
Дзяржабвінавачанне падтрымлівае прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Юрый Шарснёў. Абвінавачаныя — муж і жонка Ігар і Таццяна Гершанковы, Сямён Беражной і Барыс Калеснікаў.
Усе дастаўленыя з СІЗА ў залу суда. Адзін з іх у капюшоне і медыцынскай масцы на твары. Жанчына ад камер закрываецца папкай з паперамі.
Прыгавор Магілёўскі абласны суд вынес 21 ліпеня. Сямён Беражной і Гершанковы былі прызнаныя вінаватымі ва ўчыненні забойстваў і падрыхтоўцы да забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або знішчэнні дакументаў. Гершанковы таксама прызнаныя вінаватымі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропных рэчываў (захоўванне без мэты збыту). Чацвёртага фігуранта справы — Барыса Калеснікава — абвінавацілі ў разбоі, дапамаганні пры ўчыненні забойства і пры выкраданні чалавека.
Беражнога і Гершанкова аблсуд прыгаварыў да смяротнай кары, Гершанкову — да 24 гадоў пазбаўлення волі, Калеснікава — да 22 гадоў і аднаго месяца зняволення.
У верасні стала вядома, што Ігара Гершанкова падазраюць у дачыненні да забойства яшчэ аднаго чалавека, які прапаў без вестак у 2008 годзе. Калі падазрэнні следчых пацвердзяцца, выкананне смяротнага прысуду будзе адкладзенае, а мужчына зноў паўстане перад судом.
Паводле інфармацыі Вярхоўнага суда, забойствы ўчыняліся з 2009 года па 2015 год. У справе — шэсць эпізодаў пазбаўлення жыцця ўладальнікаў кватэр, якія пад націскам абвінавачаных і будучы пастаўленымі імі ў складаныя жыццёвыя сітуацыі прадавалі жыллё пад кантролем фінансавых разлікаў падсуднымі.
Як паведамляў раней ВС, непасрэдна перад заключэннем здзелкі абвінавачаныя вызначалі месца будучага пахавання ахвяры на сельскіх могілках Магілёўскага раёна і вобласці, падшуквалі капальнікаў магіл, набывалі пахавальную атрыбутыку.
Перад крадзяжом маёмасці і забойствам члены арганізаванай групы ўводзілі пацярпелых у стан глыбокага сну, падмешваючы ў спіртныя напоі клафелін. Затым ахвяру жорстка забівалі — душылі, апраналі на галаву поліэтыленавы пакет, абмотвалі скотчам і адвозілі для пахавання ў загадзя выкапаную магілу.
У апошнім слове Гершанкоў і Беражной прасілі не пазбаўляць іх жыцця, а Гершанкова і Калеснікаў — вынесці больш мяккае пакаранне. Усе падсудныя прасілі аб прабачэнні.
Пасля вынясення прысуду Таццяна Гершанкова заявіла: “Мяне асудзілі па тых злачынствах, да якіх я ніякага дачынення не маю”.
Маці асуджанага на пакаранне Людміла Гершанкова са спасылкай на адваката ў кастрычніку паведаміла, што яе сын пры сустрэчах і ў лістах пастаянна сцвярджае, што нікога не забіваў. Паводле слоў жанчыны, спрабуючы даказаць сваю недатычнасць да забойстваў, яе сын пастаянна піша звароты ў розныя інстанцыі, у тым ліку міжнародныя, а таксама ў рэспубліканскія СМІ.
У жніўні Людміла Гершанкова казала пра пагрозы сыну з боку міліцыі, яго збіванне пры знаходжанні пад вартай і звярнулася са скаргай у розныя інстанцыі. Аднак, паводле яе слоў, “рука руку мые”, таму ніякія прыведзеныя ёю факты пагроз і збівання афіцыйна не пацвердзіліся. У той жа час, адзначыла маці асуджанага, пасля гэтых зваротаў такія дзеянні ў дачыненні да яе сына спыніліся.