“Час д’ябла можа вярнуцца”

18

На ёй можна пабачыць не толькі карціны мастака апошніх гадоў, але і ўнікальныя творы мастацтва з ягонай прыватнай калекцыі. Адшуканыя па гарышчах і хатах вяскоўцаў, яны адчувальна ахінулі выставу духам беларускай старасвеччыны. Сёння знакаміты творца – госць “Народнай Волі”.

“Моладзь нічога не чула пра Курапаты, затое ведае пра “Лінію Сталіна”

– Спадар Аляксей, ваша выстава праходзіць у фае Палаца мастацтва. Варта толькі пераступіць парог – і апынаешся сярод вашых карцін. Чаму вы, прызнаны майстра, для сустрэчы са сваімі прыхільнікамі выбралі такое непрэстыжнае месца?

– Чаму непрэстыжнае? Як па мне – дык вельмі прэстыжнае. Гэта такая выспа свабоды ў нашым палацы, тут людзі ходзяць, не купляючы квіткоў. На гэтай пляцоўцы апошнім часам праходзіла выстава, прысвечаная ахвярам  сталінскіх рэпрэсій. Да таго ж у канцы кастрычніка мы адзначалі 80-я ўгодкі піку сталінскага тэрору. Усё гэта мяне хвалюе, я адчуваў, што мушу нешта зрабіць. І я напісаў карціну “Час д’ябла” – на выставе яна займае цэнтральнае месца. А ўвогуле тут я паказваю каля сотні сваіх прац. Плюс чужых – каля сямідзесяці. На першы погляд, здаецца, пляцоўка малая, але насамрэч месца хапае, творы шчыльна вісяць, як гронкі ў  вінаградніку. Прадстаўлены і працы апошніх гадоў (скажам, “Глорыя Алена”), і ранейшыя – вялікі партрэт Алега Бембеля, які сёння вядомы як паэт Зніч і манах Жыровіцкага манастыра. Мяне калісьці вельмі моцна ўразілі яго радкі: “Раскрыжаванне кат завершыў, / Аблашчыў кужаль кроў жыцця. / Так, плашчаніца – гэта першы / Мой бел-чырвона-белы сьцяг!”.

– Наведнікі выставы надоўга прыпыняюцца каля згаданага “Часу д’ябла”. Мяне ўразіла, што многія з іх (асабліва малодшыя) нічога не ведаюць пра Курапаты, і вы былі вымушаны тлумачыць…

– Ведаеш, мяне гэта ўжо не ўражвае, гэта вынік шматгадовай дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі. Мне тут дапамагала карціны надпісваць адна дзяўчына, навучэнка педагагічнага каледжа, дык яна таксама нічога не ведала пра Курапаты. Гэта пра што гаворыць? Што маладое пакаленне, якому трохі больш за 20 гадоў, пра рэпрэсіі 1930-х гадоў мае хіба прыблізнае ўяўленне. У школе і ВНУ – гэта закрытая тэма. Цікава, што калі я запытаўся ў моладзі пра “Лінію Сталіна”, то пачуў у адказ: а як жа, чулі, ведаем. Усё гэта вельмі сумна. Сумна і тое, што сённяшняя ўлада падзяляе грамадства на сваіх і чужых: мы (улада) і яны (апазіцыя). А так быць не павінна. Мне хочацца дажыць да таго часу, калі слова “мы” будзе азначаць нас усіх, разам з уладай. Сёння ў нас, на жаль, не нацыятворчая ўлада. Цяперашнім чыноўнікам няма даверу, бо яны думаюць у першую чаргу не пра Беларусь, а пра свой камфорт. Вяртаючыся да тэмы Курапатаў, згадайма: і Лех Валенса там пабыў, і прэзідэнт ЗША Біл Клінтан. А кіраўнік Беларусі – ні разу. За 23 гады.

“Крывавае кола ГПУ–НКВД–МГБ–КГБ пракацілася па мільёнах жыццяў”

– Здаецца, у апавяданні Борхеса Бог спыняе кулю, якая ляціць у сэрца мастака. Каб ён паспеў дапісаць сваю карціну. І на вашай карціне “Час д’ябла” – спыненыя кулі. Каб паэты паспелі дапісаць свае вершы?

– Гэта такі кінематаграфічны прыём – куля бярэцца буйным планам і раптам застывае. І ў мяне яны застылі. На палатне цяжка паказаць палёт кулі. І ты  правільна заўважыў: расстраляны ў Курапатах паэт Алесь Дудар свой верш дапісаў, ён заканчваецца упісаным у карціну радком: “Сіл такіх няма, каб нас перадушыць!”. А калі карціна была ўжо фактычна завершана, мне адзін знаёмец прачытаў верш расійскага паэта Барыса Карнілава (ён, дарэчы, быў жанаты на беларусцы): “Ох, как веет душком нечистым / От тебя, гражданин чекист! / Я плюю на твои наветы, / На помойную яму лжи, / Есть поэты, будут поэты, / Ты ж, паскуда, живи и дрожи!”. І я таксама ўвёў гэтыя радкі ў карціну. Нешта запісваць на палотнах мяне натхніў Язэп Драздовіч. Я доўгія гады збіраў яго спадчыну, і калі знаходзіў новы твор, то глядзеў на другі бок палатна – што там напісана? А ён даваў там безліч усякай інфармацыі: чый партрэт, пры якіх абставінах намаляваны і г.д. І вось я таксама пачаў на некаторых творах запісы рабіць. Аднойчы калега Мікола Ісаёнак папракнуў мяне: “Ты малюеш нонканфармісцскія творы, а ўлада ж гэтага не любіць. А я вось пішу краявіды, балотцы, бярозкі”. Дык я намаляваў шарж і надпісаў: “Штодня малюю хмызнякі / і застаюся на вякі”. А калі я неяк сядзеў на Акрэсціна, то хадзіў туды-сюды па камеры і раптам бачу – дзверы як твор мастацтва! На іх былі выдрапаны імёны, нейкія словы. Дзверы тыя, вядома, шматкроць фарбаваліся, але рэльефы засталіся, і мне было цікава іх расшыфраваць.  Але спачатку я ішоў не ад слова, а ад вобраза, ад уласных перажыванняў, свайго разумення Курапацкай трагедыі. Той жа “Час д’ябла” – твор не дакументальны, там няма ні катаў, ні ахвяр. Толькі крывавае кола сталіншчыны, на якім напісана: “ГПУ–НКВД–МГБ–КГБ–ФСБ”, якое праехалася па мільёнах людскіх жыццяў… Любой уладзе не патрэбны вальнадумцы (а талент – заўсёды вальнадумны), ёй патрэбны паслухмяныя людзі-вінцікі, якія і данос на суседа напішуць, і выбары дапамогуць сфальсіфікаваць. Нездарма поруч з “Часам д’ябла” вісіць карціна, на якой пазнаецца адна вядомая асоба. Я назваў твор “Калядоўшчыца” (другая назва – “КаЛІДАванне”), бачыце, там і чарпак, і каструля з баршчом…

– Дык гэта партрэт Лідзіі Ярмошынай?

– Можна і так лічыць.

– Я гляджу на карціну “Час д’ябла”, і мне прыгадваецца радок Сяргея Грахоўскага (двойчы вязня ГУЛАГа): “Пракацілася эпохі кола па хрыбетніку маім”. А ці можа тое жудаснае кола вярнуцца і яшчэ раз пракаціцца па беларускай зямлі?

– Такая небяспека ёсць, час д’ябла можа вярнуцца. Паколькі мы звязаны саюзам з Расіяй, і нашы начальнікі проста спісваюць з Крамля тое, што там робіцца. Мне нехта казаў, што нават школьныя падручнікі ў нас пішуць з аглядкай на Расію. А там сёння ўздымаюць на катурны бацюшку-цара, там ставяць помнікі Сталіну (нядаўна і ў Маскве паставілі). “Русский мир” за апошнія два дзесяцігоддзі моцна ўкараніўся ў Беларусі. А зірніце, як асвятляецца ў расійскіх СМІ  кастрычніцкі пераварот! Крэмль, як выглядае, да яго крытычна ставіцца толькі таму, што пасля перавароту была знішчана Расійская імперыя. Пуціну гэта не даспадобы, таму і не адзначаліся на дзяржаўным узроўні нядаўнія 100-я ўгодкі колішняй “вялікай рэвалюцыі”. Героем для Крамля цяпер – святы  Уладзімір, “збіральнік рускіх земляў”. Трэба “отторженное возвратить”. Адсюль вайна ва Украіне, адсюль небяспека і нам, беларусам.

“Прасніцы – матэрыял з незвычайнай беларускай энергетыкай!”

– Вы малюеце не толькі на палатне, але і на прасніцах, якія сёння ўжо рэчы музейныя. Дзе вы іх знаходзіце? 

– Прасніцы – матэрыял з незвычайнай беларускай энергетыкай! Некаторым з іх больш за сто гадоў.  Я даўно займаюся прасніцамі, шмат іх у свой час назбіраў, яны заўсёды ёсць у мяне ў майстэрні. Самае цікавае, кожная з іх – непаўторная. Вось як збанкі ў ганчара – здаецца, яны ўсе аднолькавыя. А прыгледзішся – на кожным рукі майстра пакінулі свой адметны след. Так і прасніцы па форме ніколі не паўтараюцца. На іх я пішу і арнаментыку, і  Еўфрасінню Полацкую (узор – выява ў полацкай царкве). Тая выява нагадвае мне маю святой памяці жонку Ірыну. Прасніцы да ўсяго прыдатныя: і пад біблейскія сюжэты, і нават пад палітычную сатыру, дзе пазнаецца сённяшні начальнік краіны. У гэтым жанры ў мяне ўжо ёсць паслядоўнікі – Янка Рамановіч і Міхась Ляўковіч з Віцебска. І попытам такія распісаныя прасніцы карыстаюцца – скажам, іх ахвотна набываюць кавярні для аздобы сцен.

– Марачкін-мастак прызнаны і шанаваны ўсімі. Марачкін-паэт – таксама, вы адносна нядаўна сталі сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Але на гэтай выставе вы выступаеце яшчэ ў іпастасі збіральніка. Чым можа пахваліцца Марачкін-калекцыянер?

– Я не з тых ганарлівых мастакоў, якія толькі сябе лічаць вартымі ўвагі. Ужо многа гадоў я збіраю творы блізкіх мне па духу творцаў. У свой час я прайшоў дарогамі Язэпа Драздовіча, яны завялі мяне ў Вільню, дзе я пазнаёміўся з Пётрам Сергіевічам, які пазнаёміў мяне з Міхасём Сеўруком, вучнем Фердынанда Рушчыца… Мне ў жыцці была неабходная такая повязь пакаленняў, гэтыя знаёмствы былі мне наканаваны лёсам. Вось тут на выставе можна пабачыць невядомы твор Юдаля Пэна (настаўніка Марка Шагала), я даваў яго на экспертызу ў Нацыянальны музей. Мне сказалі: так, па почырку Пэн, хоць нідзе не падпісана. Як гэты твор да мяне трапіў? Яго падараваў мне на дзень народзінаў мой калега Валерый Кісялёў, з якім мы разам вучыліся ў Віцебску. Дарэчы, яго маці паходзіла з роду кампазітара Туранкова, іх сям’я жыла на Нямізе. А калі Нямігу руйнавалі, карціна трапіла да Кісялёва. Здаралася, скарбы самі плылі мне ў рукі рознымі шляхамі, за гады сабралася даволі шмат. Скажам, студэнты часта дарылі мне свае працы. А аднойчы мяне намаляваў Уладзімір Тоўсцік – я там музыку слухаю. Здаралася рознае. Скажам, падчас турыстычнай паездкі на пачатку 1980-х гадоў застаўся ў Францыі беларускі мастак Мікола Паўлоўскі. У Парыжы яму дапамог уладкавацца Барыс Забораў. Пра намеры Паўлоўскага застацца на Захадзе ў Мінску ведалі ўсяго два чалавекі – мастак Тодар Копша і я. Перад ад’ездам Мікола завёў мяне ў сваю майстэрню і паказаў зашытую дошкамі сцяну, дзе былі схаваны яго карціны. І папрасіў забраць іх, калі ён не вернецца. Мы з Копшам захавалі таямніцу, нікому не сказалі. А на той час гэта быў нечуваны скандал! Саюз мастакоў тады ўзначальваў Віктар Грамыка. Пікантнасці сітуацыі надаваў той факт, што Паўлоўскі ўваходзіў у КПСС. Для фунцыянераў гэта было ўдарам – як гэта камуніст застаўся ў краіне “загніваючага капіталізму”?! Паўлоўскі, дарэчы, да гэтага часу жыве і наказаў мне распарадзіцца яго творамі, як палічу патрэбным. Яны і на выставе прадстаўлены.

“Знойдзены на Віцебшчыне Статут ВКЛ я перадаў у Полацкі музей кнігадруку”

– Калі вы збіралі спадчыну Драздовіча па вёсках, пра мастака тады мала хто ведаў. Сёння помнікі яму стаяць у Мінску і Глыбокім, у сталіцы ёсць вуліца Драздовіча, выйшаў у свет яго шыкоўны альбом. Вам прыемна ўсведамляць, што ў гэтым ёсць і ваша заслуга?

– Пра Язэпа Драздовіча я ўпершыню пачуў ад Арсеня Ліса, Зянона Пазьняка і Яўгена Куліка. Мяне адразу ўзрушыла, што мясціны Драздовіча – гэта і родныя мясціны маёй жонкі Ірыны. Я адразу ж паехаў на ровары па тых вёсках, дзе мастак перажыў фашысцкую акупацыю, выкладаў у школе астраномію і маляванне. Помню, прыязджаю ў вёску Верацеі, і адна жанчына здымае з гарышча і паказвае мне ўнікальную карціну Драздовіча “Мужык з панам цягаюцца”. Я быў проста ашаломлены. Пазней я перадаў гэты твор у Мастацкі фонд, адкуль ён трапіў у сталую экспазіцыю Полацкай галерэі. Ён і цяпер там, на самым пачэсным месцы. Пазней я прачытаў дзённікі Драздовіча, і – пайшло-панеслася. Дзякуючы запісам мастака, я знайшоў Статут ВКЛ, які потым перадаў у Полацкі музей кнігадруку. Сабраў шмат маляваных дываноў, нямала перадаў у Заслаўскі музей, а частка засталася ў мяне. Аднойчы (ужо на матацыкле) еду па вёсцы і бачу, як бабулька нясе бацвінне ў… дыванку Драздовіча! Я кінуў матацыкл пры плоце і прапанаваў дапамогу. Прынёс тое бацвінне, вытрас у загарадку, дзе свінні парохквалі, разгарнуў дыванок і бачу – не памыліўся. Прашу бабульку прадаць, а яна – нізашто. Кажа: а ў чым я бацвінне буду насіць? Я пабег у краму і купіў ёй харошую посцілку. А бабуля: ой, у такой шкада бацвінне насіць, але дыванок забірай… Драздовіч раздаваў свае творы за ежу, за начлег, многае, вядома ж, загінула, але нямала і захавалася, людзі збераглі. Так адна жанчына перадала мне малюнак “Самагоншчыкі ў Галубіцкай пушчы”.

– Каля гэтага твора пасля адкрыцця выставы цэлая дыскусія адбылася. Дасведчаныя знаўцы гаварылі, што самагонка ў Драздовіча струмком льецца, а трэба, каб капала, тады будзе моцны пяршак.

– Тут, прызнаюся, мне бракуе досведу… Калі думаю пра Драздовіча, мне ўспамінаецца драматург і першы народны артыст Беларусі Уладзіслаў Галубок. Ён вельмі абярэжліва ставіўся да сваіх рукапісаў і вазіў іх з сабою ў адмысловым куфры. А НКВД яго арыштавала, і дзе той куфар падзеўся? З сарака п’ес Галубка да нас дайшоў добра калі дзясятак. А вось Драздовіч, наадварот, нічога не зберагаў, усё раздаваў людзям. І спадчына яго ў большасці выпадкаў збераглася.

– На выставе я нечакана ўбачыў графіку Уладзіміра Пузыні, нашага знакамітага сурмача. Я і не ведаў, што ён быў яшчэ і таленавітым мастаком.

– Дык і я не ведаў. Я ўдзячны лёсу, што быў з Пузынем знаёмы. Гэта быў такі шчыры беларус, выдатны майстра, які мог зрабіць і дуду, і сурму, і жалейку. Неяк мне патэлефанавала яго жонка Валянціна: што рабіць з альбомам Валодзевых малюнкаў? Я паглядзеў – каля дваццаці выдатных графічных прац. Навагрудскі замак, партрэт Генадзя Цітовіча, зроблены з натуры. Дальбог, не горш, чым у Драздовіча.

“Калі ў нас мастак мысліць крыху іначай, то адразу трапляе пад прыцэл”

– Пагаварыўшы пра Марачкіна-мастака і Марачкіна-калекцыянера, не магу не прыгадаць радкі Марачкіна-паэта: “Такое нам не навіна, / Я ў эпіцэнтры калатнечы. / Ідзе сапраўдная вайна, / Не адсядзішся, дзед, на печы”. Вайна з акопамі – што стаіць у вас за гэтым вобразам?

– Акоп для мяне – гэта мая майстэрня. У мяне сапраўды такое адчуванне, быццам я трапіў на вайну. У нас калі чалавек хоць крышачку мысліць іначай, чым яму дыктуюць зверху, то ён трапляе пад прыцэл. Каб я не быў пад прыцэлам, то мае творы можна было б пабачыць у сталай экспазіцыі ў Нацыянальным музеі. Мая карціна “Вераніка і Максім” там экспанавалася, але, калі музей наведваў начальнік краіны, яе знялі і назад не вярнулі. Калі сёння “выходзіш з акопа”, то трэба не раздражняць уладу, быць свабодным, наколькі дазволена. Але калі душа прагне сказаць нешта крытычнае, я залажу ў свой акоп. Сяджу там і нікому не паказваю, што раблю. Акоп дапамагае мне засяродзіцца, рабіць тое, што мне хочацца. Хто ведае, можа, я часам і памыляюся ў сваёй ацэнцы людзей. Скажам, у паказе той жа “Калядоўшчыцы”. Але так ужо атрымалася.

– Вы доўгі час узначальвалі мастацкую суполку “Пагоня”, у маніфесце якой запісана: “Наша зброя – любоў да Бацькаўшчыны”. Але хіба любоў можа быць зброяй?

– Можа. Любоў да роднай мовы, да ўсяго беларускага – сёння гэта наша зброя. Калі мы ўсе загаворым па-расійску, калі знікне беларуская мова, нас Расія забярэ голымі рукамі – “вы же наши”. Таму і мова – наша зброя. Згадайма, як Хрыстос у храме разганяў гандляроў. Ён жа не хадзіў паміж сталоў і не ўпрошваў, а браў кій і гнаў прэч. Мой кій, мая рашучая зброя – гэта мая любоў да беларушчыны, мой пэндзаль і маё пяро.

– Ад нядаўняга часу “Пагоню” ўзначаліў ваш сын Ігар. Калі вы кіравалі суполкай, то і пад дубінкі траплялі, і ў пастарунак. Якіх якасцяў вы пажадаеце Марачкіну-малодшаму і яго калегам-“пагонічам”?

– Я вельмі ўсцешаны, што сын працягвае маю лінію. Магчыма, ён гэта робіць больш асцярожна, паколькі з’яўляецца выкладчыкам Мастацкага каледжа імя Ахрэмчыка. Сын свае веды, сваё беларускае слова перадае дзецям. Дастаткова сказаць, што адна яго выпускніца нядаўна прысвяціла свой дыплом Кастусю Каліноўскаму, і гэта была выдатная праца, якая паказвалася на прафесійных выставах. Беларускі характар у сына ў наяўнасці, нездарма спадчыну Драздовіча мы збіралі разам. Хоць усё роўна паміж бацькам і сынам не заўсёды ўсё бывае гладка, але гэта нармальна. Галоўнае маё пажаданне – працягваць традыцыі “Пагоні”, быць на вастрыі падзей. Наперадзе ў нас 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі, і Саюз мастакоў запланаваў выставу, прысвечаную гэтаму юбілею. І кіраўніцтва суполкі, і ўсе “пагонічы” павінны прапагандаваць ідэі БНР і падштурхоўваць мастакоў, каб яны на тую выставу прапанавалі адпаведныя творы. Мы ад сваёй гісторыі нікуды не дзенемся. Мы маем смеласць памятаць, мы маем смеласць гаварыць, і мы маем смеласць дзейнічаць.

Подпісы да фота

  1. Міхась Скобла і Аляксей Марачкін на выставе “Збор-2”.
  2. Аляксей Марачкін. “Час д’ябла”. 2017 год.
  3. Аляксей Марачкін. “Калядоўшчыца”. 2016 год.
  4. Прыгажосць заўсёды натхняе… “Глорыя Алена”. 2016 год.

Поделиться ссылкой: