Такую прапанову гісторык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк зрабіў у сваім выступленні на ІІ З’ездзе беларускіх навукоўцаў.

– Я падтрымліваю спадара Марзалюка, што тычыцца яго прапановы выкладаць гуманітарныя дысцыпліны на беларускай мове, – распавяла “Народнай Волі” Алена Анісім. – І ў той жа час лічу, што на беларускай мове могуць выкладацца абсалютна ўсе прадметы. Тут няма аніякай праблемы. Трэба даводзіць, што беларуская мова не з’яўляецца перашкодай для авалодання ведамі.

– Марзалюк прапануе плаўна папулярызаваць беларускую мову…

– Згодна, бо ўсялякія наскокі толькі шкодзяць. Іншая справа, што для таго, каб пераходзіць плаўна, трэба падрыхтаваць план дзеянняў. У свой час у законе “Аб мовах” былі вызначаны тэрміны пераходу на беларускую мову ва ўсіх сферах, і там называліся абсалютна рэальныя тэрміны. Каб усё тое, што планавалі, выконвалася, мы б жылі ў зусім іншай краіне. Але паколькі сёння мы адкінуты назад у плане беларусізацыі насельніцтва, то, як ужо казала, трэба прыняць адпаведны план дзеянняў. Неабходна адкрыта казаць пра тое, што не зроблена, і рабіць работу над памылкамі.

– Хто павінен прыняць гэты план?

– На мой погляд, ён павінен быць распрацаваны з удзелам дзяржаўных органаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і парламента. Асабіста я зараз працую над пытаннем аб правядзенні грамадскіх слуханняў па тэме беларускай мовы ў заканадаўстве. І на пустым месцы сутыкнулася з вялікай праблемай.

– Як вы ацэньваеце гэты год, калі казаць пра сітуацыю з беларускамоўнай адукацыяй. Пагоршылася яна альбо засталася на старым месцы?

– Я сказала б, што ніякіх асаблівых зрухаў не адбылося па той простай прычыне, што ўвогуле сістэма адукацыі знаходзіцца ў вялікім заняпадзе і крызісе. Таму праблема беларускамоўнага навучання ляжыць у плоскасці агульнага крызісу.