Як паведаміў БелаПАН кіраўнік перадвыбарнага штаба “Гавары праўду” Сяргей Вазняк, па Мінску ад арганізацыі ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў зарэгістравалі 32 чалавекі. Усяго ў Мінску 57 выбарчых акруг.

У пікеце, адзначыў Вазняк, удзельнічалі да 50 чалавек, сярод іх як прэтэндэнты ў кандыдаты ў дэпутаты, так і члены іх ініцыятыўных груп.

У пікеце ўдзельнічалі і сустаршыні арганізацыі Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў, яны таксама балатуюцца ў мясцовыя саветы.

Аб старце сваёй выбарчай кампаніі “Гавары праўду” заявіла ў канцы кастрычніка. “Мы нацэлены на вынік і доўгатэрміновую працу, таму мы будзем падтрымліваць кандыдатаў не толькі падчас выбарчай кампаніі, але і пасля, — адзначыла тады на прэс-канферэнцыі Караткевіч. — Чым больш будзе яркіх, цікавых, актыўных лідараў на месцах, тым больш складана будзе ўладзе адвярнуцца ад людзей, праігнараваць іх клопаты, адмахнуцца ад важных пытанняў”.