Гэтае навуковае званне Станіслаў Шушкевіч атрымаў яшчэ ў савецкія часы. Шушкевіч – радыёфізік, мае Дзяржаўную прэмію БССР за 1988 год. Аднак, калі ў сучаснай Беларусі паводле ўказа А.Лукашэнкі вучоным пачалі выплачваць надбаўкі за навуковыя званні і ступені, Шушкевіча са спісу атрымальнікаў выкраслілі. Таксама гэтай надбаўкі пазбавілі вядомых вучоных, якія жывуць за межамі краіны, – напрыклад, сусветна вядомага матэматыка акадэміка Уладзіміра Платонава і заснавальніка і прэзідэнта ЕГУ, акадэміка Анатолія Міхайлава. Але Шушкевіч увесь час жыве ў Беларусі.

– Гэта было яшчэ ў тыя часы, калі Акадэмію ўзначальваў Аляксандр Вайтовіч,– расказвае Станіслаў Шушкевіч. – Сёння ён у апазіцыі да ўлады, а тады… Ён патэлефанаваў мне і пачаў такую гаворку, што, маўляў, надбаўку трэба пацвердзіць навуковымі дасягненнямі… На што я адказаў: “Ты атрымаў загад пазбавіць мяне членкараўскіх, вось я іх і пазбаўлены…” Усё гэта былі старанні Вайтовіча, каб дагадзіць Лукашэнку. У 1997 годзе Лукашэнка мяне пазбавіў пенсіі кіраўніка дзяржавы і працягваў гэтую агідную практыку.

– З тых часоў вы ні разу не ўздымалі гэтае пытанне. Што зараз змянілася?

– Напрыканцы 1990-х я разумеў, што магу зарабляць болей, чым гэтыя членкараўскія. Трэба было толькі ездзіць, чытаць лекцыі. А цяпер – узрост, здароўе здало. Я спадзяюся, што, у адпаведнасці з існуючым заканадаўствам, з новага года мне гэтую даплату змогуць аднавіць, і падаў заяву.

– Але ж надбаўку даюць не за былыя дасягненні, з вучоных штогод патрабуюць справаздачы аб навуковай дзейнасці…

– Відавочна, што калі мяне пазбаўлялі надбаўкі, то нейкім чынам гэта абгрунтавалі: маўляў, Шушкевіч адарваўся ад навукі. Але я яшчэ Вайтовічу казаў, што, калі яго запросяць у Кембрыдж, Оксфард, Ельскі ўніверсітэт, што ён тады скажа? Што адарваўся ад навукі? А мяне запрашаюць. Для мяне гэты крытэрый значна больш важкі, чым меркаванне прыдворных вучоных. Я не магу эксперыментальнай фізікай займацца, знаходзячыся ў такім становішчы, у якім я. І гэта, дарэчы, не патрабуецца па заканадаўстве. Даплаты за акадэмічныя званні даюцца і вучоным-пенсіянерам за навуковыя заслугі. У мяне іх хапае.

– Калі ўсё атрымаецца, станеце багатым! Апошнія гады вам жа пачалі выплачваць звычайную пенсію па ўзросце замест тых капеек, што плацілі як былому кіраўніку Вярхоўнага Савета…

– Пенсію па ўзросце два гады таму тайна аформіла жонка. А як усё атрымалася? Мы пачыталі з ёю, што часам адбываецца з нашчадкамі, калі яны дзеляць нейкую маёмасць, і я напісаў жонцы генеральную даверанасць, што яна можа ад майго імя рабіць што хоча. І яна, карыстаючыся гэтай даверанасцю, мяне “аблапошыла”: пайшла ў сацыяльную службу і аформіла пенсію па ўзросце.

– І колькі атрымліваеце?

– На лекі, якія мне прапісаны, не хапае. Трэба тры такія пенсіі…

– Як выжываеце?

– Яшчэ тое-сеё здольны зрабіць, варушуся, але ўжо не так, як раней.

Я павінен быў атрымліваць прыстойную пенсію, але Лукашэнка як дробны хуліган, парушаючы законы, адмяніў пастанову Вярхоўнага Савета  аб пажыццёвай пенсіі былым кіраўнікам дзяржавы, падпісаў свой дэкрэт, якім каму захацеў, таму прызначыў пенсію ў залежнасці ад заробкаў дзеючых прэм’ера, спікера парламента, а мне, Георгію Таразевічу, Сямёну Шарэцкаму, Мечыславу Грыбу і Міхаілу Чыгіру  пенсію пакінуў на тым узроўні, на якім яна знаходзілася на момант падпісання дэкрэта. Адразу гэта было 300 долараў, але страшэнная інфляцыя, якая пануе ў Беларусі, хутка “з’ела” гэтыя грошы. Апошнія 10 гадоў мая пенсія складала ў пераліку на сённяшнія грошы 32 капейкі!

Я доўгі час змагаўся за свае правы. Для мяне была ганьба атрымліваць пенсію па ўзросце, калі я меў права на больш прыстойную пенсію. Я звяртаўся ў суд, да тагачасных прэм’ер-міністра, старшынь  Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў,  кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Тагачаснаму старшыні Вышэйшага Гаспадарчага суда Беларусі Віктару Камянкову я пісаў у лісце, што мая пенсія ганьбіць не толькі таго, хто яе прызначыў сваім дэкрэтам, але і ўсе дзяржаўныя інстытуты, якія маюць дачыненне да сацыяльнага забеспячэння. Дарэчы, Арбітражны суд мяне падтрымаў, але пенсію кіраўніка дзяржавы ўсё роўна не далі.

– Станіслаў Станіслававіч, а ў Акадэмію зараз па сваёй ініцыятыве звярнуліся ці, можа, ізноў жонка?

– З нашай Акадэміяй я падтрымліваю стасункі, удзельнічаю ў яе працы. На апошні Агульны сход хадзіў, калі выбіралі новых акадэмікаў і членкараў, быў на выніковым сходзе, прысутнічаю на пасяджэннях у сваім аддзяленні.  Лісты з Акадэміі розныя атрымліваю. Даведаўся, што існуе парадак, паводле якога можна атрымаць надбаўку за званне члена-карэспандэнта, і падаў заяву. І мяркую, што ў наступным годзе членкараўскія атрымаю. Няма сёння акадэмікаў і членкараў, якія жылі б у Беларусі і ім гэтыя грошы не выплачвалі.  Я адзін такі застаўся…

КАЛЬКУЛЯТАР

Колькі “каштуе” званне акадэміка і члена-карэспандэнта

Рашэнне Акадэміі навук адносна членкараўскай надбаўкі Станіслава Шушкевіча стане вядома не пазней за 15 студеня 2018 года. У адпаведнасці з указам прэзідэнта выплаты за званні і ступені прызначаюцца вучоным штогод, і менавіта да 15 студзеня Прэзідыум НАН сваім рашэннем вызначае спіс атрымальнікаў.

Памер даплаты складае суму, роўную 12 тарыфным стаўкам першага разраду, для членаў-карэспандэнтаў і 14 – для акадэмікаў. З 1 верасня тарыфная стаўка першага разраду павышана да 33 рублёў, таму сёння членкары і акадэмікі маюць штомесяц дадатковы даход 396 рублёў і 462 рублі адпаведна. Прычым атрымліваць гэтыя даплаты могуць акадэмікі і членкары, якія выйшлі на пенсію. А для вучоных-пенсіянераў, якія маюць званні дацэнта і прафесара, такія надбаўкі не прадугледжаны. У свой час гэтае пытанне ўзнімалася, гучала прапанова ўнесці ў Закон “Аб пенсіённым забеспячэнні” норму, якая прадугледжвала б захаванне на пенсіі даплат за вучоную ступень доктара навук і вучонае званне прафесара. Але нічога з гэтай ініцыятывы не атрымалася.