«Мы гатовыя пачаць перамовы аб заключэнні базавага пагаднення, — сказаў ён. — Гэта пытанне (калі пачнуцца перамовы. — БелаПАН.) трэба задаць ЕС. Яны былі гатовыя ў значна меншай ступені. Але я з задавальненнем убачыў, што еўракамісар Ёханес Хан заявіў аб гатоўнасці пачаць абмеркаванне элементаў будучага пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве, калі ён сустракаўся з нашым прэм’ер-міністрам на беларуска-еўрапейскім інвестыцыйным форуме ў Люксембургу».

Паводле слоў Краўчанкі, такая заява еўракамісара — «добры знак». «Канкрэтнай дамоўленасці пра пачатак перамоваў яшчэ няма, але я з аптымізмам гляджу на гэту магчымасць», — адзначыў намеснік кіраўніка беларускага МЗС.

На пытанне, ці будзе пагадненне з Беларуссю адрознівацца ад аналагічных пагадненняў ЕС з іншымі краінамі, Краўчанка адказаў: «Гэтага мы яшчэ не ведаем. Мы павінны будзем сесці за стол і паглядзець, што можа зрабіць ЕС, і што можам мы. Гэта будзе перамоўны працэс , таму пакуль рана пра гэта казаць».