Адслужыць… санітарам

8

Як вядома, з 1 ліпеня мінулага года ўступіў у сілу закон “Аб альтэрнатыўнай службе”. І калі, напрыклад, рэлігійныя перакананні не дазваляюць камусьці праходзіць службу ў арміі, то зараз яе можна замяніць на альтэрнатыўную. Праўда, ёсць і некаторыя нюансы. Калі звычайныя вайскоўцы служаць 18 месяцаў (выпускнікі ВНУ – год), то для альтэрнатыўшчыкаў тэрміны службы павышаны роўна ў два разы.

…У Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы ўжо амаль год праходзяць альтэрнатыўную службу два хлопцы з Гомеля. Валерый ГРЫТЧАНКА пасля школы працаваў на заводзе, Анатоль СІТНІК спрабаваў заняцца прыватнай справай. Абодва прытрымліваюцца вучэння Сведак Іеговы і лічаць, што “ваяваць альбо вучыцца ваяваць – супярэчыць біблейскім прынцыпам”.

З хлопцамі я сустракаўся і раней, калі яны толькі ўладкаваліся ў бальніцу, але ж цікава было даведацца, якім быў для іх першы год “службы”.

“Калі Анатоля і Валерыя накіравалі сюды на работу, усе вельмі ўзрадаваліся, – кажа мне старшая медсястра неўралагічнага аддзялення Кацярына ВЯЖЭВІЧ. – Пацыенты ў нас у асноўным цяжкія, пасля інсультаў. Многія не могуць хадзіць, хаця трэба іх і на ультрагукавое даследаванне вазіць, і на каталку перакласці. А мужчын у аддзяленні не было наогул, не знайшлося жадаючых мець такую спецыфічную работу. Таму, калі з’явілася мужчынская сіла, гэта быў сапраўдны падарунак лёсу. А ўвогуле, добрыя памочнікі. Не скардзяцца і спраўна робяць сваю справу…”

У хлопцаў ёсць штодзённыя абавязкі. Трэба памыць калідор і лесвіцы, выцерці пыл у палатах, раніцай і вечарам вынесці смецце. Каля 11.00 яны адвозяць у пральню брудную бялізну і забіраюць свежую. Працоўны дзень – з 8.00 да 17.00 з перапынкам на абед, але выхадны толькі раз на тыдзень – у нядзелю.

– Вельмі хутка год прайшоў, нават і не заўважылі, – кажуць Валерый і Анатоль. – Складаней было толькі прызвычайвацца да новага віду дзейнасці і калектыву. Так, аддзяленне складанае, але ж ведалі, на што ідзём, калі выбіралі альтэрнатыўную службу. А ўвогуле, працаваць можна, гэта ж не ў турму патрапілі. Так што сітуацыю драматызаваць не варта. І працу робім, і пацыентам дапамагаем, калі тыя нешта просяць. Хаця трапляюцца і цікаўныя “экзэмпляры”: “А што вы тут робіце? А што гэта за новая служба? А чаму ў “боты” не пайшлі?” І, натуральна, абавязковае пытанне: “Колькі зарабляеце?”

Грошы альтэрнатыўшчыкам выплачвае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Маладзечанскага райвыканкама. Кожны месяц хлопцы атрымліваюць 150 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Гэта – каля 300 рублёў. Маюць яны права і на штогадовы 10-дзённы адпачынак.

– Калі правільна размеркаваць сродкі, то на месяц хапае, – кажа Анатоль. – Дрэнна, што бацькі далёка – яны, безумоўна, прадуктамі дапамагалі б. Але ж нічога – галоднымі не ходзім. Тым больш, як ужо казаў, на такі крок мы ішлі асэнсавана, гэта не быў часовы ўсплёск эмоцый. Доўга думаў пра альтэрнатыўную службу і цудоўна разумеў, што мяне чакае. Дарэчы, падтрымліваем сувязь з іншымі знаёмымі альтэрнатыўшчыкамі з нашай канфесіі, яны распавядаюць пра сваю “службу”. Хтосьці працуе ў лясгасе, нехта – у сістэме ЖКГ. Але большасць, безумоўна, перакінулі ў медыцынскую сферу. Зрэшты, калі размяркоўвалі, права выбару не было.

Хлопцы кажуць, што складаней за ўсё ў гэты год было непрыняцце іх выбару асобнымі людзьмі:

– Некаторыя казалі так: “Мае дзеці служылі, армія – гэта школа жыцця. А вы чаму не такія, як усе?” Не ўсе разумеюць, чаму мы выбралі альтэрнатыўную службу. Думаюць, што пабаяліся армейскіх выпрабаванняў. Асабліва было складана прабіць гэтую сцяну непаразумення ў ваенкамаце. Дамагаліся мы такой службы амаль тры гады, хаця размовы пра гэта ішлі ў Беларусі яшчэ з 1990-х гадоў. І на працягу гэтых трох гадоў кожныя два месяцы мяне тузалі ў ваенкамат. Трэба было праходзіць камісіі, пастаянна тлумачыць свой выбар… Былі спробы нават запалохаць. Хаця і сярод ваенных знаходзіліся тыя, хто разумеў сітуацыю. Многія спрабавалі ў ёй разабрацца. Я тлумачыў, што для мяне пытанне нейтралітэту – ваеннага і палітычнага – гэта прынцыповае пытанне. Хрысціянін павінен захоўваць гэты нейтралітэт. Таму лепш ужо мы будзем тры гады ў неўралагічным аддзяленні працаваць…

– Можа быць, калі спадабаецца, то і пасля ў нас застанецеся, – цешыць сябе надзеямі старшая медсястра. – Перавядзём вас на пазменную працу…

– Дзякуй-дзякуй! – інтэлігентна адказваюць санітары. – У нас дома больш цікавая работа.

У вольны час Валерый і Анатоль не сумуюць – ходзяць у басейн, трэнажорную залу і на служэнні.

На развітанне пытаюся ў іх, што яны параілі б тым, хто збіраецца на альтэрнатыўную службу.

– Нейкага катэхізіса з гэтай нагоды мы не складалі, – кажуць яны. – Але, напэўна, трэба маральна падрыхтаваць сябе да цяжкасцяў. Хаця працавітаму чалавеку заўсёды лёгка. Гэта ў лайдакоў паўсюль складанасці…

Поделиться ссылкой: