Пасля пасяджэння 7–8 снежня 1917 г., на якім адбылося першае ўрачыстае адкрыццё Усебеларускага з’езда (пра гэта чытайте ў “Народнай Волі” за 5 снежня), праблема канчатковага яго складу і паўнамоцтваў дэлегаваных на яго асоб, аднак, канчаткова вырашана не была.

 Працяг

Беларускі абласны камітэт па-ранейшаму збіраўся склікаць свой з’езд у Рагачове, у сувязі з чым Вялікая Беларуская Рада вяла з ім няпростыя перамовы. 8 снежня Рада Усебеларускага з’езда накіравала ў БАК тэлеграму наступнага зместу: “Усебеларускі З’езд у складзе 500 правамоцных дэлегатаў адкрыты. Дэлегаты працягваюць прыбываць”.

Даведаўшыся, што ВБР усё-такі здолела адкрыць з’езд, прадстаўнікі БАК урэшце былі змушаны пагадзіцца далучыцца да яго. Прычыны гэтага кроку прабальшавіцкага органа тлумачыць гісторык Дарота Міхалюк: па-першае, ігнараваць уражвальную і прадстаўнічую цырымонію вечара і ночы з 7 на 8 снежня ўжо ніяк не выпадала, а па-другое, “лідары БАК разлічвалі таксама захапіць кіраўніцтва і паўплываць на рэзалюцыі Усебеларускага з’езда”. У сваю чаргу ВБР разлічвала, што з далучэннем БАК да правядзення з’езда ўдасца пазбегнуць канфлікту з бальшавікамі; немалаважным чыннікам было і тое, што БАК атрымаў з Петраграда салідную як на той час грашовую падтрымку на арганізацыю з’езда. Пэўную ролю ў прыняцці кансалідаванага рашэння пра далейшы ход з’езда адыграў і той факт, што 9 снежня ў Брэсце пачаліся перамовы Савецкай Расіі з дзяржавамі германскага блоку, і пытанне пра лёс Беларусі і цэласнасці яе тэрыторыі ў будучыні не на жарт устрывожыла прадстаўнікоў самых розных беларускіх палітычных плыняў.

У выніку першы склад Рады Усебеларускага з’езда прыняў супольнае з БАК рашэнне пра тое, каб правесці паўторнае ўрачыстае адкрыццё з’езда праз некалькі дзён пасля прыбыцця на яго прадстаўнікоў БАК і яшчэ большай колькасці дэлегатаў.

Як напісаў у сваёй вядомай кнізе “Белорусское движение” (Масква, 1921) гісторык і грамадскі дзеяч Фёдар Турук, грунтуючыся на дакументах, што ён тады меў у сваім распараджэнні, “на 1-м Всебелорусском съезде, официально открытом в Минске 14 декабря, присутствовало 1872 делегата, из которых 1167 с правом решающего голоса”. Сярод іх пераважалі прадстаўнікі дэмакратычных дзелавых і дзяржаўных устаноў. Найпаўней былі прадстаўлены вайсковыя арганізацыі беларусаў і валасныя земствы. У палітычных адносінах на з’ездзе выявілі сябе такія групоўкі, як беспартыйныя зямляцтвы, сацыялісты ад усіх беларускіх губерняў, правыя і левыя сацыял-рэвалюцыянеры, меншавікі і меншавікі-інтэрнацыяналісты, бальшавікі, Беларуская Сацыялістычная Грамада, Беларуская партыя народных сацыялістаў, Беларуская партыя хрысціянскіх дэмакратаў і досыць вялікая колькасць дробных груп. Дэлегаты прыехалі ў Менск з усіх частак Беларусі, ад кожнай губерні. Не маглі прыбыць некаторыя беларусы з акупаванай кайзераўскімі войскамі “акругі Обер-Ост”, але заходнія губерні былі прадстаўлены дэлегатамі ад арганізацый бежанцаў, што паходзілі з гэтых тэрыторый.

Далучэнне да з’езда новых дэлегатаў выклікала неабходнасць перафарміравання выбранага 7 снежня прэзідыума Рады з’езда. 14 снежня быў зацверджаны яго новы склад. Старшынёй прэзідыума стаў ураджэнец Наваградчыны і выпускнік Варшаўскага ветэрынарнага інстытута Янка Серада. Даўні дзеяч беларускага нацыянальнага руху, Серада ў 1917 г. далучыўся да адроджанай БСГ. Пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ён стаў спачатку народным сакратаром сельскай гаспадаркі, а пасля і старшынёй Рады БНР; увайшоў у склад ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. У падсавецкай Беларусі Серада вярнуўся да выкладчыцкай і навуковай працы, стаў дацэнтам Горацкай сельгасакадэміі, сярод іншага аўтарам грунтоўнага падручніка “Ветэрынарыя і зоагігіена” (Мінск, 1927–1928). У 1930 г. быў арыштаваны па сфабрыкаванай ГПУ справе “Саюза вызвалення Беларусі”, высланы на 5 гадоў у Расію. У 1941 г. Сераду арыштавалі паўторна і асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі; ва ўзросце 64 гадоў ён знік без вестак у Краснаярскім краі пасля датэрміновага вызвалення ў лістападзе 1943 года.

На Першым Усебеларускім з’ездзе намеснікамі Янкі Серады былі выбраны паэт і нядаўні шматгадовы палітвязень Аляксандр Прушынскі (Алесь Гарун) і прадстаўнік БАК студэнт А.Вазіла. Ганаровымі старшынямі з’езда абралі ветэрана антыцарскага змагання, памешчыка і былога народніка Анатоля Бонч-Асмалоўскага, а таксама акадэміка Петраградскай Акадэміі навук, прафесара, аўтара капітальнай працы “Беларусы” Яўхіма Карскага. У новы склад Рады Усебеларускага з’езда ўвайшлі каля 60 чалавек, у тым ліку 12 сялян (па два ад кожнай губерні), тры прадстаўнікі чыгуначнікаў, па два прадстаўнікі ад кожнага фронту і ад Балтыйскага флоту, па адным прадстаўніку ад ВБР, Беларускай Цэнтральнай Вайсковай рады, БАК, Выканаўчай камісіі Другога беларускага з’езда ў Маскве, Краёвага бюро, фракцый палітычных партый (як беларускіх, так і агульнарасійскіх), земска-гарадской групы, кааператыўнай групы, паштова-тэлеграфных службоўцаў, настаўнікаў, бежанскіх арганізацый. Гэта ўсё не былі ананімныя асобы: у складзе Рады з’езда актыўна працавалі банкаўскія службоўцы Алесь Бурбіс і Язэп Дыла; вышэйзгаданыя акадэмік мовазнаўства Яўхім Карскі і паэт Алесь Гарун; аграном, дэпутат Менскай гарадской думы Аркадзь Смоліч; адвакат Аляксандр Цвікевіч, народныя настаўнікі Макар Касцевіч (Краўцоў), Палута Бадунова, Г.Астроўскі, Д.Ганчарэнка; журналіст Язэп Варонка; генерал артылерыі Канстанцін Аляксееўскі, капітан Яўген Ладноў, артылерыйскі афіцэр Васіль Захарка; юрыст А.Кусэ-Цюз, тэхнік-электрык Язэп Мамонька, інспектар кааперацыі Пётра Крачэўскі, міравы суддзя Язэп Сушынскі, паштовы чыноўнік Б.Шымко і іншыя. Не хачу стамляць чытачоў доўгім пералікам прозвішчаў, але нашы сучаснікі павінны ведаць, што падмурак беларускай незалежнасці сто гадоў таму закладалі не абстрактныя “безыменныя сілы”, варожыя некаму і нечаму, а рэальныя людзі, якія мелі розныя, часам супрацьлеглыя, палітычныя погляды, аднак адчувалі сваю персанальную адказнасць за лёс роднай для іх Беларусі.

Пасяджэнні органаў з’езда адбываліся не толькі ў будынку Менскага гарадскога тэатра (ён не мог змясціць усіх), але і ў так званым Дваранскім доме, сустрэчы секцый і камісій праходзілі таксама і ў іншых месцах. Як падкрэслівае тая ж Дарота Міхалюк, “сацыяльнае становішча ўдзельнікаў з’езда было збольшага аднастайным: у ім удзельнічалі ў асноўным прадстаўнікі ніжэйшых і сярэдніх слаёў грамадства (амаль на 90%)”. Пры такім раскладзе левае крыло беларускага нацыянальнага руху мела на Усебеларускім з’ездзе дамінантныя пазіцыі, і бальшавіцкія ўлады Петраграда адчувалі сябе адносна спакойна ў чаканні рашэнняў гэтага з’езда. Яны былі ўпэўнены, што з’езд адназначна падтрымае Савецкую ўладу і створыць у Беларусі чыста дэкаратыўнае нацыянальнае прадстаўніцтва, цалкам залежнае ад бальшавікоў…