…Іначай “русский мир” праглыне Беларусь, як пітон труса ў заапарку

32

Кіраўнік дзяржавы не казаў наўпрост, адкуль найперш ідзе небяспека, але эмацыйна паскардзіўся, што некаторыя расійскія дзеячы папракаюць яго за беларусізацыю: “Слухайце, мне што – германізацыю тут зладзіць?”

Адчуваецца, што наезды расійскай прапаганды (якая паказала сваю разбуральную моц у канфлікце Крамля з Украінай) балюча закранаюць беларускае кіраўніцтва. І яно спрабуе так-сяк даваць адлуп. 18 снежня ў Мінску пачаўся суд над аўтарамі расійскага агенцтва “Рэгнум”, якія абвінавачваюцца ў распальванні нацыянальнай варожасці. На тэлеканале АНТ зладзілі галавамыйку расійскаму “НТВ”, якое параўнала Беларусь з гуляшчай жонкай, а само ток-шоу “НТВ” “Месца сустрэчы” перасталі ў нас рэтрансляваць.

Але ўсё гэта паўмеры. На прэсінг адэптаў “русского мира” беларускія дзяржаўныя медыі рэагуюць вельмі дазавана і выключна паводле адмашкі (самавольства тут не вітаецца, бо ўвогуле ж інтэграцыя з Расіяй – святая карова). Прычым “наш адказ Чэмберлену” зазвычай робіцца нязграбна, дубова. Апанентаў беларускай улады калі і запрашаюць у эфір тутэйшых каналаў, то ў мікраскапічных дозах, а нязручныя выказванні выстрыгаюць. Увогуле нажніцы ды рубільнік – улюбёныя інструменты беларускіх афіцыйных ідэолагаў.

Але ад “русского мира” не абаронішся казённымі рэдутамі. Выйсце ў тым, каб развіваць нацыянальныя СМІ (найперш недзяржаўныя) ды грамадзянскую супольнасць.

А што мы бачым? Міністэрства інфармацыі днямі заблакіравала сайт “Белорусский партизан”, не патлумачыўшы нават, якія канкрэтна публікацыі ці каментарыі палічыла “забароненай інфармацыяй”.

Абмяжоўваць жа доступ да вэб-рэсурсаў ведамству дазваляе недэмакратычны закон аб СМІ, паводле якога гэта можна рабіць без усялякага суда. Не так даўно міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч згадаў пра магчымасць новай рэдакцыі гэтага закона з акцэнтам на электронныя медыі ды сацыяльныя сеткі. Грамадскасць аб распрацоўцы такога праекта нічога не ведае. Ёсць небяспека, што ўлады цішком працягнуць у закон новыя рэпрэсіўныя нормы, як тое было напрыканцы 2014 года.

А давайце зазірнём у праект рэспубліканскага бюджэту на 2018 год. На СМІ мяркуецца выдаткаваць амаль што 113 мільёнаў рублёў, прычым ільвіную долю (каля 96 мільёнаў) даюць тэлебачанню ды радыё. Між тым яны ў нас амаль што манапольна дзяржаўныя. Гэтым казыраў, дарэчы, сам Аляксандр Лукашэнка, калі заклікаў навукоўцаў на іх з’ездзе ісці на фронт інфармацыйнай вайны.

Але кожны мусіць займацца сваёй справай. І калі навукоўцаў стануць па разнарадцы пасыласць на казённыя ток-шоу, толку будзе мала.

Натуральнай жа супрацьвагай прапагандзе “русского мира” мусіць быць якасны нацыянальны медыйны кантэнт, які варта развіваць праз стварэнне лепшых умоў для незалежных СМІ. Але ў Беларусі яны па-ранейшаму заціснуты.

Завісла ідэя трансляваць у нас украінскі канал, пра што даўно дамовіліся два прэзідэнты. І ўжо зусім фантастыкай уяўляецца ўлучэнне ў кабельныя сеткі “Белсата”, які робіцца на беларускай мове. Пакуль што супрацоўнікаў “Белсата” з асаблівай апантанасцю “вінцяць” ды штрафуюць.

Калі ж браць праблему шырэй, то нацыянальную самасвядомасць не ўмацуеш без развіцця грамадзянскай супольнасці. Аднак яна ўяўляецца ўладам яшчэ болей небяспечнай сілай, чым расійская прапаганда.

Таму на сёння беларусізацыя насамрэч непаслядоўная, кволая. Можна арганізаваць дэфіле сябраў БРСМ у вышыванках, але гэта толькі імітацыя патрыятычнай працы.

Сапраўдны ж патрыятызм – гэта не “чего изволите?”, не сервільнасць і не паказуха. Сапраўдны патрыёт у многім крытычны да ўлад, бо хоча бачыць Беларусь вольнай, дэмакратычнай, еўрапейскай. І такі патрыятызм чыноўнікам як цвік у крэсле. Яны гатовы нават сфабрыкаваць “справу патрыётаў”, каб уратаваць гэтыя крэслы, дыскрэдытаваць сваіх унутраных апанентаў.

Сёння той момант ісціны, калі беларускім уладам на добры лад трэба пераступаць праз сябе і хоць пакрысе адкручваць гайкі ў краіне, ствараць базавыя ўмовы для росту нацыянальнай самасвядомасці. Іначай “русский свет” праглыне Беларусь, як пітон труса ў заапарку.

Поделиться ссылкой: