
Гэтая выстава для Мінска – падзея традыцыйная. Раз у колькі месяцаў пад дахам аднаго з выставачных комплексаў сталіцы збіраюцца майстры, якія прапаноўваюць наведвальнікам выставы цікавыя рэчы, што называецца “хэндмэйд”. На гэты раз “Млын” праходзіць у выставачным цэнтры на Пераможцаў, 14.
На ўваходзе выставачнага павільёна на вочы адразу трапляецца “бокс”, аздоблены ў навагоднім інтэр’еры. Гэта не дзіўна, бо да свята з аліўе, шампанскім і мандарынамі застаюцца лічаныя тыдні.
Гаспадараць у гэтай выставачнай “кропцы” дзве прыгожыя жанчыны – Таццяна Аношка і Алена Макарава.

— Малады чалавек, вам елка драўляная на Новы год не патрэбная, — запрашае падысці бліжэй Таццяна.
Ледзьве не зачапіўшы елку, падыходжу. Прыглядаюся – “экспанат” выглядае і сапраўды незвычайным, але ж я аддаю перавагу жывым дрэвам у хаце на Новы год. Тым не менш, задавальняючы выключна журналісцкі інтарэс, цікаўлюся пра навагодні асартымент у Таццяны.
— Увогуле, мы з Аленай фларысты, — распавядае Таццяна Аношка. – Займаемся кветкамі, інтэр’ерамі, а на “Млыне” спрабуем сябе з дробяззю. У гэты раз прадставілі наведвальнікам “навагоднюю лінейку” уласных вырабаў. Бачыце у нас і навагоднія вяночкі і елкі, прыгожыя навагоднія кампазіцыі.
Вось гэтая драўляная, на якую вы звярнулі ўвагу, зроблена з галінак таполі. Кара з галінак знятая, адшліфаваная і сабрана па форме елкі. Каб сваімі рукамі сабраць такую елку, патрэбна два дні: спачатку збіраецца сама канструкцыя, а на наступны дзень ўсё выпільваццца. Так, я ўмею выпільваць. Хоць лобзікам, хоць пілой… Каштуе драўляная прыгажуня 90 беларускіх рублёў.
Таксама ў “навагодняй лінейцы” ад Таццяны Аношка і Алены Макаравай маюцца навагоднія вяночкі з лазы, мха і елачныя цацкі – з кунжутнага жгута і пальмавага валакна. І нават елка з дроту, якую можна ўласнаручна дыфарміраваць, не перажываючы, што яна заламаецца.
Вырабы, як той казаў, на любы густ і і кашалёк.
Зарадзіўшыся з парога святочным настроем, захацелася прыдбаць навагодніх падарункаў. Але так, каб гэта выглядала незвычайна і пажадана небанальна.
Прагульваючыся паміж выставачнымі шэрагі, натрапіў на аб’яву наступнага зместу: “Арыгінальны падарунак для дарослых і дзяцей “Чароўная лесвіца”. Праўда, па ўсім законам жанра ўнізе гэтай аб’явы было напісана, што: “сэнсу ў гэтай цацкі няма: яна не прасуе і праблем не вырашае”. Дык навошта яно трэба?
Адказ на гэтае пытанне ведае Наталля Маслава – аўтар “Чароўнай лесвіцы”.

— Гэта – цацка-галаваломка, — распавядае жанчына, – складаецца ў некалькіх драўляных дошчачак, якія можна збіраць і разбіраць у адвольным парадку. Гэта цацка – родам з Мексікі, а ў Беларусь прывязла яе я. “Чароўная лесвіца — своеасаблівая альтэрнатыва запаланіўшым усё спінерам. Праўда, у адрозненне ад іх, кожная “Чароўная лесвіца” зроблена ўручную.
Акрамя вырабу цацак, Наталля захапляецца мікравышыўкай. На “Млыне яна прадставіла” уласныя працы.
— Мікравышыўка – праца руплівая і патрабуе цярпення, бо ўсе гэтыя ўпрыгажэнні робяцца ў літаральным сэснсе з-пад лупы. Кошт аднаго такога падаруначка вагаецца ў межах 25-30 рублёў.

Для тых, хто аддае перавгу больш буйным сувенірам, на “Млыне” прадстаўлены – посуд, драўляныя кухоныя дошкі і, напрыклад, арыгінальныя мяккія падушкі.
— Мужчына, прапаную вам шыкоўную падушку ў выглядзе філіна, вам дакладна яна падыйдзе, — заклікала падыйсці да стэнду з гэтымі вырабамі маладая дзяўчына.
Цяжка сказаць, ці то твар у мяне ў той момант быў засярожаны, як у філіна, ці яшчэ што, але падыйшоў.
— Мы прапануем вам вырабы з тэкстылю, — распавядае гаспадыня павільёна. У першую чаргу – гэта падушкі ў выглядзе разнастайных жывёл. Зроблены яны з беларускага матэрылу, у тым ліку з ільну. Бярыце, не пашкадуеце, нядорага – усяго 25 рублёў.
Набыць падушкі я ветліва адмаўляюся, а вось згуляць тут жа ў бяспройгрышную латэрэю даю згоду. Прызам стала ігольніца ў выглядзе сэрца. Умеюць, ведаеце, угаворваць!
Дарэчы, ёсць на “Млыне” і рэчы для аматараў нацыянальнага каларыту – вышыванкі мужчынскія, жаночыя, дзіцячыя…

Для таго, каб убачыць усё на ўласныя вочы і выбраць арыгінальны навагодні падарунак для блізкіх у вас, паважаныя чытачы, ёсць цэлыя выходныя. Кошт уваходнага квітка – 3 рублі.