Рыгор Сітніца ладзіць канцэрт для скрыпкі і завірухі

17

Заяўлена, што ў імпрэзе возьмуць удзел ансамбль салістаў “Класік-Авангард” пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Байдава, а таксама Алег Хаменка і гурт “Палац”.
“Народная Воля” пацікавілася ў старшыні Саюза мастакоў, якім ветрам яго занесла ў філармонію.
Аказалася, гэта не столькі канцэрт, колькі юбілейны вечар. Рыгор Сямёнавіч 1 студзеня адзначыць 60-гадовы юбілей.

– Магу пахваліцца, што нядаўна выйшаў мой мастацкі альбом – яго яшчэ можна знайсці ў буйных кнігарнях, каштуе 25 рублёў, – нібыта падводзіць творчыя вынікі сыходзячага года творца. – Да канца года павінна выйсці новая кніга вершаў. А яшчэ я напісаў два раманы і п’есу.
– Прадаецца нешта з вашых мастацкіх твораў?
– Шчыра кажучы, не вельмі добра разыходзяцца, бо я ж не папсовы мастак. У мяне музеі купляюць творы, але гэта не надта часта здараецца. А на звычайнага гледача не разлічваю. Калі купляюць, то за мяжу. Таму я жыву не з гэтага. І не магу дазволіць сабе раскошу быць вольным мастаком.
А п’есу напісаў, можна сказаць, з меркантыльных інтарэсаў – спадзяюся, што ёю зацікавяцца тэатры. Гэта такі сюррэалістычны твор пра інтэлігента, канфарміста, стукача, кампазітара, які памёр. Яго памінаюць, а ён там, наверсе, ходзіць і чуе тое, што пра яго гавораць, палемізуе з гэтымі людзьмі. І яшчэ на тым свеце ён сустракаецца з усімі сваімі грахамі і ўзгадвае, як дом на Нямізе пабудаваў, і Дзяржпрэмію ў Караткевіча вырваў, і свайго сябра з маладосці здаў. І за ўсё гэта адказвае…
– Я так разумею, у вашага героя быў такі калектыўны прататып? Можа, нехта і сябе пазнае?
– Так, гэта збіральны вобраз. Гісторыя пра Караткевіча таксама рэальная: у 1983 годзе яго вылучылі на Дзяржпрэмію, але яе аддалі іншаму пісьменніку. Караткевіч у той жа год памёр, і праз год яму далі гэтую прэмію пасмяротна, чым вельмі на тым свеце насмяшылі і яго, і Бога. У маёй п’есе пра гэта таксама ёсць: мой герой смяецца, што яму грошы не пераслалі. Карацей, там усяго хапае…
Цяпер трэба падумаць, хто можа паставіць такую п’есу…
– Калі не памыляюся, напрыканцы года ў Нацыянальным мастацкім музеі павінна адкрыцца ваша вялікая выстава. Падрыхтоўка імпрэзы ў філармоніі таксама патрабуе часу. Як вы ўсё паспяваеце? Відаць, мала спіце…
– Сплю нармальна!
А што тычыцца маёй аўтарскай вечарыны ў Белдзяржфілармоніі, то ў ёй яшчэ просіцца ўзяць удзел аркестр МУС. Я сказаў, што калі ім дазволяць выйсці на сцэну не ў форме, а проста ў белых кашулях, то калі ласка! Ведаю, што ў іх ёсць розныя праграмы, дарэчы, вельмі добрыя – гэты аркестр не толькі маршы можа граць.
Чаму я вырашыў зрабіць такую імпрэзу? Мне неўзабаве стукне 60 гадоў. Захацелася ў такім пантовым фармаце зрабіць добрае свята і для сяброў, і для сябе самога…

Хто такі?
Рыгор Сітніца – вядомы беларускі мастак і паэт, лаўрэат літаратурнай прэміі “Залаты апостраф”, лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва, ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў, старшыня ГА “Беларускі саюз мастакоў”, сябра ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

ТЫМ ЧАСАМ
Як вырашылася пытанне з аплатай творчых майстэрань?
“Народная Воля” пацікавілася ў старшыні Беларускага саюза мастакоў, ці зрушылася з мёртвай кропкі пытанне з аплатай творчых майстэрань? Альбо па-ранейшаму мастакі аддаюць шалёныя грошы за камунальныя паслугі?
– Працэнтаў на 7–10 нам панізілі аплату. Але тут якая штука атрымліваецца: нас нібыта вывелі з перакрыжаванага гэтага субсідзіравання, і зараз мы не даплачваем за іншых і плацім за майстэрні роўна столькі, колькі гэта каштуе. Застаецца верыць, што яно сапраўды столькі каштуе.
– І колькі ў сярэднім набягае?
– Пакуль вялікіх маразоў не было, таму я вам не назаву канкрэтных лічбаў. Бо калі надвор’е цёплае – гэта адна сума, а калі пачынаюцца маразы – іншая.

Поделиться ссылкой: