Аднойчы падчас візіту ў Мінск галоўны трэнер зборнай Люксембурга распавёў, што за нацыянальную каманду выступаюць не толькі прафесіяналы, але і аматары – паштальёны, банкаўскія служачыя, настаўнікі. Адным словам, людзі, якія гуляюць за нацыянальную каманду, але пры гэтым дзе-небудзь працуюць альбо вучацца.

У Беларусі ўсе футбалісты вышэйшай лігі лічаць сябе стопрацэнтнымі прафесіяналамі і зарабляюць на жыццё толькі футболам. Праўда, у выніковай табліцы адборачнага турніру да чэмпіянату свету люксембургскія “паштальёны” аказаліся вышэй за беларускіх “профі”, якія занялі апошні радок.

Выпадак з Аляксеем Драчовым – рэдкае выключэнне. І размаўляем мы з ім менавіта ў “МакДональдсе”, дзе Аляксей займае пасаду інструктара вытворчага навучання ў начную змену…

“Я не ведаю больш ігракоў у нашым першынстве, якія ў вольны ад футбола час працавалі б гэтак жа паўнацэнна, як я, – кажа суразмоўца. – Увогуле, у мяне плаваючы графік працы – у сярэднім трэба за месяц адпрацаваць 18–20 змен. Работа толькі ноччу – у мае абавязкі ўваходзіць прафесійна-тэхнічнае абслугоўванне абсталявання і навучанне новых работнікаў. Адным словам, рыхтуем рэстаран да ранішняга адкрыцця”.

Аляксей скончыў Універсітэт фізкультуры па спецыяльнасці “трэнер па футболе, выкладчык па фізічнай культуры”, але трэнерам працаваць не захацеў.

“Неяк адна высокая дзяржаўная чыноўніца заявіла, што 130 рублёў для маладога спецыяліста – гэта нармальныя грошы, – пры гэтых словах мой суразмоўца ўсміхаецца. – Я на гэты конт маю іншае меркаванне. Безумоўна, пасля заканчэння ўніверсітэта мяне маглі б пэўны час падтрымліваць фінансава бацькі, але, на маю думку, здароваму хлопцу павінна быць сорамна казаць маці: “Дай грошай”. Таму спачатку працаваў у лагістычным цэнтры на складах, затым падаўся ў “МакДональдс”, застаюся там ужо чацвёрты год. Не так даўно сустракаліся з аднакурснікамі, распавядалі, хто і дзе ўладкаваўся. Нехта працуе выкладчыкам фізкультуры ў школе, хтосьці буцы прадае ў магазіне…”

Да апошняга часу хлопец гуляў у аматарскай футбольнай лізе, але неяк убачыў на адным спартыўным рэсурсе інтэрв’ю заснавальніка “Крумкачоў” Дзяніса Шунто. Той скардзіўся, што ў дубліруючым складзе “Крумкачоў” не хапае ігракоў.

“Вырашыў прапанаваць сваю кандыдатуру, – успамінае футбаліст. – Прыйшоў на прагляд на трэніроўку, залічылі ў склад каманды. Шчыра кажучы, фінансавы бок мяне не вельмі цікавіў, а апошнія два гады я наогул гуляў практычна бясплатна. Мінімальна нешта атрымліваў, але, калі ездзіў на сваёй машыне на трэніроўкі, то заробак нават не “адбіваў” страты на бензін. Аднак для мяне куды больш важны быў сам футбольны працэс. Сёлета дэбютаваў у вышэйшай лізе і ў матчы з “Віцебскам” правёў на полі ўсе 90 хвілін. Дарэчы, вынік быў нічыйны – 2:2. Фізічна складана давялося, таму што днём раней гуляў і за дубліруючы склад каманды. Добра яшчэ, што напярэдадні ў рэстаране далі два выхадныя, хаця такое шчасце выпадае не заўсёды. На працу я прыходжу ў 23.00, змена – да 7 гадзін раніцы. Памятаю, гулялі ў гасцях з брэсцкім “Дынама”, матч быў адразу пасля работы. Таму паспаць удалося толькі ў аўтобусе па дарозе ў Брэст”.

У “МакДональдсе” нармальна ўспрынялі сітуацыю, што іх работнік будзе выступаць у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе, і з гэтай нагоды нават жартуюць.

“Некаторыя кажуць: вось, маўляў, якія футбольныя кадры ў рэстаране падрыхтавалі! – працягвае Аляксей. – Сачылі за маім дэбютам, натуральна, што ў “Крумкачоў” з’явіліся новыя балельшчыкі. А хтосьці і да гэтага часу не ведае, што я яшчэ і футбаліст. Зрэшты, у “МакДональдсе” цудоўны калектыў, і ўсе мяне падтрымліваюць. Дарэчы, у “Крумкачах” атмасфера таксама неверагодна цудоўная. Ва ўсіх няма грошай, усе ў аднолькавым становішчы. І гэта, відаць, моцна аб’ядноўвае. Асабіста я восем месяцаў зусім не атрымліваў заробак, але ж у мяне была асноўная работа, якая і прыносіла даход. Хаця мне цяжка ўявіць, як можна наогул жыць без грошай. Таму ж украінскаму легіянеру Яраславу Багунову трэба было і кватэру ў Мінску здымаць, і харчавацца… Магчыма, клуб дапамагаў нейкім чынам.  Кіраўніцтва абяцае, што знойдзе фінансы, але ж дакладна не вядома, як будуць далей разгортвацца падзеі. Але, калі з іншага боку паглядзець на сітуацыю, то “Крумкачы” не дзяржаўныя грошы выкарыстоўваюць, а разлічваюць толькі на свае сілы. Натуральна, даводзілася складана. І футбалісты разумелі сітуацыю, гатовы былі дацярпець да канца сезона. Дарэчы, нягледзячы на тое, што “Крумкачы” ў гэтым сезоне часцей прайгравалі, чым атрымлівалі перамогі, балельшчыкі падтрымлівалі нас да канца і ніколі, што называецца, не грукалі палкамі ў вокны”.

Кантракт з клубам у Аляксея Драчова закончыўся 30 лістапада, але ён гатовы выступаць за “Крумкачоў” і далей.

“Калі буду запатрабаваны, то рады дапамагчы камандзе, – кажа ён. – Калі не, то сканцэнтруюся на працы ў “МакДональдсе”. Тым больш што заробкі там разоў у 14 большыя, чым у “Крумкачах”…