– 17 кастрычніка я, неабыякавы да дзедаўшчыны ў войску грамадзянін Беларусі, выйшаў у цэнтр Мінска, – успамінае Анатоль Уладзіміравіч. – Ля Камароўскага рынку ішоў збор подпісаў за адстаўку Андрэя Раўкова. На маю думку, менавіта міністр абароны непасрэдна адказвае за ўсё, што адбываецца ў беларускім войску. І менавіта ён павінен несці адказнасць, калі ў мірны час у арміі гінуць салдаты.

А ўчора ўвечары, правяраючы паштовую скрыню, я дастаў адтуль позву: сёння мяне будуць судзіць за збор гэтых подпісаў.

Адметнасць і ўнікальнасць гэтага судовага працэсу заключаецца ў тым, што гэта першы падобны працэс над грамадзянінам Беларусі, які не застаўся абыякавы пасля скандальнай сітуацыі ў Печах.

– Вы лічыце, што гэты суд мае чыста палітычны, а не юрыдычны падтэкст?

– Безумоўна! Па-першае, чаму працэс прызначаны менавіта на сёння? Таму, што сёння спаўняецца роўна два месяцы з дня збору подпісаў – заканчваецца тэрмін адказнасці за “злачынства”. Па-другое, я не знаёмы з матэрыяламі справы, якая на мяне заведзена. Закон патрабуе, каб асобу, якая здзейсніла правапарушэнне, выклікалі і далі магчымасць азнаёміцца з міліцэйскімі матэрыяламі. Мяне ніхто нікуды не запрашаў. Што гэта, як не “палітычны падтэкст”? Тым не менш у суд Савецкага раёна, які будзе разглядаць гэтую справу, я пайду. Хавацца, бегаць не збіраюся. Калі ў іншых судовых пасяджэннях у праваахоўнікаў калі-нікалі ёсць нейкія фармальныя падставы для прыцягнення да адказнасці палітычна актыўных людзей, то сённяшні суд, на маю думку, выключэнне. Нават фармальных падстаў для таго, каб мяне пакараць, няма. Я разумею, што беларускія суды гэта не спыняе, але абараняцца там я не маю намеру. Я збіраюся выступіць там у якасці пракурора. Буду даводзіць, што судзіць трэба ў першую чаргу тых армейскіх і міністэрскіх начальнікаў, якія дапусцілі гібель Аляксандра Коржыча.

– Верыце ў тое, што суд вас апраўдае?

– Не, не веру. Не для таго суд прызначаны на апошні магчымы для гэтага дзень. Гатовы і да штрафу, і да сутак. Дарэчы, калі ў мінулым годзе ў мяне было 16 судовых разбіральніцтваў – са штрафамі і адсідкамі, то бягучы год аказаўся менш “ураджайны”. Ёсць толькі 15 сутак за ўдзел у маладзечанскім “маршы недармаедаў”, сёння вось другое разбіральніцтва. Я гатовы да любога рашэння, мой “акрэсцінскі” набор з неабходнымі ў зняволенні рэчамі бяру з сабой у суд…