Анатоль Лябедзька аштрафаваны за збор подпісаў у падтрымку адстаўкі міністра абароны, сведка-міліцыянер прыгразіў яшчэ адным судом

38

Суд праходзіў без Лябедзькі, суддзя зафіксавала яго няяўку і пастанавіла слухаць справу без яго. Як высветлілася пазней, увесь час, пакуль ішло пасяджэнне, старшыня АГП і некалькі яго паплечнікаў па партыі знаходзіліся ў будынку суда і чакалі выкліку ў залу.

Збор подпісаў праходзіў 17 кастрычніка каля Камароўскага рынку. У той дзень правацэнтрысты (у кааліцыю ўваходзяць АГП, рух “За Свабоду” і аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”) пачалі кампанію “Не — дзедаўшчыне” за адстаўку Раўкова ў сувязі з гібеллю ў вучэбнай часці ў Печах пад Барысавам салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча.

Сведкамі ў судзе выступілі намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Савецкага РУУС Цімур Кесель і намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку гэтага РУУС Вячаслаў Шкут. Кесель заявіў, што знаёмы з Лябедзькам “па абавязку службы”. “17 кастрычніка ў 12.00 Лябедзька на прырыначнай тэрыторыі мінскага Камароўскага рынку ажыццяўляў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, а менавіта — збіраў подпісы за адстаўку міністра абароны Рэспублікі Беларусь у сувязі са смерцю ваеннаслужачага тэрміновай службы Коржыча. Пры гэтым, калі ён збіраў подпісы, ён тлумачыў грамадзянам, што за апошні час адбылося тры смерці ва Узброеных сілах, гвалтоўных, і за гэтыя смерці адказнасць, у тым ліку маральную, нясе міністр абароны, у сувязі з чым неабходна сабраць подпісы, каб яго адправіць у адстаўку”, — расказаў міліцыянер.

Шкут таксама знаёмы з палітыкам “па родзе службовай дзейнасці”. Паводле яго слоў, Лябедзька 17 кастрычніка “ажыццяўляў пэўнае апытанне-пікетаванне” і “досыць гучна выказваў сваю думку” пра смерць салдата ў Печах, “указваў, што гэтыя акалічнасці недапушчальныя і ў гэтым ён бачыць віну міністра абароны і заклікае грамадзян падысці да яго і паставіць свой подпіс”.

Як высветлілася, абодва сведкі назіралі за тым, што адбываецца, аднак ніхто з іх пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на месцы не складаў і Лябедзьку пра супрацьпраўнасць яго дзеянняў не папярэджваў.

Калі судовае пасяджэнне скончылася, у залу зайшлі Лябедзька і яго паплечнікі. Палітык выказаў абурэнне тым, што яго, які чакаў увесь гэты час пад дзвярыма, сакратар суда і сведкі не запрасілі ў залу. Пра тое, што судовае пасяджэнне ўжо завершана і ёсць рашэнне пра штраф, палітык даведаўся ад журналістаў. У калідоры Лябедзька стаў цікавіцца ў сведак-міліцыянераў, што яны казалі ў судзе і чаму, назіраючы за працэсам збору подпісаў, не папярэдзілі яго пра супрацьпраўнасць дзеянняў і не спынілі іх. На што Кесель адказаў, што, калі б яны яго затрымалі, гэта мела б “вялікі грамадскі рэзананс”.

Затым палітык з паплечнікамі і журналістамі пайшоў да старшыні суда і пакінуў запіс у кнізе скаргаў, сцвярджаючы, што ён на судовае пасяджэнне, прызначанае на тры гадзіны дня, не спазняўся, а сакратар суддзі не пацікавілася яго прысутнасцю і наўмысна не паклікала ў залу. Пры гэтым сакратар старшыні сцвярджала, што ён у суд спазніўся і з’явіўся, паводле запісу на пасту, толькі ў 15.07.

Тое, што адбывалася, Лябедзька апісаў журналістам як “поўны трэш” і “проста фантастыку”. “Такога ніколі не было. Я ніколі не мог падумаць, што, знаходзячыся ў будынку суда, можна не трапіць на свой судовы працэс: прастаяць там сорак хвілін каля дзвярэй, калі цябе бачылі і сакратар суддзі, і памочнік старшыні суда, якая выходзіла запрашаць сведак, праходзіла міма нас”, — адзначыў ён. Праз паўгадзіны, паводле слоў палітыка, ён пайшоў у канцылярыю суда шукаць, дзе праходзіць пасяджэнне. “Яны хвілін дзесяць хадзілі і нічога не маглі нам растлумачыць, дзе і што”, — дадаў Лябедзька.

Паводле яго слоў, каля будынка ён “літаральна на адну хвіліну затрымаўся на вуліцы”, паколькі даваў інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”, а міліцыянеры, якія пасля выступалі як сведкі, здымалі на відэа, як гэта інтэрв’ю праходзіць. “Яны ўвесь час былі з намі, сведкі зайшлі ў будынак пасля нас”, — сцвярджае старшыня партыі.

Лябедзька не пакідаў будынак суда каля сарака хвілін, увесь гэты час міліцыянеры-сведкі сачылі за тым, што адбываецца. Адзін з іх, Шкут, дастаў партатыўную відэакамеру і стаў здымаць. У нейкі момант Лябедзька ўступіў з імі ў сварку, якая перарасла ў пагрозы з боку міліцыі зноў прыцягнуць яго да адміністрацыйнай адказнасці. Палітык раіў міліцыянерам лавіць злачынцаў, а не займацца пераследам іншадумцаў, тыя адказвалі, што ад гэтага іх сваімі правапарушэннямі адцягвае Лябедзька.

Дзяжурны міліцыянер у форме папрасіў усіх спусціцца на першы паверх да выхаду. Там Кесель сказаў: “Анатоль Уладзіміравіч, да сустрэчы ў судзе!” Калі палітык пацікавіўся, у якім судзе, міліцыянер адказаў: “За абразу службовай асобы пры выкананні”.

Будынак суда Лябедзька і яго паплечнікі пакінулі бесперашкодна.

Поделиться ссылкой: