Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

18

У ліпені 2017 года непаўналетні пранік у інтэрнат, каб што-небудзь выкрасці, але гаспадар пакоя прачнуўся, і падлетак накінуўся на яго з нажом. Мужчына, якому было 24 гады, загінуў ад ран. У яго засталіся жонка і двое дзяцей.

“Прысудам судовай калегіі па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда абвінавачваны прызнаны вінаватым у замаху на таемнае выкраданне маёмасці (крадзеж), учыненае з пранікненнем у жыллё; у наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця іншага чалавека (забойстве), якое было ўчыненае з мэтай утаіць іншае злачынства, і на падставе ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 205, п. 8 ч. 2 арт. 139 КК з прымяненнем ч. 3 арт. 72 КК канчаткова яму прызначана пакаранне ў выглядзе 10 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў выхаваўчай калоніі”, — паведамляе прэс-служба Гомельскага абласнога суда.

З абвінавачванага пастаноўлена спагнаць на карысць пацярпелай матэрыяльнае пакрыццё маральнай шкоды ў 30.000 рублёў. Прысуд законную моц не набыў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

На судзе непаўналетні не змог патлумачыць, чаму забіў чалавека. Ён сказаў, што ў той вечар быў моцна п’яны.

Поделиться ссылкой: