Раман Арлоў здраджвае рок-музыцы

19

Арлоў напісаў і тэксты, і музыку да спектакля, прычым суаўтарам, а таксама рэжысёрам-пастаноўшчыкам спектакля стала Кацярына Поцюс, салістка гурта «У нескладовае», а з нядаўніх часоў  жонка музыканта.

Разумеючы, якія страты панясе айчынны рок, калі Арлоў назусім сыдзе ў тэатр, мы папрасілі Рамана патлумачыць свой крок – сумленна і без агаворак. І музыкант не стаў адмаўляцца:

– Сыход у казку – наша абдуманая стратэгія: дзіцячых беларускіх калядных спектакляў вельмі мала. На афішах ёсць усё што заўгодна: смурфiкi, папугай Гоша… А мы марым акунуць маленькіх гледачоў у нацыянальную міфалогію, каб яны ўспомнілі, хто такія Жыжаль, Зюзя, Мара, Лёля, і перасталі блытаць іх са Снягуркай і Дзедам Марозам. І, мне здаецца, у дадзеным выпадку мы намацалі нейкi нерв, таму што людзі ахвотна купляюць квіткі на спектакль.

– Цікава, калі прачнулася музыка ў чалавеку, у сямі якога бацька і маці займаюцца літаратурай і паэзіяй? Вы, дарэчы, таксама пачыналі вучыцца як філолаг і лінгвіст, праўда?

– Так, але не скончыў ні філфак, ні іняз, а атрымаў дыплом менеджара ва Універсітэце культуры. Затое лацінскую мову здаваў двойчы, пра што ні хвіліны не шкадую. Аб музыцы. Па лініі мамы ў сям’і спявалі амаль усе: дзядуля, яго сястра, Царства Нябеснае абаім. Я правёў з імі побач шмат часу і ўвабраў, напэўна, менавіта іх энергетыку.

– Тым больш калі гэта было да сямі-васьмі гадоў.

– Ды і ў 22 гады я мог паехаць у вёску і жыць там месяц!

– А якi самы яркi ўспамін дзяцінства?

– Вёска! Млын, лес, нарыхтоўка дроў… Вяртаючыся да казкі, вось што хачу сказаць: я як прадзюсар і сцэнарыст пачаў выступаць яшчэ 10–15  гадоў таму, калі пачаў прадзюсіраваць кліпы.  Першым сур’ёзным артыстам, з якім давялося працаваць у якасці прадзюсара, быў Сярога, аўтар песні «Чорны бумер». Як прадзюсар і сцэнарыст я распрацоўваў ідэі кліпаў для Вольгі Барабаншчыкавай, «Братьев Грим», «Grem-Set», «Lermont», «Чехов», іншых артыстаў.

Усё гэта надало сіл, таму што ў шоу-бізнесе вельмі важна, хто прыдумаў базавую ідэю. Мне, напрыклад, цяжка працаваць на чужую ідэю, таму я прыдумляю сваю ўласную. У канцы 2014 года рэжысёр Вітаўтас  Грыгалюнас запрасіў мяне як сцэнарыста на пастаноўку спектакля «Чароўны сон у зімовую ноч». Таму можна сказаць,  што  вопыт навагодніх пастановак у мяне ўжо быў, і зараз я пачаў займацца казкай дастаткова асэнсавана. Мяне падтрымала канцэртнае бюро Віталя Супрановіча. Ён верыць у беларускую музыку.

– І вы, Раман, сурёзна думаеце, што на жыццё можна зарабіць казкамі?

– Гэта залежыць шмат ад чаго, у тым ліку і ад кодэкса гонару партнёраў.

– Ваш бацька – вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў. Калі ён паверыў у тое, што сын – сурёзны музыкант?

– Мне пашанцавала з бацькам, з мамай, бо нямала прыкладаў, калі бацькі ламаюць дзяцей – з найлепшых памкненняў. А мяне бацькі заўсёды натхнялі.

– Нават калі вы кідалі інстытут і ішлі ў вольную творчасць – у нікуды?

– Майму бацьку на нейкім этапе таксама прыйшлося пераходзіць Рубікон – кідаць службу з гарантаванай зарплатай. Але інакш нічога не даб’ешся. Успомнім музыканта Уладзіміра Пугача, лідара гурта “J:МОРС”. У яго ўсё пачало складвацца, калі ён паверыў у сябе і пакінуў юрыдычную практыку ва ўласным юрыдычным бюро. Ёсць перыяды ў творчым жыцці, калі нельга разменьвацца, інакш праект не створыш і не рэалізуеш. У сучаснай арт-прасторы перамагаюць не толькі грошы, але і воля. Воля да поспеху. Гэта цяжкая праўда: перамагаюць тыя, хто ставіць на карту ўсё. Тады Сусвет не можа не адказаць на тваю энергію.

Поделиться ссылкой: