Ніна Шыдлоўская: “Заўчасна казаць, што “справа патрыётаў” закрыта”

32

Нагадаем храналогію так званай “справы патрыётаў”: затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка гэтага года, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).

Паступова фігуранты выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе, а ў чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Беларусі.

Па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў праходзіла 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фарміраванні.

«Папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе скончана. 27 лістапада Следчым камітэтам прынята рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў па справе і аб спыненні самога расследавання крымінальнай справы. Мы лічым, што ў гэтай справе пастаўлена кропка. Крымінальная справа накіраваная пракурору для вывучэння і ацэнкі законнасці прынятага рашэння. Усе фігуранты па справе ў сапраўдны момант пачалі азнаямленне з пастановай аб спыненні і з матэрыяламі справы па іх хадайніцтве», — паведаміў старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч.

– Цягам месяца хлопцы маюць магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, – распавяла “Народнай Волі” грамадскі прадстаўнік сем’яў фігурантаў “справы патрыётаў” Ніна Шыдлоўская. – Наколькі мне вядома, толькі затым справа будзе накіравана ў пракуратуру, якая і прыме канчатковае рашэнне. Таму зараз заўчасна казаць, што крымінальная справа закрытая. Хацелася б верыць, што следчыя настолькі грунтоўна падрыхтавалі матэрыялы, што пытанняў не з’явіцца, але ж тэарэтычна пракуратура можа адправіць справу на дапрацоўку. Таму пакуль супакойвацца нельга.

 – Самі фігуранты таксама могуць абскардзіць справу…

– Відавочна, але працэдурна – гэта ўжо наступны этап. Усё будзе ўзгадняцца з адвакатамі. Нам відавочна, што правы людзей парушаны, нанесены іміджавы ўрон. Наступствы ўсяго гэтага вельмі істотныя.

– Аднак у справы ёсць працяг. Мінчанін Андрэй Бяляўскі, у якога знайшлі адзін патрон, пацвердзіў, што на яго завялі крымінальную справу паводле 2 часткі 295 артыкула Крымінальнага кодэксу Беларусі за незаконны выраб, набыццё, перадачу ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозку, перасылку або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў…

– Па маёй інфармацыі, крымінальныя справы па гэтым артыкуле заведзены на трох фігурантаў “справы патрыётаў”. У наступным месяцы чакаем нейкага рашэння следчых, і хочацца верыць, што тут не будзе нейкай перадузятасці. Я вельмі баюся, каб гэтая сітуацыя не стала фармальнай падставай помсты за тое, што было вырашана спыніць крымінальны пераслед па справе.

Поделиться ссылкой: