Як распавёў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэй Рыбак, падрыхтаваны праект указа па змене сістэмы збору дзяржпошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.

Паводле яго слоў, адна з версій, якія прапрацоўваюцца сёння, — памесячная выплата транспартнага збору з магчымасцю карэктаваць тыя тэрміны, за якія ўжо заплачана. Раней паведамлялася, што амаль 30 адсоткаў аўтааматараў з-за гэтага падатку не праходзяць апошнім часам тэхнічны агляд машын.

РР: Дэкрэт аб “дармаедах” быў прыпынены. Указ, які абавязваў плаціць “дарожны падатак”, таксама збіраюцца змяняць. Чаму дакументы, якія распрацоўваюцца, не працуюць?

Леў Марголін: Тыя, хто распрацоўвае гэтыя дакументы, далёкія ад рэальнага жыцця людзей. Пры гэтым у нас не толькі даводзіцца падаткі мяняць. У гісторыі былі выпадкі, калі праз паўгода дэкрэт кіраўніка краіны давялося адмяняць. Прычыны аднолькавыя – усё гэта распрацоўваецца ў кабінетах чыноўнікамі, якія не ведаюць, чым жыве народ. Таму і падаткі такія, і рашэнні няжыццяздольныя. Многія, дарэчы, адразу казалі, што падатак на дарогі не будзе працаваць, бо нельга параўноўваць бізнесоўца, які з машыны не вылазіць, і вясковага пенсіянера, які два разы ў год садзіцца за руль аўтамабіля, каб з’ездзіць у райцэнтр. Таму было відавочна, што доўгі час падатак не праіснуе.

РР: Няўжо гэта зараней немагчыма было прадугледзець, а толькі зараз трэба ізноў перарабляць дакумент?

Леў Марголін: Логіка ў чыноўнікаў такая: як гэта ў нашай краіне нехта можа не выконваць закон, якія мы прыдумалі? Зверху сказалі – трэба рабіць. Нікога не цікавіць, што на гэты конт думае народ. І толькі, калі апошні грукне кулаком па стале, чыноўнікі пачынаюць чухаць патыліцы. Так пабудавана беларуская сістэма.