З музыказнаўцаў – у пчаляры

31

Карысць ад гэтага прыроднага прадукту і яго “вытворцаў” значна большая, чым мы можам нават сабе ўявіць. Пра гэта “Народнай Волі” распавёў Сяргей Іванавіч Мыцько, намеснік старшыні праўлення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускія пчаляры”.

Сяргей Мыцько паводле адукацыі музыказнаўца, вучань выдатнага педагога і вучонага, прафесара, доктара мастацтвазнаўства Ларысы Піліпаўны Касцюкавец. Пачынаў працоўную дзейнасць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, затым доўгі час працаваў на заводзе і ў страхавой кампаніі. А пяць гадоў таму яго запрасілі ў арганізацыю “Беларускія пчаляры”.

– Адкуль у вас такое захапленне пчоламі?

– З пчоламі маё жыццё звязана з дзяцінства. Адзін з першых успамінаў – гэта як бацька даў у рукі дымар. Я дапамагаў чысціць рамкі, вуллі. Разам віравалі мёд, лячылі пчол, кармілі іх на зіму, уцяплялі, тапілі воск. А напярэдадні пенсіі бацьку (ён працаваў у сельгаспрадпрыемстве) прапанавалі ўзяць пад апеку яшчэ і калгасную пасеку. У выніку тата пры маёй дапамозе па выхадных днях павялічыў яе з шасці пчоласем’яў да ста дваццацi. Да таго ж былі яшчэ і свае пчолы. Так што практыка ў мяне нядрэнная. Замацаваў яе ў тэхнікуме пчалярства ў Пшчэляй Волі (Польшча), дзе ў 2014 годзе набыў адпаведную адукацыю. Атрыманыя веды і ўласны досвед прымяняю ў асабістым пчальніку і ў грамадскім аб’яднанні “Беларускія пчаляры”.

З музыказнаўцаў – у пчаляры

А што гэта за арганізацыя?

– “Беларускія пчаляры” аб’ядноўваюць каля 900 пчаляроў з усёй краіны. Дапамагаем ім атрымаць сучасныя веды, асвоіць новыя тэхналогіі пчалярства і, вядома, прапагандуем гэты від дзейнасці. Старшынёй праўлення арганізацыі з’яўляецца Міхаіл Міхайлавіч Халадзінскі, які таксама ўзначальвае Саюз беларускіх пчаляроў.

– Дык чаму мёд такі карысны?

– Ён карысны хворым і здаровым, таму што, каб засвоіць яго, арганізму не патрабуецца столькі намаганняў, як на перапрацоўку цукру. Ды і эфект у шмат разоў лепшы. Мёд цалкам засвойваецца чалавекам і перадае энергію яго нервовай сістэме і мышцам. У складзе мёду ўтрымліваюцца амінакіслоты, у тым ліку незаменныя. Яны ўдзельнічаюць у сінтэзе бялку, недахоп іх можа выклікаць парушэнне абмену рэчываў, запавольванне росту. Станоўча ўплываюць на працу чалавечага арганізму макра- і мікраэлементы, якія ёсць у мёдзе. Ферменты, якімі пчолы ўзбагачаюць мёд, дапамагаюць лепшаму працяканню фізічных і хімічных працэсаў у нашым целе. Мёд добра загойвае раны, выводзіць адпрацаваныя і шкодныя рэчывы, здымае напружанне, павышае імунітэт.

ДА ВЕДАМА

Некалькі парад ад Сяргея Мыцько

– Калі я скажу: “Пчаляры! Хопіць прадаваць мёд!” – вы закідаеце мяне тухлымі яйкамі і гнілымі памідорамі. Таму я звяртаюся да калег: “Пчаляры! Хопіць прадаваць толькі прадукты пчалярства, калі мы можам прапанаваць значна большае – працу нашых пчол па апыленні раслін!”

Што пчолы апыляюць расліны, ведаюць, здаецца, усе, але што насамрэч гэта значыць, нашы суайчыннікі да канца не разумеюць. Ды і самі пчаляры не асабліва бяруць да галавы.

Мільёны гадоў пчолы, збіраючы для сябе нектар і пылок, дапамагаюць раслінам размнажацца і працягваць род. То бок не даюць знікнуць іх вялікай разнастайнасці. Захаванне біяразнастайнасці ў прыродзе, прычым не толькі расліннай, але разам з ёю і іншых формаў жыцця, – найважнейшы вынік працы пчол.

Каб прадставіць яе аб’ём, пойдзем ад мёду. Сярэдняя пчаліная сям’я, якая на вяршыні развіцця складаецца з 50–60 тысяч асобін, вырабляе яго каля 130 кілаграмаў за сезон. Гэта ўсяго толькі сярэдняя лічба. Прынята лічыць, што для вырошчвання кожнай маладой пчолкі выкарыстоўваецца адна сота з мёдам. Гэта значыць, у сям’і з лепшай маткай, якая адкладвае ў дзень толькі 1500 яек, выдатак на гэтыя мэты складзе найменшае 98 кілаграмаў. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што пчолы самі за год з’ядаюць ад 70 да 140 кілаграмаў корму. А яшчэ пчаляр дадаткова ў выглядзе “прэміі” сабе можа забраць у сваіх выхаванак 20–100 кілаграмаў салодкага “бурштыну”. Пчолам, каб атрымаць 1 кілаграм мёду, трэба наведаць – а значыць, і апыліць – ад 2 да 10 мільёнаў кветак. То бок звычайная пчаліная сям’я здольная даць жыццё не менш як палове мільярда (!!!) раслін.

Прамы ўдзел пчол у апыленні павялічвае ўраджайнасць асобных культур як мінімум на 30–40%. І ён дае нам, паводле дадзеных ААН за 2016 год, 30% прадуктаў харчавання, якія атрымліваюцца ў свеце.

Дапамагаючы раслінам размнажацца, пчолы праз іх удзельнічаюць таксама ў стварэнні асяроддзя пражывання для ўсіх жывых істот. Пчолы падтрымліваюць добрую экалогію і сігналізуюць аб небяспечных зменах у навакольным асяроддзі.

Таму прысутнасць пчол у горадзе нават не дзеля мёду, а хоць бы для ачышчэння паветра праз расліны, якія яны апыляюць, проста неабходна.

Яшчэ пчолы выпраўляюць памылкі прыроды і вынікі дзейнасці чалавека. Напрыклад, апельсіны-мутанты, якія даюць плады без костачак, пасля апылення іх кветак пчоламі зноў могуць размнажацца з дапамогай насення.

У Беларусі не расце бавоўна, але там, дзе яна ёсць, без пчол прыхільнікі тканін з натуральных валокнаў не змаглі б насіць прыемную для цела вопратку і лашчыцца ў камфортнай бялізне. Прынята лічыць, што атрыманыя з расліннай сыравіны лекі не такія шкодныя, як сінтэзаваныя. Без пчол яны былі б менш даступнымі.

Калі ўлічваць усе заслугі пчол, то кошт прадуктаў пчалярства складзе нават менш за 10% кошту ўсёй іх карыснай працы. Але чалавек звычайна не бачыць яе. І сваю ўвагу звяртае толькі на верхавіну айсберга – на тое, што вырабляюць пчолы.

Будучыня і чалавека, і навакольнага жывога свету ў многім залежыць ад пчол. І пра гэта трэба не казаць – крычаць! Калі прыняць пад увагу значэнне пчол для нас, яны павінны быць пад галоўнай апекай хутчэй нават не Міністэрства сельскай гаспадаркі. Невыпадкова на даху Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя ў Варшаве ў гэтым годзе з’явіліся шэсць вулляў з пчоламі.

Калі ж нашы суайчыннікі зразумеюць сапраўднае значэнне пчол у прыродзе?!

Поделиться ссылкой: