Днямі выдавецтва “Логвінаў” зрабіла пісьменніку, а таксама ўсім аматарам айчыннай літаратуры дзівосны падарунак: выдала пяцітомнік выбраных твораў Арлова.

У пяцікніжжы, якое арыгінальна аформіла мастачка Кацярына Пікірэня, чытач знойдзе тэксты на любы густ. Кніга эсэістыкі “Вустрыцы а пятай раніцы” пачынаецца з легендарнага эсэ “Незалежнасць – гэта…”, перакладзенага больш як на 20 моў. Томік паэзіі – гэта выбраныя творы з пяці паэтычных кніг, за адну з якіх –  “Паром праз Ла-Манш” – аўтар атрымаў міжнародную прэмію “Еўрапейскі паэт свабоды”.

У адной з кніг сабраная гістарычная проза Арлова: аповесці “Сны імператара” і “Час чумы”, апавяданні “Тры мужы спадарыні Дамінікі”, “Каханак яе вялікасці”… Збор твораў уключае і містычную гісторыю кахання “Краявід з ментолавым пахам”, і антытаталітарны  “Ордэн Белай мышы”. Пра “Сібірскую аповесць” у 1990-я пісалі, што яе трэба хаваць ад дзяцей да 16 гадоў, але цяпер гэтае папярэджанне выглядае проста смешным. Не забытая ў пяцікніжжы і проза апошніх гадоў – найноўшыя аповесці папулярнага беларускага пісьменніка.

Уладзімір Арлоў кажа: “Буду сустракаць святы ў атачэнні маіх кніг і маіх герояў. Могуць абраць гэтую кампанію і чытачы. Абяцаю, што будзе і цікава, і смешна, і страшна. Але толькі не сумна”.

Варта адзначыць, што ў Арлова 2017 год быў багаты ў творчым сэнсе – выйшлі сем кніг.

«Калі казаць пра камерцыйны складнік, то праект «Айчына» ў гэтым сэнсе – самы паспяховы, – распавёў Арлоў «Народнай Волі». – Як мне ўяўляецца, грошы, ўкладзеныя ў гэты дарагі праект, вярнуліся. Было два наклады па тры тысячы асобнікаў. Пры тым, што кніга каштуе 45 рублёў. Улічваючы заробкі, якія маюць многія патэнцыяльныя пакупнікі «Айчыны», не складана падлічыць, што прыкладна 10 працэнтаў заробкаў людзі выкладалі на гэтую кнігу. Дарэчы, засталося ўсяго некалькі сотняў асобнікаў – будуць камусьці добрыя падарункі на святы».

Кнігі з пяцікніжжа Уладзіміра Арлова, якія можа набыць паасобку, каштуюць значна танней, чым знакамітая «Айчына».

ДЗЕ НАБЫЦЬ?

Падпісаць новыя кнігі можна на каляднай аўтограф-сесіі Уладзіміра Арлова ў сераду 20 снежня ў “Акадэмкнізе” з 18.00 да 20.00.

Чытачы змогуць атрымаць аўтографы таксама на бестселеры гэтага года – кнізе Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» і зрабіць цудоўны калядны падарунак сваім дзецям і ўнукам. Павел Татарнікаў таксама возьме ўдзел у аўтограф-сесіі і, як заўсёды, намалюе дзяўчынкам розных узростаў птушку шчасця, а хлопчыкам – “Пагоню”.