Любая прафесія пачынаецца з азоў, з асноў, з падмурку. На першым курсе журналістам звычайна распавядаюць пра тое, што асноўны прынцып прафесіі – аб’ектыўнасць.

І гэта не трэба запісваць у канспект, з гэтым журналіст павінен жыць.

У аснове аб’ектыўнасці ляжыць факт. Гэта тое што здарылася, што адбылося, што ўжо нельга адмяніць

Пад аб’ектыўнасцю ў журналістыцы, зразумела, маецца на ўвазе не навуковая дакладнасць, а асвятленне фактаў, якое выключае любое праяўленне эмоцый з боку аўтара і аддзяляе факт ад меркавання.

Хаця, сучасная журналістыка ў большай ступені пераўтварылася ў ідэалагічны інструмент, ідэалагічную зброю. Факты перакручваюцца так, як выгадна таму ці іншаму зацікаўленаму боку. Гэта зараз называецца “журналістыкай меркаванняў, аўтарскім поглядам”.

Пакутуе ад гэтага, у першую чаргу – спажывец інфармацыі.

Чытач газеты, глядач тэлебачання ці карыстальнік інтэрнета, шукаючы інфармацыю, так ці іначай вымушаны займаць чыйсці бок, выбіраць тую трактоўку факта, якая падыходзіць канкрэтна яму. За гэтым усім часта губляецца сам факт.

Голы, як людзі ў лазні факт. Без трактовак і аўтарскіх тлумачэнняў.

Яшчэ адна бяда для грамадства заключаецца ў тым, што журналісты – людзі, якія павінны інфармаваць, проста “апускаюць” нязручныя факты, па-сутнасці, скажаючы інфармацыю, дакладней робячы яе не поўнай.

За прыкладамі далёка хадзіць не будзем.

Нядаўна быў апублікаваны рэйтынг  пашуковых запытаў у Яндэксе. Вынікі былі агучаны наступныя: самым папулярным запытам быў: “Дзень волі-2017”. Брутальны разгон мірнай дэманстрацыі, які адбыўся яшчэ вясной, выклікаў найбольшую цікавасць у нас з вамі. Акрамя гэтага людзі актыўна шукалі інфармацыю наконт пошуку хлопчыка, зніклага ў Белавежскай пушчы Максіма Мархалюка. Далей ішоў “Славянскі базар” у Віцебску, таксама людзі шукалі інфармацыю пра падвышэння ўзроўня пражытачнага мінімума і  дзень нараджэння Мінска.

Вось гэта і ёсць факты! Якія не перапішаш, не заменіш і не адрэдакціруеш, як бы не хацеў, калі ізноў жа кіравацца галоўным прыцыпам на якім стаіць сусветная журналістыка – аб’ектыўнасцю.

У той жа час галоўнае дзяржаўнае інфармагенцтва краіны, змяшчаючы навіну пра самыя папулярныя інтэрнэт-запыты беларусаў узяло на сябе ролю “цэнзара” грамадскай цікавасці – не згадаўшы тое, што адной з самых хвалючых для беларусаў падзей стаў, менавіта, разагнаны Дзень Волі. Вось такая выбарачная аб’ектыўнасць.

Яшчэ адным прыкладам “псеўдаабектыўнасці” можа служыць інфармацыйная хваля, якая паднялася ў СМІ падчас расследавання справы “Белага легіёна”. З экранаў беларускага тэлебачання, якое ўтрымліваецца, дарэчы, за грошы падаткаплацельшчыкаў, нам расказвалі: у Беларусі “рассакрэчана” група баевікоў, якія неслі пагрозу грамадству. Не адставалі ад тэлевізійшчыкаў і супрацоўнікі дзяржаўных друкаваных СМІ, спаборнічаючы ў словаблуддзі мэтай, якога было “як мага прыгажэй” змяшаць усіх фігурантаў гэтай справы з брудам. Рабілася гэта яшчэ да меркаванага суда – грамадсткую думку спрабавалі падрыхтаваць да таго, што ўсе “легіёнаўцы” – злачынцы. Для гэтага прыводзіліся “правераныя і бясспрэчныя факты”, якія “даказвалі” віну затрыманых. Што ў выніку? Справа адкрыта – “баявікі на волі”, да суда, дзякуй Богу, не дайшло? Хто адкажа за яўную лухту, якая лілася ў “выкрывальных артыкулах”? Куды глядзіць Міністэрства інфармацыі Беларусі? Хаця гэта, хутчэй – пытанні рытарычныя.

У той жа час, сёння у Докшыцкі РАУС, верагодна, па чарговы штраф ідзе журналіст Зміцер Лупач. Ідзе туды за тое, што якасна выканаў сваю працу, аб’ектыўна абгрунтаваўшы праблему, якая ўсяго толькі і заключалася ў адсутнасці чыгуначанага прыпынку ў Параф’янаве…

Выснова з усяго гэтага напрошваецца несуцяшальная: пакуль беларускае грамадства і айчынная журналістыка ў прыватнасці будзе хварэць  на выбарачную аб’ектыўнасць, яно, грамадства, ніколі не будзе жыць у згодзе з сабой…