21 ліпеня Магілёўскі абласны суд прызнаў фігурантаў справы Сямёна Беражнога, а таксама мужа і жонку Ігара і Таццяну Гершанковых вінаватымі ва ўчыненні забойстваў і ў падрыхтоўцы да забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або знішчэнні дакументаў. Гершанковы таксама прызнаныя вінаватымі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропных рэчываў (захоўванне без мэты збыту). Чацвёрты фігурант справы — Барыс Калеснікаў — абвінавачаны ў разбоі, дапамаганні пры ўчыненні забойства і пры выкраданні чалавека.

Беражнога і Ігара Гершанкова аблсуд прыгаварыў да смяротнай кары, Таццяну Гершанкову — да 24 гадоў пазбаўлення волі, Калеснікава — да 22 гадоў і аднаго месяца зняволення.

Паводле інфармацыі Вярхоўнага суда, забойствы ўчыняліся з 2009 па 2015 год. У справе шэсць эпізодаў пазбаўлення жыцця ўладальнікаў кватэр, якія пад націскам абвінавачваных і будучы пастаўленымі імі ў складаныя жыццёвыя сітуацыі прадавалі жыллё пад кантролем фінансавых разлікаў падсуднымі.

Як паведамляў раней ВС, непасрэдна перад заключэннем здзелкі абвінавачваныя вызначалі месца будучага пахавання ахвяры на адных з сельскіх могілак Магілёўскага раёна і вобласці, знаходзілі капальнікаў магіл, набывалі пахавальную атрыбутыку.

Перад крадзяжом маёмасці і забойствам члены арганізаванай групы ўводзілі пацярпелых у стан глыбокага сну, падмешваючы ў спіртныя напоі клафелін. Затым ахвяру жорстка забівалі — душылі, надзявалі на галаву поліэтыленавы пакет, абмотвалі скотчам і адвозілі для пахавання ў загадзя выкапаную магілу.

Выступаючы з апошнім словам у судзе, Гершанкоў і Беражной прасілі не пазбаўляць іх жыцця, а Гершанкова і Калеснікаў — вынесці больш мяккае пакаранне. Усе падсудныя прасілі аб прабачэнні.

Пасля вынясення прысуду Таццяна Гершанкова заявіла: «Мяне асудзілі па тых злачынствах, да якіх я ніякага дачынення не маю». Пра гэта ж яна казала і пры разглядзе апеляцыі ў Вярхоўным судзе.

Падчас слуханняў у ВС Беражной спачатку дэманстраваў поўную абыякавасць да таго, што адбываецца ў судзе, а затым нечакана заявіў, што хоча быць пакараным, нягледзячы на просьбу ў скарзе змякчыць пакаранне. Ён таксама заявіў, што абгаварыў Таццяну Гершанкову ў судзе першай інстанцыі.

У прыгавораных да расстрэлу засталася магчымасць прасіць аб памілаванні ў прэзідэнта. Гэта можна зрабіць на працягу 10 сутак пасля атрымання копій прысуду.

Такім чынам, у 2017 годзе ў Беларусі вынесена ўжо тры смяротныя прысуды. Акрамя фігурантаў справы «чорных рыэлтараў» у сакавіку Гомельскі абласны суд прыгаварыў 32-гадовага Аляксея Міхаленю да пакарання смерцю за забойства двух чалавек з асаблівай жорсткасцю.

Яшчэ адзін смяротны прысуд сёлета быў прыведзены ў выкананне — у пачатку мая стала вядома аб расстрэле 34-гадовага Сяргея Вострыкава, асуджанага на смяротнае пакаранне за жорсткае забойства дзвюх жанчын, згвалтаванне і выкраданне.

Цяпер, паводле дадзеных праваабаронцаў, у чаканні пакарання знаходзіцца 39-гадовы жыхар Мазыра Кірыл Казачак, абвінавачаны ў забойстве двух уласных дзяцей.

За апошнія 20 гадоў у Беларусі было расстраляна больш за 400 прыгавораных да вышэйшай меры пакарання. Толькі адзін з асуджаных быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.

Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, дзе прымяняюць смяротнае пакаранне. Менавіта з гэтай прычыны яна не ўваходзіць у Савет Еўропы.