Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Герлінд Мэгес пасьля заканчэньня ў 2012 унівэрсытэту ў Нюрнбэргу працуе ў аддзяленьні псыхіятрыі і псыхатэрапіі бэрлінскай клінікі «Шарытэ».
10:09 11 снежня 2017
195
Памер шрыфта
Ілюстрацыя ©Shutterstock

Прымае пацыентаў, якім неабходная дыягностыка памяці — каб папярэдзіць разьвіцьцё дэмэнцыі (узроставы разлад інтэлекту), у тым ліку такой яе асноўнай і незваротнай формы, як хвароба Альцгаймэра, якая сёньня прызнаецца за адну з галоўных мэдыка-сацыяльных праблемаў.

Падступства захворваньня ў тым, што яно малапрыкметна, пакрысе, цягам 10–20–30 гадоў разбурае клеткі галаўнога мозгу і прыводзіць чалавека да поўнай страты ідэнтычнасьці. Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя (УААЗ), кожныя тры сэкунды на Зямлі мэдыкі дыягнастуюць новы выпадак дэмэнцыі. Сёньня такіх хворых ужо больш за 47 мільёнаў. Кожныя 20 год іх колькасьць, згодна з прагнозамі, будзе падвойвацца. Калі ўзяць радзіму Гэрлінд Мэгес — Нямеччыну, то цяпер колькасьць такіх людзей там дасягнула 1,5 мільёна, у Расеі — ад 1,3 да 1,8 мільёна.

У Беларусі, паводле навукоўцаў, якія займаюцца гэтай праблемай, дакладнага рэестру хворых няма. Мэдыкі толькі кажуць, што з ростам старэньня насельніцтва, праблема дэмэнцыі становіцца ўсё больш актуальнай для нашай краіны.

Пра гэта ды іншае мы гутарылі з Гэрлінд Мэгес, калі яна дзякуючы Праграме падтрымкі Беларусі фэдэральнага ўраду Нямеччыны наведала Менск ды Віцебск. У Віцебскім мэдычным унівэрсытэце маладая бэрлінская дасьледчыца разам з калегамі зь Беларусі ды Расеі ўзяла ўдзел у навукова-практычнай канфэрэнцыі «Атака на ідэнтычнасьць у сучасным сьвеце: праблемы дэмэнцыі».

Расказваю суразмоўцы гісторыю, якая некалькі год таму здарылася ў маім доме.

Адна прыватная менская гісторыя

Мы жылі ў суседніх пад’ездах. Не скажу, каб я надта добра ведала тую сям’ю — Сяргея, нестарога яшчэ мужчыну (крыху за 50), і яго маці, жанчыну статную, усё яшчэ прыгожую, нягледзячы на тое, што ёй ішоў восьмы дзясятак. Кожны раз пры сустрэчы мы па-суседзку віталіся і размаўлялі.

Адчувалася, што людзі яны былі вельмі адукаваныя і выхаваныя. Сяргей у свой час скончыў юрфак, выкладаў права, але пазьней пайшоў з працы і стаў зарабляць як музыкант, выступаючы на вясельлях. Маці да пэнсіі таксама працавала ў сыстэме адукацыі, выкладала эстэтыку.

Зь нейкага часу, аднак, пачало зьдзіўляць, што яна нібыта ігнаруе мяне — перастала адказваць на вітаньні. А потым здарылася сустрэча, якая ўвогуле ашаламіла.

Стаяла позьняя вясна, на суседцы было элегантнае зімовае паліто з футрам. Спыніўшы мяне непадалёк ад свайго пад’езду, яна спытала, дзе бліжэйшы прыпынак грамадзкага транспарту (ён быў літаральна перад вачыма), каб даехаць да дому, дзе яна жыве. На паперцы быў запісаны хатні адрас.

Празь некаторы час, сустрэўшы Сяргея, я пачула, што ягоная маці прапала. Аказалася, у яе была хвароба Альцгаймэра.

Спачатку ён не зьвяртаў увагі на яе бытавую забыўлівасьць — думаў, што гэта звычайныя прыкметы старога веку. Тым больш што яна заставалася цікавым суразмоўцам, магла прыводзіць шмат цытатаў зь літаратуры, добра памятала тое, што было зь ёй у далёкім мінулым. Гэта і ўводзіла ў зман — і сына, і яе саму.

Калі заўважылі больш сур’ёзныя праявы, дэзарыентацыю ў часе і прасторы, працэс ужо зайшоў вельмі далёка. У інтэрнат уладкаваць старую было немагчыма — нават пры набліжэньні да шпіталя яна вельмі палохалася, крычала, што яе хочуць замкнуць у вар’ятні. Увесь клопат аб маці — якой, дарэчы, не далі інваліднасьці, — лёг на сына.

Часамі яму здавалася, што ён сам звар’яцеў. Жанчына станавілася агрэсіўнай. Усё імкнулася некуды зьбегчы. Ня выпусьціць яе было немагчыма, а таму сын пастаянна клаў ёй у кішэні паперкі з адрасам. Нярэдка маці прыводзілі дахаты чужыя людзі.

Апошнім разам яна так і не вярнулася.

Гады праз два, як маці зьнікла, Сяргея забілі. Родных братоў ды сясьцёр у яго не было, бацькі ня стала яшчэ раней. Трохпакаёвая, з добрай пляніроўкай кватэра не была прыватызаваная, а таму адышла дзяржаве.

…Канец Сяргеевай гісторыі бэрлінскай лекарцы не расказваю — гэта ўжо не сацыяльна-мэдычная тэма. Аднак і бяз гэтага чую ў адказ шчырыя словы спачуваньня.

Як знаходзяць «уцекачоў» у Нямеччыне

— Усё гэта вельмі трагічна, — кажа Гэрлінд Мэгес. — Тое, што такія людзі ўцякаюць з дому, гэта і для іх саміх небясьпечна, і псыхалягічна цяжка для тых, хто аб іх клапоціцца.

Гэтая тэма важная і для нас у Нямеччыне. Чалавек зь цяжкімі кагнітыўнымі праблемамі, які цалкам страціў здольнасьць арыентавацца, нярэдка апынаецца адзін на вуліцы, прычым ня толькі летам, але і ў такую пару, як цяпер, калі можна проста замерзнуць насьмерць.

У нашай краіне параўнальна даўно дзейнічае праект нямецкага аддзяленьня валянтэрскай арганізацыі Alzheimer’s Disease International. «Схільным да ўцёкаў» людзям з дэмэнцыяй — яны ў нас усе зарэгістраваныя ў сацыяльных службах — замест паперак з адрасамі выдаюцца розныя гаджэты з сыстэмай GPS-сачэньня. Адпаведныя прылады маюць і сваякі або іншыя людзі, якія клапоцяцца аб хворым. Гэта дапамагае знайсьці «ўцекача».

— У Беларусі многія людзі перадпэнсійнага веку баяцца старасьці, якая можа зрабіць зь іх бездапаможных маразматыкаў — і чалавек тады стане цяжарам для сваіх родных. Або, можа, родныя проста кінуць яго. Пра тое, што такія людзі адрынутыя грамадзтвам, увогуле лішне казаць. У Нямеччыне, краіне нашмат багацейшай ды больш сацыяльнай, гэта інакш?

— Страх перад дэмэнцыяй, стратай на схіле жыцьця ўласнай ідэнтычнасьці — гэта актуальная праблема для немцаў. Хвароба Альцгаймэра, на якую сёньня ў нас цярпіць 1,5 мільёна чалавек і супраць якой фактычна няма лекаў, рэальна можа напаткаць кожнага. Думаю, што выпадкі, калі родныя абыякавыя да лёсу сваіх старых хворых сямейнікаў, здараюцца ва ўсім сьвеце. У нас, калі ў чалавека няма нікога, хто б мог ці жадаў пра яго паклапаціцца, гэтае пытаньне вырашаецца праз суд. Але калі высьвятляецца, што ў самотнага чалавека такое цяжкае псыхічнае захворваньне, то клопат пра яго кладзецца на плечы сацыяльных службаў. Гэта трагічна, калі чалавек нікому не патрэбны. Асабіста ў мяне няма страху перад старасьцю. Я люблю старых і людзей увогуле. Лічу, што такая пара жыцьця, як старасьць, проста пакуль недаацэненая.

Прафэсію герантоляга абрала таму, што вельмі любіла бабулю

— Я чула, што на хваробу Альцгаймэра доўгі час хварэла ваша бабуля…

— Так. Яе хвароба стала адной з прычын, чаму я абрала гэтую прафэсію. Бабулю я вельмі любіла. Яна была здаровым, актыўным чалавекам. І нечакана для ўсіх захварэла на «альцгаймэр». Як паказваюць дасьледаваньні, толькі ў двух выпадках з трох дэмэнцыю можна прадухіліць здаровым ладам жыцьця. Траціна людзей, у якіх узьнікае гэтая праблема, на працягу ўсяго свайго жыцьця былі актыўнымі, спартыўнымі, інтэлектуальнымі, разумна харчаваліся — карацей, выконвалі ўсе правілы.

Я доўгі час жыла з бабуляй, калі вучылася ва ўнівэрсытэце. Потым наведвала яе кожныя выходныя. Яна траціла сваю ідэнтычнасьць у мяне на вачах. Фізычна яна выглядала даволі моцнай. Але мэнтальна ўжо не магла справіцца з той штодзённасьцю, якая неабходная для любога чалавека. Напрыклад, арганізацыя ўласнага дня. Без падтрымкі звонку яна ўжо не магла абысьціся. Адначасна яна станавілася ўсё больш мітусьлівай. Магла па пяць і больш разоў за кароткі час задаваць адно і тое ж пытаньне. А потым ужо перастала размаўляць наагул. Але ад яе ішло столькі любові да ўсіх! І мяне цешыла, што ёй удалося такой застацца. Яна не была агрэсіўнай. Нават на позьніх стадыях хваробы не стамлялася дзякаваць сваёй вялікай сям’і, што пра яе так клапоцяцца. Яна была маці чатырох дзяцей і бабуляй адзінаццаці ўнукаў. Ніколі такога не здаралася, каб побач зь ёй не было некага з нас. Бабуля заставалася дома. Атрымлівала амбуляторную дапамогу. Дарэчы, за час маёй працы і нават раней я назірала шмат любові да такіх хворых з боку іхніх сваякоў ды блізкіх.

Галоўнае — паставіць правільны дыягназ

— На канфэрэнцыі шмат гаварылася пра тое, што агульная абазнанасьць у пытаньнях дэмэнцыі і яе прыкмет у Беларусі надзвычай нізкая. Многія людзі, якія заўважаюць праблемы з памяцьцю, зьвяртаюцца проста не на той адрас: або да тэрапэўтаў, або да нэўролягаў, або да кардыёлягаў, радзей за ўсё — да псыхіятраў. У выніку здараецца і няправільная пастаноўка дыягназу, і неадэкватнае лячэньне.

Што вы самі лічыце галоўным у працы з хваробай Альцгаймэра ды іншымі формамі дэмэнцыі? Якога веку пацыенты зьвяртаюцца на прыём дзеля раньняй дыягностыкі дэмэнцыі? Якія парады вы ім даяце?

— Самае галоўнае ў працы з захворваньнем — гэта вызначыць само захворваньне: дзе хвароба Альцгаймэра, дзе зьмяшаныя тыпы дэмэнцыі, розныя іншыя кагнітыўныя парушэньні. Калі пацыент зьвяртаецца па дыягностыку на раньняй стадыі, то змаганьне з хваробай можа быць эфэктыўным. Некаторыя віды дэмэнцыі добра паддаюцца лячэньню. І нават пры цяжэйшых праблемах пэўныя працэсы ўдаецца запаволіць.

Здараецца таксама, што ў чалавека ўвогуле няма дэмэнцыі, хоць ёсьць сымптомы, якія наводзяць на думку пра яе. Такое бывае пры інсульце, дэпрэсіі, алькагалізьме, некаторых інфэкцыях ды іншых хваравітых станах.

Паставіць дыягназ дапамагае комплекс розных дасьледаваньняў: праверка рухаў, функцыяў органаў пачуцьцяў. Праверка кагнітыўных здольнасьцяў з дапамогай розных тэстаў — на моўныя навыкі, памяць, канцэнтрацыю ўвагі і здольнасьць рашаць розныя задачы. У рамках амбуляторнага скрынінгу праводзіцца МРТ галаўнога мозгу і некаторыя іншыя спэцыфічныя дасьледаваньні.

Шмат дае размова з пацыентам. Найчасьцей на прыём прыходзяць пажылыя сямейныя пары пасьля 70. Як правіла, незвычайныя праявы ў паводзінах сужэнца заўважае жонка. Самыя раньнія прыкметы хваробы Альцгаймэра — парушэньне памяці на бягучыя падзеі, пры тым, што вельмі добра захоўваецца памяць глыбінная.

Прыходзяць і значна маладзейшыя, 50-гадовыя. Тыя, каго палохае раптоўнае пагаршэньне памяці: а раптам?.. Паводле апошніх навуковых дадзеных, памяць пачынае пагаршацца пасьля 30 гадоў.

Што да парадаў, то я рэкамэндую такія звычайныя рэчы, як спорт, навучаньне, актыўнасьць ды кантактаваньне зь людзьмі. Як герантоляг я засяроджваюся на тэме здаровага старэньня. Пра яго трэба думаць з маладых гадоў ды ісьці да яго ўсё жыцьцё. Мне пашчасьціла, што я родам зь вёскі і мне шмат даводзілася хадзіць пешшу або езьдзіць на ровары. Гэтая звычка захавалася ў мяне і ў Бэрліне. Нават да аэрапорту дабіраюся на ровары.

Нярэдка ў хворага зьяўляецца комплекс віны за сваю хваробу

— На канфэрэнцыі беларускія мэдыкі закраналі і такі момант, як стыгматызацыя ў грамадзтве чалавека з дэмэнцыяй. А калі размова заходзіць пра асобу адукаваную, інтэлектуальна прасунутую, нярэдка назіраецца «самастыгматызацыя» хворага. Чалавек баіцца зьвяртацца да адмыслоўцаў, усяляк абмяжоўвае ўласныя кантакты, абы на яго не навесілі таўро «стары прыдурак». Наколькі гэта актуальна для Нямеччыны?

— У нас для тых, хто займаецца такімі людзьмі, сёньня вельмі актуальнае пытаньне — наколькі можна быць адкрытым пры выстаўленьні чалавеку такога дыягназу. З аднаго боку, яму гэта трэба ведаць, каб яшчэ пры памяці ды сьвядомасьці выбраць, дзе яму, калі хвароба будзе на самай цяжкай стадыі, правесьці апошнія гады і месяцы свайго жыцьця: дома ці ў інтэрнаце? І гэта, і многае іншае трэба абмяркоўваць са сваімі роднымі загадзя. Зь іншага боку, калі чалавеку выстаўляеш дыягназ «Хвароба Альцгаймэра» (акрамя яго, ёсьць яшчэ дзясяткі іншых відаў незваротнай дэмэнцыі), то псыхалягічна для яго гэта яшчэ большы стрэс, чым рак. Нярэдка ў чалавека зьяўляецца ледзь ня комплекс віны за сваю хваробу. Але ж кожнаму трэба разумець, што дэмэнцыя можа напаткаць кожнага. Як і той жа рак. Раней, дарэчы, многія гэтаксама саромеліся гаварыць пра сваю анкалёгію. У стаўленьні чалавека і грамадзтва да захворваньняў накшталт хваробы Альцгаймэра шмат што павінна мяняцца.

Рэтратэрапія, або лекаваньне памяці

У Віцебску Гэрлінд Мэгес, акрамя выступу на канфэрэнцыі, зрабіла ў інтэрнаце для састарэлых ды інвалідаў даклад для сацыяльных работнікаў і азнаёмілася з тым, як тут лечаць і рэабілітуюць пацыентаў з кагнітыўнымі праблемамі.

— У мяне засталося ўражаньне цёплых адносін паміж пацыентамі і пэрсаналам. І падалося, што ў гэтым доме шмат што прадумана з гледзішча рэабілітацыі. Пацыенты чыстыя, дагледжаныя, — кажа бэрлінская лекарка-герантоляг. — Гэтак жа чыста і дагледжана ў пакоях. Унізе на першым паверсе — зімовы сад. На іншых паверхах праводзяцца самыя розныя віды рэабілітацыі: эргатэрапія, музычная тэрапія, шмат што іншае. Можна ўбачыць розныя неабходныя дэталі, прылады, прыстасаваньні, гульні, кабінэты фізіяпрацэдураў.

У інтэрнаце мы бачылі жанчыну, якая некалькі год таму паступіла да іх у ляжачым стане, з пролежнямі, фактычна нерухомая, але ўрэшце стала на ногі. Спачатку гэта было інваліднае крэсла, потым кіёк. Пацыентка пачала хадзіць, актыўна камунікаваць зь іншымі, стала ледзь не душой кампаніі. Як сказала адна з супрацоўніц, нават знайшла там сабе «бойфрэнда».

​— У гэтым інтэрнаце ёсьць адзін вельмі адметны пакой. Яго інтэр’ер аформлены ў стылі 1960–1970-х — савецкія плякаты з чырвонымі сьцягамі ды Леніным, іншыя атрыбуты, характэрныя для тагачасных «чырвоных куткоў». Самае цікавае, што нешта падобнае, «з камуністычным прыветам», можна сустрэць і ў некаторых дамах састарэлых Усходняй Нямеччыны. З вашага гледзішча, якое ўзьдзеяньне робіць на пацыента з мэнтальнымі праблемамі такая, як яе называюць тут, рэтратэрапія?

— У нас гэта называецца тэрапія памяці. Для тых людзей, якім дрэнна ў гэтым сьвеце, бо ён не адпавядае стану іхняй памяці, важна тое, што ёсьць асяродзьдзе, у якім ім камфортна. Розныя рэчы з ранейшых этапаў жыцьця пацыента, якія асацыююцца з пачуцьцём радасьці, задавальненьня, камфорту, могуць спрыяць паляпшэньню фізычных і кагнітыўных здольнасьцяў. Часьцяком, нават пры страце кароткатэрміновай памяці, пацыенты па-ранейшаму могуць аднаўляць у галаве падзеі са свайго дзяцінства і юнацтва.

Я чула ад пэрсаналу, што іхнія пацыенткі раз на тыдзень зьбіраюцца, каб гатаваць улюбёныя стравы савецкіх часоў. Салаты, гарачае, кампоты. Там ёсьць адмысловая пліта, аб якую немагчыма апячыся. Тое, што гэтыя людзі могуць радавацца жыцьцю, вельмі кранае.

Што рабіць тым, хто побач

— Як мы даведаліся ад адміністрацыі інтэрнату, пацыенты, якіх сваякі ўладкоўвалі да іх спачатку на некалькі тыдняў, потым месяцаў, ужо жывуць там некалькі год, і ніхто ня хоча вяртацца дадому. Гэта пры тым, што родныя рэгулярна наведваюць іх і пры неабходнасьці ў любы момант гатовыя забраць. Але такое — хутчэй выключэньне з правілаў. Найчасьцей таму, што такіх установаў, як віцебская, у нас адзінкі. Таму большасьць сем’яў павінны даглядаць такіх людзей дома. У выніку істотна пагаршаецца псыхічны і фізычны стан тых, хто побач з хворым.

— У Нямеччыне можна выбраць рашэньне, аптымальнае і для хворага, і для ягоных сваякоў. Але ж калі выбару няма, то дэмэнцыя становіцца сапраўдным выпрабаваньнем для тых, хто бярэ на сябе нялёгкую працу па доглядзе. Я б параіла такім людзям не забываць берагчы сябе. Не прымайце капрызы, крыўды, лаянку, агрэсію вашага роднага на свой рахунак. Старайцеся ўсяляк пазьбягаць канфрантацыі, бо ад яе ўсе праблемы. Паспрабуйце ня думаць пра тое, хто ў гэтым «вінаваты». Памятайце, што маеце справу зь цяжка хворым чалавекам.

А таму:

9 правілаў абыходжаньня з хворым на дэмэнцыю

Размаўляйце з хворым павольна і плаўна.

Пазьбягайце рэзка павышаць тон. Хворы можа забыць значэньне словаў, але ў яго захоўваецца здольнасьць да эмацыйнага перажываньня. Ён рэагуе найперш на інтанацыю.

Пераканайцеся, што вам удалося прыцягнуць увагу да сказанага вамі. Дзеля гэтага дакраніцеся да блізкага чалавека, глядзіце вочы ў вочы.

Ініцыятыва ў размове павінна належаць вам, бо па меры разьвіцьця дэмэнцыі хвораму ўсё складаней пачынаць гутарку самастойна.

Фармулюйце пытаньне так, каб на яго можна было адказаць адным-двума словамі: так, не, няма, ня ведаю.

Мінулае памятаецца лепш, чым цяперашняе, а таму з хворым на дэмэнцыю імкніцеся часьцей гаварыць пра далёкую мінуўшчыну, гэта яго супакойвае.

Часьцей абдымайце хворага, падчас сумесных прагулак трымайце яго за руку. Чым болей тактыльных кантактаў атрымлівае чалавек, тым больш упэўнена сябе адчувае.

Калі вы адчуваеце эмацыйнае зьнясіленьне, зьвяртайцеся да лекара. Ня дайце разьвіцца дэпрэсіі.

Не адмаўляецеся ад нічыёй дапамогі. Старайцеся штодня знаходзіць час на заняткі, якія вы любіце.

Аўтар: Алена Струвэ 
Крынiца: Радыё Свабода
Тэмы:, ,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Мохнатый доктор: как звери и птицы лечат людей

Не секрет, что хозяева кошек частенько хвастаются, что их пушистые любимцы способны облегчать состояние захворавших, приходят к ним спать и своим мурлыканьем снимают симптомы недугов. Еще Гиппократ со
21 снежня 2017

Гадалка-рецидивистка сняла порчу с якобы больного сына соседки за 3 500$

В прошлом месяце гомельчанка стала жертвой мошенницы, которая, раскинув карты, сообщила о смертельной болезни сына и выставила счет за услуги.
2 лістапада 2017

Паркинсон, Альцгеймер и другие

Что каждому из нас нужно знать о болезнях, которые все чаще ведут к смерти и инвалидности.