На якую трасцу беларушчына тым, хто круціць “русским миром” як вірам

26

Адначасова беларускай мовай раптам зацікавіліся і ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце, а ў калісьці дужа прэстыжным Літаратурным інстытуце імя Горкага абвясцілі аб стварэнні беларускага перакладчыцкага аддзялення. Прафесар Ала Шэшкен, якой і выпала кіраваць беларусістыкай у МДУ, патлумачыла, што ведання беларускай мовы ўсё часцей патрабуе дыпламатычны пратакол, і аптымістычна паабяцала ў хуткім часе навучыць расійскіх чыноўнікаў гаварыць “Беларусь” замест звыклай з савецкіх часоў “Белоруссии”.

Наконт пратакола дазвольце пасумнявацца. Бо за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі нешта я не прыпомню, каб на беларуска-расійскіх перамовах (любога ўзроўню) знайшлася праца перакладчыкам. Ды і кіраўнік Беларусі, як нейкую мантру, раз за разам паўтарае ўласную прыдумку пра “нашу родную рускую мову”, якой беларусы мусяць трымацца, як сляпы плоту. Вунь жа і Скарына Біблію сваю “рускай” называў – відаць, далася-такі ў знакі вучоба ў Піцеры…

Што да назвы нашай краіны, то я добра памятаю, як спачатку форма “Беларусь” задавальняла ўсіх – ад Крамля да самых да ўскраін. А потым, як бульбу пры Кацярыне ІІ, у Расіі пачалі прымусова ўводзіць “Белоруссию”. Нават Расійская акадэмія навук выступіла з адмысловай лінгвістычнай экспертызай, а па федэральных тэлеканалах белым буслам праляцела (як неаспрэчны аргумент) “песняроўская” песня “Молодость моя, Белоруссия”.

Што ж, з песні слова сапраўды не выкінеш, і з тае пары засыкала наша краіна падвойным “сс” з экранаў расійскага тэлебачання. Афіцыйны Мінск не дужа супраціўляўся, змірыўся з той “Белоруссией”, цішком, відаць, прыгадаўшы народную ці то мудрасць, ці то формулу прыстасавальніцтва: называй хоць гаршком, але ў печ не стаў. У печ нас не паставілі, хоць на прыпеку трымалі неаднойчы. Прыгадайма хоць бы нафтагазавыя крызісы, якія перыядычна абвастраліся ў пераднавагоднія дні, і – апагей тых крызісаў – танкер з венесуэльскай нафтай у сплытчэлай Прыпяці.

Не выпадае забыцца і на тое, як Крэмль заўсёды хваравіта рэагаваў на любыя заўважныя крокі беларусаў у кірунку нацыянальнага адраджэння. Як расійскія тэлежурналісты кпілі з нашых вышыванак, з нашай “спольшчанай” славянскай мовы, як раздзімалі ў палітычнае вогнішча ледзь бачны агмень “мяккай беларусізацыі”. Увогуле, беларуская дзяржаўнасць значнай часткай расійскай палітычнай і культурнай эліты доўгі час не ўспрымалася ўсур’ёз. Ну раз мы “саюзная дзяржава”… Помніце, у адным з фільмаў з удзелам Гаварухіна (начштаба адной з пуцінскіх выбарчых кампаній) герой блазнавата прадстаўляецца беларускім шпіёнам. Маўляў, на шпіёнскую сетку могуць прэтэндаваць толькі паўнацэнныя дзяржавы…

Дык што здарылася ў суседняй Расіі? Што там перамянілася? Ды нічога. Пуцін па-ранейшаму кіруе, а Гаварухін кіно здымае. Дык каму і навошта спатрэбілася тое беларусазнаўства ў Маскве і Піцеры?

Тут можна толькі паздагадвацца. Магчыма, Цэнтр беларусазнаўства ў МДУ з’явіўся як адказ на нядаўняе зацікаўленне беларушчынай у Луцкім універсітэце ва Украіне. Магчыма, крамлёўскія стратэгі спахапіліся і вырашылі павывучаць Беларусь, бо ў свой час не вывучалі ў дастатковай ступені Украіну, у выніку апошняя ледзь не сышла ў Еўрасаюз. “Дагналі і солі на хвост насыпалі”, – з’едліва даводзіла мне светлай памяці Валерыя Навадворская, калі мы абмяркоўвалі з ёю расійска-ўкраінскі канфлікт.

Дарэчы, Валерыя Ільінічна добра ведала творчасць Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча, чытала мне на памяць “Пагоню” Багдановіча. Вось каму насамрэч спатрэбіўся б той цэнтр беларусазнаўства ў Маскве. Магчыма, яна нават запісалася б туды на курсы. Разам з Барысам Нямцовым, які сябраваў з беларускімі апазіцыянерамі. Але Навадворскай не стала, Нямцова забілі. І, як выглядае, нікога больш з расійскіх палітыкаў незалежная Беларусь не цікавіць. Ну на якую трасцу беларуская мова камуністу Зюганаву ці яго вечнаму апаненту Жырыноўскаму, якога аднойчы ў Мінску спусцілі з лесвіцы?..

Цяпер дазвольце пару слоў без пратакола. Не веру я ў “беларусізацыю Расіі” (пад гэтымі словамі маю на ўвазе прыхільнасць, зацікаўленне і парытэтны культурна-адукацыйны абмен). І новаствораныя інстытуцыі бачацца мне бутафорнымі, як тыя пацёмкінскія вёскі – каб камусьці пусціць у вочы дым.

Вядома, мне хацелася б памыліцца ў сваіх высновах. Каб жа сапраўды тыя цэнтры дзейнічалі і развіваліся. Хай бы запрацавалі ў Маскве, Пецярбургу і Калінінградзе (самыя кампактныя зоны пражывання беларусаў у РФ) беларускія школы, як працуюць у незлічонай колькасці ў Беларусі школы рускамоўныя. Хай бы з Астанкінскай вежы, з якой прастрэльваецца ўся Беларусь, пачаў транслявацца адмысловы тэлеканал – як рупар тых 600.000 беларусаў, якія афіцыйна жывуць у Расіі. Хай бы ў расійскіх універсітэтах з’явіліся кафедры беларускай мовы і літаратуры – як існуюць у беларускіх універсітэтах кафедры русістыкі. Хай бы безыменны Пецярбургскі ўніверсітэт атрымаў імя Янкі Купалы – як універсітэт у Брэсце здаўна носіць імя Пушкіна. Хай бы па ўсёй Расіі ў межах “Федэральнай кнігавыдавецкай праграмы” (з велізарным, як па беларускіх мерках, бюджэтам) пачалі выходзіць у якасных перакладах кнігі Максіма Багдановіча, Ларысы Геніюш, Віктара Казько, Уладзіміра Някляева, Алеся Разанава, Андрэя Хадановіча – як яны апошнім часам выходзілі ў Чэхіі, Польшчы, Балгарыі, Германіі, Украіне.

Хай бы… Зрэшты, дастаткова і пералічанага. Вы сабе можаце гэта ўсё ўявіць на практыцы? Я – не. Бо Крэмль па-ранейшаму круціць “русским миром” як вірам. І ў тым круцельскім віры патоне яшчэ не адзін папяровы караблік, што выплыў на быстрыню пад ветразем братэрства.

Поделиться ссылкой: