У чаканні карты беларуса

13

Позна ці рана папраўкі тыя мусілі з’явіцца, бо цягам амаль дзесяці гадоў карту тую атрымлівалі ледзь не ўсе ахвотныя. Цяпер стаць яе ўладальнікам будзе значна складаней. Раней было дастаткова давесці, што твае дзяды жылі ў Рэчы Паспалітай (да 1939 года трэць Беларусі знаходзілася ў яе складзе), здаць не дужа патрабавальны іспыт па гісторыі і польскай мове – і жаданы дакумент у цябе ў руках.

Паводле новых правілаў прэтэндэнт павінен даказаць сваю этнічную прыналежнасць да польскай нацыянальнасці. Тут ужо наспех вывучаным вершыкам з міжваеннай польскай чытанкі “Хто ты естэсь? – Поляк малы. – Які знак твуй? – Ожэл бялы” не абыдзешся. Трэба будзе пашукаць па куфрах старыя дакументы, дзе ў графе “нацыянальнасць” ваш дзед-прадзед палічыў патрэбным пазначыць – паляк. Трэба думаць, і польскія консульствы ў Гродне ды Брэсце атрымаюць адпаведныя інструкцыі, што да праверкі на сапраўднасць “беларускіх палякаў”. Дасціпнікі ў інтэрнэце ўжо жартуюць, што праз недахоп пацвярджальных дакументаў у прэтэндэнтаў будуць замяраць канфігурацыю чэрапа ды прымушаць танцаваць мазурку.

Сваё стаўленне да карты паляка аўтар гэтых радкоў ужо выказваў – у “Народнай Волі” за 17 кастрычніка 2017 года. І чытачамі газеты той тэкст быў успрыняты адэкватна. На жаль, не ўсімі. Даўні падпісчык газеты Антон Янкоўскі (мяркуючы па паштовым штэмпелі – са Смаргоні) абурыўся, што ў маім артыкуле “Касцюшка і карта паляка” “яўна прагледжваецца распальванне нацыянальнай разні” (ні больш, ні менш!), што я нібыта прыніжаю палякаў і г.д. Напрыканцы свайго допісу спадар Янкоўскі, ахрысціўшы мяне ўсякімі адмоўнымі эпітэтамі, выказаў здагадку – “хутчэй за ўсё, аўтар пісаў артыкул падчас п’янкі або непасрэдна пасля яе”.

Што тут можна сказаць у сваё апраўданне? Даказваць, што я не арабскі вярблюд з павязаным паміж гарбамі поясам шахіда, наўрад ці ёсць сэнс. Як і тое, што ўсе ранейшыя дваццаць калонак для “Народнай Волі” і дванаццаць уласных кніг я напісаў у цвярозым стане і нават не з пахмелля.

Шчаслівы ўладальнік карты паляка са Смаргоні выкрыў “распальвальніка нацыянальнай разні” (стыль майго апанента) ажно на чатырох старонках, але не прывёў ніводнай цытаты з майго артыкула для пацвярджэння сваіх дзіўных, мякка кажучы, высноў. Усе яны – галаслоўныя. Ніякай варажнечы на старонках “Народнай Волі” я ніколі не прапагандаваў і не збіраюся гэтага рабіць.

А якім чынам я прыніжаю палякаў? Хіба тым, што перакладаю на беларускую мову творы А.Міцкевіча, Ю.Тувіма, К.І.Галчынскага. Што сёлета выдаў па-беларуску энцыклапедыю роду Сапегаў, створаную навукоўцамі з Акадэміі навук Польшчы. Што ва ўкладзенай мною паэтычнай анталогіі “Галасы з-за небакраю” (900 старонак) прадстаўлены ажно 52 польскія паэты…

Калі б спадар Янкоўскі ў Смаргоні гэтак жа “прыніжаў” палякаў, я хадайнічаў бы праз Польскі інстытут у Мінску аб узнагароджванні яго медалём “Заслужаны для польскай культуры” (крый Божа, не падумайце, што намякаю пра нейкую ўзнагароду для сябе).

Артыкул “Касцюшка і карта паляка” быў скіраваны не супраць палякаў, а супраць тых суайчыннікаў, якія, скарыстаўшыся сітуацыяй, пашыліся ў палякі, пераследуючы свае прыватныя інтарэсы. Бо што дае тая карта паляка? Магчымасць без шэнгенскай візы ездзіць у Польшчу, вучыць (бясплатна!) дзяцей у польскіх універсітэтах, нават падарожнічаць па Польшчы на грамадскім транспарце з істотнай зніжкай…

Цяпер крывадушна гандлянуць сваёй нацыянальнасцю і атрымаць на халяву пэўныя прывілеі ў сучасных мікітаў зноскаў не атрымаецца – і тут я вітаю рашэнне польскага ўрада. І гэтак жа вітаў бы рашэнне ўрада беларускага, калі б ён распрацаваў і зацвердзіў карту беларуса для нашых суайчыннікаў за мяжой. Паверце, яна шмат каму спатрэбілася б.

Хай бы беларускі мастак і грамадзянін Латвіі Вячка Целеш, атрымаўшы такую карту, змог бесперашкодна прывезці ў Мінск свае карціны і зладзіць персанальную выставу.

Хай бы беларускі перакладчык і грамадзянін Фінляндыі Якуб Лапатка праехаўся па Беларусі з прэзентацыяй перакладзенай ім “Калевалы” (велізарная праца!), а карта беларуса дапамагла яму аплаціць дарожныя выдаткі.

Хай бы кіраўнік беларускай суполкі ў далёкім Іркуцку і грамадзянін Расіі Алег Рудакоў з дапамогай той карты скіраваў на вучобу ў БДУ сотню-другую маладых іркуцян беларускага паходжання, а яны, глядзіш, і засталіся б на радзіме сваіх продкаў, працуючы на карысць Беларусі.

Хай бы рэдактар беларускай газеты ў Беластоку і грамадзянін Польшчы Яўген Вапа, атрымаўшы тую карту, часцей бываў у нашай краіне, з уласцівай яму энергіяй ажыццяўляючы культурніцкія праекты па абодва бакі мяжы…

О, як магла б талкова распрацаваная карта беларуса падтрымаць нашых суайчыннікаў па ўсім свеце! Нідзе ж за мяжой няма беларускіх устаноў накшталт Інстытута Гётэ ці згаданага ўжо Польскага інстытута, якія даўно і паспяхова працуюць у Мінску. Хай бы хоць карта з’явілася – як знак таго, што беларуская дзяржава не на словах, а на справе дбае пра беларусаў замежжа. Пра іх метраполія згадвае хіба раз у чатыры гады, калі грамадская арганізацыя “Бацькаўшчына” (дзякуй ёй за гэта) збірае беларусаў свету на чарговы з’езд.

У кулуарах сёлетняга з’езда беларуская паэтка з Украіны Іна Снарская са слязьмі на вачах прачытала мне чатырохрадкоўе Янкі Купалы: “А хоць дасць мне доля ў дамавіне месца, – / Ўстане цень з зямлі мой, на крыж абапрэцца. / І ў той бок глядзеці будзе век нязводна, / Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай”.

І я разумею палачанку (паводле месца нараджэння) і палтаўчанку (па месцы жыхарства) Іну Снарскую. Без Айчыны чалавек у свеце – перакаці-поле (“перакаці-болі” – так у адным з вершаў напісала Іна).

Каб жа і ўлады беларускія зразумелі такіх, як яна.

Поделиться ссылкой: