Метады працы савецкіх камітэтчыкаў ніколі не адрозніваліся далікатнасцю. Гэтая абрэвіятура для многіх беларусаў па-ранейшаму застаецца сінонімам рэпрэсій на ўзроўні генетыкі.

На вялікі жаль,і  на сённяшні дзень рэпрэсіўная машына КДБ выкарыстоўваецца ў Беларусі для падаўлення іншадумства.

Так было, напрыклад, пасля падзей Плошчы-2010 годы, калі некаторыя кандыдаты ў прэзідэнты былі кінутыя ў сумнавядомую “амерыканку” – унутраную турму беларускага КДБ.

Адным з тых, хто апынуўся там пасля прэзідэнцкіх выбараў сямігадовай даўніны, быў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыя “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

У размове з карэспандэнтам “Народнай Волі” ён распавядае пра метады работы камітэта і адказвае на пытанне, што было самым цяжкім для яго падчас знаходжання ў турме КДБ.

— Пра метады працы беларускага КДБ нічога добрага сказаць і ўзгадаць не магу, — прызнаецца Рымашэўскі.  Я сутыкнуўся з траўляй і правакацыямі. Самым цяжкім, асабіста для мяне, пад час знаходжання там былі некалькі рэчаў. Першая і самая галоўная – гэта траўля маёй сям’і. Гэта былі начныя тэлефанаванні да маіх блізкіх у якіх гучалі непрыхаваныя пагрозы. Прама на допытах мне ў вочы казалі, што: “Мы зробім з тваёй сям’ёй усё, што захочам”. Казалі пра гэта і следчыя, і тагачаснае кіраўніцтва КДБ. Ведаеце, знаходзячыся там, ты верыш, што гэта не жарты. Складаецца такое адчуванне, што ты, уся твая сям’я знаходзіцца пад іх уладай, і насамрэч яны гатовыя зрабіць усё што заўгодна. Канечне, гэта палохала, я вельмі перажываў за сваю жонку. Перажываў і за сваю дачку, якой на той момант было паўтары гады.

Другі момант, на які я звярнуў бы ўвагу – гэта тое, што па выхадзе з засценкаў КДБ я чуў абвінавачанні ў свой адрас. Абвінавачанні стандартныя – за “супрацу” з КДБ. Логіка “абвінаваўцаў” была наступная: раз Рымашэўскі выйшаў, значыць – пагадзіўся супрацоўнічаць з КДБ. Такія абвінавачанні было цяжка чуць пісхалагічна. Іх падхоплівалі пэўныя грамадскія дзеячы, некаторыя журналісты.

Увесну 2012-га года, праз паўтара гады пасля падзей 19 снежня 2010, я разам з Анатолем Лябедзькам і Сяргеем Калякіным ехаў цягніком у Маскву. З Беларусі ў расійскую сталіцу даехаў я адзін, маіх папутчыкаў знялі з цягніка. Тады пачалося цкаванне, што, маўляў, Рымашэўскага выпусцілі, бо ён супрацоўнічае з “камітэтам”. Многія гэта падхапілі. Хаця было зразумела, што такія паводзіны спецслужбаў – правакацыя, якая была разлічана менавіта на тое, што з-за гэтага выпадку ўздымецца негатыўная інфармацыйная хваля вакол майго імя…