Гэта значыць, што ў Беларусі ўсё ж такі з’явіцца альтэрнатыўная арганізацыя, якая будзе займацца праблемамі ў айчынным войску.

— Пасля першай няўдалай спробы зарэгістраваць назву “Камітэт салдацкіх маці” мы паўторна падалі дакументы на рэгістрацыю ўстановы, — распавядае “Народнай Волі” кіраўніца арганізацыі Наталля Гарачка. – Чыноўнікі выступілі супраць таго, каб у назве было слова “Камітэт”, таму прыйшлося прыдумваць новую назву, якую зарэгістравалі без праблем.

Гэта азначае, што наша ўстанова атрымала дазвол на працу па ўсёй Беларусі —  і філіялы ўстановы “Маці вайскоўцаў” будуць адкрыты па ўсёй краіне. Але перад гэтым кіраўніцтва нашай арганізацыі збярэцца і абмяркуе палажэнні статуту, якім мы будзем кіравацца ў сваёй дзейнасці. Падкрэслю, для нас вельмі важна працаваць адкрыта і законна.

Пасля гэтага пойдзем на рэгістрацыю.

— Каб афіцына супрацоўнічаць з Мінабароны Беларусі?

— Так. Але, жадання ісці з намі на кантакт у гэтым ведамстве крыху паменела. Я ж казала “Народнай Волі” пра тое, як хадзіла ў Мінстэрства абароны, як размаўляла з адказнымі вайскоўцамі – у вуснай форме згода на супрацоўніцтва ад іх была. Але ў афіцыйным адказе, які я на свой зварот адтуль атрымала, аптымізму меней. Там напісана, што ў краіне ў Беларусі ўжо ёсць падобная арганізацыя – Беларуская грамадская арганізацыя салдацкіх маці. Але гэта вядома і без афіцыйнага адказу. Папера, якая прыйшла з Мінабароны, на мой погляд, фармальная, ніхто не захацеў унікнуць у сутнасць пытання. А пытанне палягае ў наступным: каб пазбегнуць праблемных выпадкаў у беларускім войску, грамадства павінна мець доступ да інфармацыі пра ўмовы службы нашых сыноў. І мы гатовы гэтую інфармацыю збіраць і распаўсюджваць.

У афіцыйным адказе з вайсковага ведамства няма прамога адказа, ці гатова Мінабароны з намі супрацоўнічаць. Спачатку, там спасылаліся на тое, што наша ўстанова незарэгістравана. Паглядзім, што скажуць пасля яе афіцыйнай рэгістрацыі…

Зараз афармляецца афіцыйная рэгістрацыя арганізацыі “Маці вайскоўцаў”, пасля чаго Наталля працягне размову з Міністэрствм абароны пра форму супрацоўніцтва, балазе для гэтага ёсць усе законныя падставы.