ЦВК: Акрамя беларусаў дэпутатамі мясцовых саветаў і членамі выбаркамаў могуць з’яўляцца і грамадзяне Расіі

21

Пра гэта 12 снежня журналістам паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, перадае БелаПАН.

“Магу сказаць, што шэраг грамадзян Расійскай Федэрацыі ўжо ўвайшлі ў склад выбарчых, у асноўным сельскіх, камісій. Хутчэй за ўсё, гэтыя камісіі знаходзяцца ў пасёлках, дзе раней размяшчаліся ваенныя гарадкі. У іх склад, як правіла, вылучаюцца былыя вайскоўцы”, — сказала яна.

Пры гэтым вылучацца ў склад выбарчых камісій маюць права тыя грамадзяне Расійскай Федэрацыі, у якіх ёсць від на жыхарства ў Беларусі, адзначыла Ярмошына.

“Яны таксама могуць абірацца дэпутатамі. Такое было ўжо і раней. Але прэтэндаваць на вызваленую пасаду ў савеце (а гэта ўжо статус дзяржаўнага служачага) яны, вядома, не могуць у сілу таго, што ім прыйдзецца мяняць грамадзянства”, — заявіла кіраўнік ЦВК.

Паводле афіцыйных дадзеных Цэнтральнай камісіі, у склад тэрытарыяльных камісій увайшло 11 грамадзян Расіі (колькасць камісій — 1.309, у іх увайшло 10.507 чалавек), у акруговыя і тэрытарыяльныя Мінска — два грамадзяніны Расіі (колькасць камісій 361, у іх увайшло 4.104 чалавекі).

Мясцовыя выбары адбудуцца ў Беларусі 18 лютага 2018 года.

Поделиться ссылкой: