Згодна са звесткамі следства, начальнік упраўлення з ліпеня 2016 года па сакавік 2017-га, дзейнічаючы як асабіста, так і паводле папярэдняй змовы з намеснікам, сістэматычна атрымлівала ў якасці хабару матэрыяльныя каштоўнасці (у тым ліку спіртныя напоі і прадукты харчавання) за спрыяльнае вырашэнне пытанняў аб непрыцягненні дырэктараў прыватных прадпрыемстваў да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб гандлі.

Следчыя ўстанавілі, што службовыя асобы атрымлівалі хабар і ў іншых выпадках. Так, на адным з папярэдніх судовых пасяджэнняў дырэктар прыватнага прадпрыемства «Грыль-бар» Юрый Цян паведаміў, што не браў з Будкевіч грошы за харчаванне ў яго кафэ, спадзеючыся пасябраваць з чыноўніцай.

Як паведаміў суду першы намеснік Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Пацёмкін, летам 2016 года ён разам з Будкевіч і начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама Марынай Снытко наведваў кафэ «Жорж Сіманэ». На сцвярджэнне Пацёмкіна, туды яго запрасіла Снытко. Аднак хто плаціў за вячэру, яму невядома, сам жа ён не плаціў.

Выступаючы ў судзе, Снытко не ўспомніла, з якой нагоды вячэралі ў гэтым кафэ і хто каго запрашаў. Яна паведаміла, што купляла спіртное для вячэры, але за харчаванне не плаціла і хто яго аплачваў, таксама не ведае. Акрамя таго, ёй невядома, хто расплачваўся за сумесную вячэру ў рэстаране «Беладжыа» ў кампаніі яшчэ трох чыноўнікаў восенню таго ж года.

Раней былі заслуханыя матэрыялы справы, паводле якіх абвінавачаныя звярталіся да розных суб’ектаў гаспадарання па дапамогу ў арганізацыі харчавання дэлегацый, якія прыязджалі ў Магілёў, а таксама ў зборы прадуктаў у дарогу гасцям. Як мяркуе следства, суб’екты гаспадарання аказвалі дапамогу часта бясплатна.

«Калі ёсць даручэнне, то ўпраўленне гандлю адказвае за харчаванне», — заявіла выканаўца абавязкаў намесніка начальніка гарадскога ўпраўлення гандлю і паслуг Галіна Яскевіч. Кармілі ж дэлегацыі ў розных месцах, у тым ліку ў кафэ «Жорж Сіманэ» і рэстаране «Беладжыа», якія знаходзяцца ў цэнтры горада. Таксама гасцям перадавалі прадукты ў дарогу. «З працэдурай аплаты я не сутыкалася», — адзначыла Яскевіч, растлумачыўшы гэта тым, што падчас кіравання Будкевіч адказвала за іншы кірунак — узначальвала аддзел уліку, аналізу і бытавых паслуг.

Не змог растлумачыць суду, за якія сродкі былі аплачаныя сухія пайкі для ўдзельнікаў камандна-штабных вучэнняў у верасні 2016 года, намеснік начальніка кіравання справамі гарвыканкама Аляксандр Аскольчанка. У той час, будучы галоўным спецыялістам па працы з праваахоўнымі органамі і мабілізацыйнай працы, ён арганізоўваў харчаванне вайскоўцаў. Разам з тым Аскольчанка паведаміў, што прадукты перадаваліся без дакументаў. «У каналы паступлення прадуктаў я не ўнікаў», — сказаў ён.

Як раней паведамілі БелаПАН маці фігурантак, іх дочкі не прызнаюць віну. Маці Будкевіч Людміла Вераценнікава лічыць, што справа замоўленая, бо яе дачка, мабыць, камусьці перайшла дарогу. Яна таксама адзначыла, што пацярпелыя не патрабуюць ад падсудных пакрыцця шкоды. Вераценнікава звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі і ў Генеральную пракуратуру з просьбай спрыяць аб’ектыўнаму разгляду справы.

Наступнае пасяджэнне суда прызначанае на 14 снежня.