Былы загадчык магілёўскай паліклінікі прыгавораны да чатырох гадоў зняволення за карупцыю

11

У лістападзе 2016 года УУС Магілёўскага аблвыканкама паведаміла пра затрыманне загадчыка паліклінікі, які, знаходзячыся на працоўным месцы, атрымаў грошы ад мясцовага жыхара, які нідзе не працуе, за спрыяльнае вырашэнне пытання пра выдачу даведкі аб стане здароўя без праходжання медыцынскай вадзіцельскай камісіі. Згодна з матэрыяламі справы, такіх грамадзян, якім выдаваліся фіктыўныя даведкі пра нібыта праходжанне медыцынскай камісіі, было каля сарака. З лета 2014 года і да затрымання 21 лістапада 2016 года загадчык паліклінікі, з’яўляючыся адначасова старшынёй медыцынскай вадзіцельскай камісіі, атрымліваў хабар ад 10 да 20 рублёў. Агульная сума склала 840 рублёў. Пры гэтым пасярэднікам быў кіроўца прыватнага прадпрыемства Пётр Астапаў, які таксама праходзіў абвінавачваным па справе.

Суддзя Дзяніс Кічыгін прызнаў Аляксандра Разумнага вінаватым у шматразовым атрыманні хабараў, крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. У той жа час суд прыйшоў да высновы, што падсудны не вінаваты ў замаху на атрыманне хабару. У выніку Разумнаму прызначана пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй усёй маёмасці, з забаронай на пяць гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, правядзеннем юрыдычна значных дзеянняў.

Як паведамілі БелаПАН у судзе, былы загадчык прызнаў віну часткова, і дзяржабвінавачанне прасіла прыгаварыць яго да пяці гадоў зняволення.

У сваю чаргу 57-гадовы Пётр Астапаў, прызнаны вінаватым у пасярэдніцтве ў дачы хабару, прыгавораны да двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Абвінавачанне ж прасіла прыгаварыць яго да трох гадоў зняволення, падсудны цалкам прызнаў сваю віну.

 

Поделиться ссылкой: