— Падставай для ўвагі з боку міліцыі стаў мой сюжэт, які напачатку снежня выйшаў у эфіры “Белсата”, — распавядае “Народнай Волі” Зміцер Лупач. – У сюжэце распавядалася пра тое, як грамадскі актывіст Кастусь Шыталь збіраў подпісы для таго, каб цягнік №739 накірунку Мінск — Полацк рабіў абавязковы прыпынак на станцыі Парф’янава. Гэта было вельмі патрэбна мясцовым жыхарам. За паўтары дні Шыталь сабраў прыкладна 200 подпісаў. Я ў сваю чаргу рабіў сюжэт на гэтую тэму, у ім было апытанне мясцовых жыхароў, якія тлумачылі неабходнасць таго, каб цягнік спыняўся ў Парф’янава. Па сутнасці, была зроблена добрая справа, абазначана важная бытавая праблема.

За чыгуначны прыпынак журналіст Зміцер Лупач атрымае штраф?
Павестка

Адзначу, што праблему зразумелі і ў кіраўніцтве чыгункі – пасля аператыўнай рэакцыі з іх боку было прынята рашэнне, што цягнік Мінск—Полацк будзе рабіць дадатковы прыпынак у Парф’янаве.

— Таксама аператыўна зрэагавала і міліцыя. Вас прыцягнулі да адказнасці за выпушчаны ў эфір сюжэт…

Так, міліцэйскія супрацоўнікі зрэагавалі настолькі аператыўна і маланкава, што нават прыслалі павестку з памылкай у самім гэтым слове. Мяне абівнавачваюць паводле “папулярнага” для незалежных жкрналістаў артыкула адміністрацыйнага Кодэкса – “Парушэнне заканадаўства аб СМІ”. Наколькі я ведаю, у якасці доказнай базы па гэтай справе міліцыянеры апыталі начальніцу чыгуначнай станцыі; акрамя таго паглядзеўшы сюжэт на “Белсаце”, супрацоўнікі праваахоўных органаў расшукалі людзей, якія ўдзельнічалі ў апытанні “на камеру”. Усім ім было паказана маё фота, што пацвярджае: аўтарства сюжэта належыць мне.

— Дзмірый, спадзяванняў на тое, што скончыцца без пакарання ў вас, я так разумею, няма…

— Няма. Гэта ж не першы падобны выпадак у маёй практыцы. Толькі за апошні час я быў аштрафаваны на 95 базавых велічынь – за тры падрыхтаваныя для “Белсата” сюжэты. Заўтра ў Докшыцах выпішуць чарговы, чацвёрты па ліку штраф. Хавацца, бегаць ад міліцыі я не збіраюся. Канечне, паеду ў Докшыцкі РАУС. Паеду адзін, без адваката. Калі яшчэ на першую справу я браў з сабой абаронцу, то зараз упэўніўся: сэнсу ў гэтым ніякага няма – усё, як заўжды, пойдзе “па накатанай” і скончыцца штрафам. Але гэта ніяк не адаб’ецца на маім жаданні працаваць і далей…

Адзначым, што ціск на журналістаў, якія супрацоўнічаюць з “Белсатам”, мае ў Беларусі пастаянны характар. Зусім нядаўна штрафам у 40 базавых велічынь былі пакараны журналістка Любоў Лунёва і аператар Дзмітрый Краўчук. Праўда іх сюжэт у эфіры тэлеканала не з’явіўся…