Антон Матолька: “Я ў палітыку не збіраюся…”

124

Матолька не любіць слова “блогер”, бо лічыць яго ўжо своеасаблівай формай абразы, а пра сябе гаворыць проста – “грамадзянін Рэспублікі Беларусь, якому не ўсё роўна”, і дадае: “29 гадоў, нарадзіўся і жыву ў Мінску. Кожнае лета праводзіў у вёсцы Молатава на Палессі, адкуль мая мама. Скончыў 9 класаў, паступіў у коледж сувязі. Адлічылі з трэцяга курса за непаспяховасць. Усе думалі, што з-за выбараў 2006 года, але не… Затым была вечаровая школа, дзе залічылі ўсе адзнакі з коледжа. Затым факультэт маркетынга ў Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці і занятак фатаграфіяй. Пасля чатыры гады на «Тутбаі».

Сам Антон рост папулярнасці звязвае са з’яўленнем адных з першых фотаздымкаў з месца тэракту 2011 года, якія патрапілі ва ўсе агенцтвы, і з асвятленнем падзей маўклівых акцыяў 2011 года, калі ў дадатак да ўласных фотаздымкаў пачаў змяшчаць невялічкія допісы. У яго ўласным блогу толькі за месяц іх паглядзелі 900 тысяч разоў, у дадатак яны разышліся па сусветнай павуціне. Не абыходзіў ён увагай і патопы на Нямізе або паказы мод, якія набіралі вялікія лічбы праглядаў. Таксама яшчэ ў 2011 годзе дзякуючы яго запісу ў ЖЖ была сабрана значная сума на кампенсацыю штрафу мужчыне, які заступіўся за безбілетнага пасажыра.

З 2008 года асноўным заняткам Матолькі з’яўляецца фатаграфія. У 2015 годзе прайшла рэзанансная справа ў галіне аўтарскага права, калі тэлеканал “Беларусь-1” выкарыстаў два фотаздымка Антона Матолькі ў сюжэце без пазнакі аўтарства і не спытаўшы нават дазвола на тое: “Пасля суда з БТ я патрапіў у чорныя спісы пэўных дзяржаўных СМІ, пры гэтым двойчы сюжэты са мной прапусціў АНТ”. Аднак гэта таксама пасадзейнічала росту яго папулярнасці.

Пабачыўшы, што яго запісы маюць пэўную цікавасць, Антон Матолька вырашыў выкарыстоўваць свой блог для ўздыму сацыяльных лакальных праблемаў. Гэтаму пасадзейнічаў і той факт, што дзяржава легалізавала электронныя звароты грамадзянаў: “Інтэрнэт – гэта канапныя войскі, над якімі смяяліся яшчэ 10 гадоў таму. А потым беларускія ўлады прынялі закон аб электронным звароце грамадзян, калі гэтыя самыя канапныя войскі атрымалі моц”. Таму сёння важную ролю сталі адыгрываць звычайныя допісы ў сацыяльных сетках: “Сацсеткі – гэта спроба весці звычайнае жыццё, пры гэтым выкарыстоўваць гэтыя інструменты для вырашэння праблемаў”. Антон лічыць сваёй важнейшай задачай – звярнуць увагу на праблему, дзесьці нават за кошт гіпербалізацыі або гумару, працуючы ў межах заканадаўства: “Як мінімум неабходна распавесці пра праблему, таму што цяпер гэта ўсё чытаюць таксама і чыноўнікі. Здаралася, калі нават мае нерэзанансныя запісы ў Твітары чыталі, выпісвалі і рабілі належную рэакцыю”. Сёння менавіта інтэрнэт дазваляе паўдзельнічаць у агульнай справе большай колькасці людзей, а большы ахоп у выніку стварае большую верагоднасць вырашэння праблемы.

Пры гэтым ён дадае, што ў дзяржаўнай сістэме хапае адэкватных супрацоўнікаў і нават цэлых структурных адзінак, як Міністэрства надзвычайных сітуацый. Але гэтыя людзі вельмі абмежаваныя. Тым больш, “любую асечку чыноўніка СМІ выкарыстае, растыражыруе, і за гэта той жа чыноўнік, які праявіў ініцыятыву, атрымае”. Таму на пытанне пра сваю магчымую палітычную дзейнасць Антон Матолька адказвае:

Я ў палітыку зараз не збіраюся. Мне гэта не цікава. Там мне прыйдзецца іграць па правілах зусім не маіх. Сёння  тое, што я магу зрабіць, значна шырэй”.

Антон таксама імкнецца на ўласным прыкладзе паказаць, як вырашаць лакальныя праблемы, нават калі гэта не мела поспеху. Але, як ён адзначае: “Усе хочуць, каб за іх вырашалі праблемы”. Прыводзіць прыклад будаўніцтва Амкадораўскага завода ў Калодзішчах: “Вельмі шмат людзей пісалі – Матолька, дапамажы. Я адказваў, што ў вас ёсць публікацыя на “Тутбай”, і гэта ўжо нямала. Аднак гэта не мае плёну. Каб прыцягнуць увагу, неабходны інфаповад. Калі знішчаць 3000 дрэваў і пабудуюць ачышчальныя збудаванні, усім ужо будзе без розніцы. Як толькі здарыцца, вобразна кажучы, жанчына на кране на Дынама, на гэта звернуць увагу”. Толькі грамадскі рэзананс можа даць шанец у вырашэнні некаторых праблемаў, але асноўная іх частка можа вырашацца проста пасля элементарнага электроннага звароту ў адпаведныя інстанцыі:

«У нас не ўмеюць прызнаваць памылкі. Але паступова сітуацыю мяняюць.»

У той жа час Антон адзначае, што пераважная большасць людзей не прыкладае ніякіх намаганняў для вырашэння сваіх лакальных праблемаў, чакаючы на “манну нябесную”:

Я вельмі спакойна магу паверыць у 83% пры галасаванні. Настолькі ўсе хочуць жыць у лайне. Настолькі ўсе прызвычаіліся да таго становішча, якое ёсць. Настолькі ўсе інертныя. І пры гэтым мяне заўсёды радуюць тыя 1-2 % з шылам у адным месцы. Я гэтым людзям здзіўляюся”.

Нягледзячы на дапамогу ў вырашэнні шматлікіх лакальных праблемаў – напрыклад, мінскай Асмалоўкі, – Антон Матолька ўвесь час адчувае крытыку, на якую прызвычаіўся рэагаваць спакойна: “ЖЖ навучыў нарасціць тоўстую скуру і трохі спакойней рэагаваць… Негатыў заўсёды будзе. Гэта нармальна. З людзьмі трэба проста размаўляць.”

Антон Матолька працягвае сваю дзейнасць, адзначаючы, што свет заўсёды змянялі адзінкі. Ён спадзяецца, што прыйдзе час, і ў кожнага раёна Беларусі з’явіцца ўласны цэнтр сувязі, куды людзі будуць звяртацца для вырашэння праблемаў. І да гэтага мы паступова прыходзім.

На здымках: Антон Матолька. Фота аўтара.

Поделиться ссылкой: