“Мы прывыклі казаць “Усход” і “Захад”, прывыклі думаць яшчэ катэгорыямі савецкага мыслення, — сказаў Макей. — Але мы лічым, што Беларусь знаходзіцца ў Еўропе. І Беларусь належыць да Еўропы. І геаграфічна, і палітычна мы блізкія, і з пункту гледжання гандлёва-эканамічнага для нас Еўропа, Еўрапейскі саюз з’яўляецца выключна важным партнёрам — другім па значнасці пасля Еўразійскага эканамічнага саюза, пасля Расіі“.

Паводле яго слоў, у “лепшыя гады” адносін, калі санкцыі не ўплывалі на гандлёва-эканамічныя адносіны, быў прыблізна аднолькавы тавараабарот і з Расіяй, і з Еўрасаюзам. “Сёння трошкі назіраецца дыспрапорцыя, але сітуацыя паступова пачынае выраўноўвацца”, — падкрэсліў кіраўнік МЗС.

Ён адзначыў, што ў адносінах вельмі важнай з’яўляецца менавіта гандлёва-эканамічная аснова. “Таму што нармальныя гандлёва-эканамічныя адносіны з Еўрапейскім саюзам, з Расіяй і Еўразійскім эканамічным саюзам, з краінамі далёкай дугі дазволяць нам умацоўваць нашу эканоміку. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да ўмацавання нашай палітычнай незалежнасці, суверэнітэту. Гэта выгадна краінам Захаду“, — сказаў Макей.

Кіраўнік МЗС нагадаў, што з ЕС у Беларусі 1.200 км агульнай мяжы. “У нас адкрытая мяжа з Расіяй, але з Еўрасаюзам мы забяспечваем дакладнае закрыццё мяжы”, — сказаў Макей. Паводле яго слоў, Беларусь уносіць сур’ёзны ўклад у барацьбу з нелегальнай міграцыяй, кантрабандай наркотыкаў і зброі.

“Нашы памежныя органы, дарэчы, вельмі цесна каардынуюць сваю дзейнасць з калегамі з Латвіі, Літвы і Польшчы. Гэта — таксама аснова для далейшага ўзаемадзеяння. І мы не хочам ствараць дадатковых нейкіх праблем у гэтым плане для краін Захаду”, — сказаў Макей.

Ён адзначыў, што Еўропа з’яўляецца для Беларусі крыніцай перадавых тэхналогій. “Мы зацікаўлены ў тэхналогіях і інвестыцыях з гэтых краін. Гэта таксама аснова для далейшага ўзаемадзеяння, — падкрэсліў кіраўнік МЗС. — Мы выдатна разумеем, што Еўропа, Еўрасаюз жыве па пэўных правілах, і калі мы хочам мець нармальныя адносіны з гэтай структурай або з гэтай краінай, то мы павінны таксама ўлічваць і тыя правілы, па якіх жывуць нашы партнёры”.

Макей дадаў: “Мы разумеем, што мы павінны тут недзе ўдасканаліць і нейкія моманты ў сябе, у нас у краіне. Нам абазначаюць некаторыя значныя моманты ў нашых адносінах, звязаныя з гуманітарнай сферай, правамі чалавека і іншым”.

Пры гэтым ён адзначыў, што сёння ёсць абсалютна дакладнае і “поўнае разуменне ў партнёраў на Захадзе: як нам рухацца далей, што нам трэба ўдасканаліць, у якіх сферах”. “Я перакананы, што гэта разуменне таго, што ў нас ёсць больш агульнага, дазволіць нам дасягнуць поспеху і зрабіць працэс нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і краінамі Захаду незваротным”, — сказаў Макей.