тыдзень таму ў нашу арганізацыю пазваніў малады чалавек – спартсмен, які адмовіўся ад лячэння сваёй хваробы толькі з-за таго, што нешта там прачытаў… Але, паколькі ён недасканала валодае англійскай мовай, то інфармацыю ён успрыняў зусім неправільна. Чалавек прыняў рашэнне, якое яму шкодзіць, толькі з-за таго, што ён не давярае медыкам. І ў гэтым выпадку важна, што медыцынская навука робіць крок на сустрач гуманітарнай навуцы.

Кіраўнік псіхалагічнай службы РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі – урач псіхатэрапеўт Екацярына Авяркова ў сваю чаргу сказала:

– Адзначу, што ў мінулым годзе наш цэнтр атрымаў ліцэнзію на адукацыйную дзейнасць. Мы адкрыем курс, пасля заканчэння якога урачы-пісхатэрапеўты, урачы-псіхіятары атрымаюць веды і практычныя навыкі для таго, каб працаваць з анкалагічна хворымі людзьмі. Гэты курс будзе добраахвотным. А далей, як я гэта бачу, хацелася б, каб такія спецыялісты працавалі на ўсіх узроўнях.

— Ці ёсць нейкія практычныя парады наконт таго, як правільна ўспрымаць дыягназ? Іншымі словамі, што рабіць, калі лекар кажа: “У вас рак.”.

Няма дакладнага адказу на гэтае пытанне. Усе людзі розныя і нават калі доктар ці псіхолаг з адной інтанацыяй вымавіць гэтую фразу, то кожны пацыент зрэагуе па-рознаму. Таму правільна ў гэтым выпадку ўсё: раззлавацца, быць у адчаі, расплакацца, маўчаць нікому нічога не гаворачы ці распавесці пра сваю хваробу усім. Любая рэакцыя правільная. Важна іншае: каб у чалавека, які сутыкнуўся з гэтай хваробай, была інфармацыя – куды пайсці далей, куды рухацца, што рабіць. За адзін толькі дзень праз нашую паліклініку праходзяць сем соцень чалавек – і далёка не кожны ведае, што можна звярнуцца па дапамогу пісхолага. Але людзі павінны пра гэта ведаць. Таму першы крок, які мы ў бліжэйшы час зробім: гэта размесцім адпаведную інфармацыю на сайце РНПЦ. З часам яна будзе абнаўляцца і дапаўняцца. Анкалогія – такая хвароба падчас якой чалавеку важна ведаць, што ён не адзін, што яму гатовы дапамагчы…