Як паведаміў старшыня камісіі Уладзіслаў Шчэпаў, закон дапоўнены артыкулам, які вызначае агульны парадак і ўмовы кампенсацыі інвестару кошту маёмасці, што з’яўляецца інвестыцыямі або што ўтвараецца ў выніку інвеставання, у выпадку нацыяналізацыі ці рэквізіцыі гэтай маёмасці. «Прапанаваная норма грунтуецца на аналагічных палажэннях, якія ўтрымліваюцца ў міжнародных дагаворах Беларусі аб садзейнічанні ажыццяўленню і ўзаемнай абароне інвестыцый», — сказаў парламентарый.

Іншае новаўвядзенне законапраекта тычыцца магчымасці адмовы дзяржавы ад юрысдыкцыйнага імунітэту. Шчэпаў растлумачыў, што наяўнасць у нацыянальным інвестыцыйным заканадаўстве палажэнняў аб магчымай адмове дзяржавы ад юрысдыкцыйнага імунітэту павінна павысіць інвестыцыйную прывабнасць краіны.

Распрацоўшчык праекта пры гэтым падкрэсліў, што гаворка не ідзе пра «безумоўную аўтаматычную адмову ад імунітэту дзяржавы». «У кожным канкрэтным выпадку пры заключэнні дагавора інвестар можа прапанаваць уключыць у яго такую норму, а дзяржава ў асобе адпаведных органаў можа, але не абавязаная пагадзіцца з такой прапановай», — заявіў ён.

Акрамя таго, законапраект удакладняе абавязковыя ўмовы інвестдагавораў, да якіх адносяцца: аб’ект, аб’ём, тэрміны і ўмовы інвеставання, правы і абавязкі бакоў інвестыцыйнага дагавора, парадак разгляду спрэчак паміж бакамі, адказнасць бакоў інвестдагавора за невыкананне або неналежнае выкананне яго ўмоў.