У мітуслівыя снежаньскія дні напярэдадні калядна-навагодніх святаў Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь запрашае на традыцыйны канцэрт, вытрыманы ў класічным рэспектабельным стылі.

10 дзён да Раства: суботні вечар з Дзяржаўным камерным аркестрам 16 снежня

16 снежня на сцэне Вялікай залы філармоніі ў якасці салістаў (дырыжуе сам маэстра Яўген Бушкоў) выступяць вядучыя артысты аркестра, гонар гэтага славутага калектыву — Алег Подаў (скрыпка) і Яўген Мазынскі (альт) — артысты, якія не саступаюць у таленце і майстэрстве лепшым расійскім і заходнееўрапейскім музыкам. Сапраўдных знаўцаў і прыхільнікаў класікі чакае сустрэча з музыкай Моцарта і Міё, а таксама прэм’ера — упершыню ў Беларусі прагучыць твор чэшскага кампазітара Эрвіна Шульгофа «Пяць п’ес для струннага квартэта».

Аўтар опер і балетаў, сімфоній і інструментальных канцэртаў, пастаянны ўдзельнік ўсіх найбуйнейшых міжнародных фестываляў сучаснай музыкі, Эрвін Шульгоф быў неверагодна папулярны ў 20-х гадах мінулага стагоддзя, але яго смерць у канцэнтрацыйным лагеры Вюльцбург ў 1942 годзе прывяла да поўнага забыцця яго творчай спадчыны. Сваё «новае нараджэнне» творчасць Эрвіна Шульгофа атрымала на Фестывалі камернай музыкі Гідона Крэмера ў Локенхаузе (Аўстрыя). Цяпер, дзякуючы Яўгену Бушкову, музыка гэтага кампазітара — шмат у чым мадэрнісцкая, якая аб’яднала ў сабе эстэтыку барока, дадаізму, эстрады і джазу — паступова ўваходзіць у рэпертуар беларускіх выканаўцаў.

Акрамя заяўленай праграмы, артысты Дзяржаўнага камернага аркестра абяцаюць парадаваць гледачоў музычнымі сюрпрызамі.

Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь

Галоўны дырыжор — заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў

Салісты: Алег Подаў (скрыпка), Яўгенія Мазынская (альт), Мішэль Бушкова (фартэпіяна)

У праграме:

Д.Міё — Камерная сімфонія №4 для дзесяці струнных

В.А.Моцарт — Канцэрт №13 До мажор для фартэпіяна з аркестрам, KV 415

В.А.Моцарт — Канцэртная сімфонія Мі-бемоль мажор для скрыпкі і альта з аркестрам, KV 364

Э.Шульгоф – “Пяць п’ес для струнных” (прысвячэнне Д.Мійё) беларуская прэм’ера

Можна набыць на сайце філармоніі, кошт квітка — 9-15 рублёў.