Такая яна, Алена Сямёнаўна

13

1

Ёй, лаўрэатцы Дзяржаўнай прэміі нашай краіны за кнігу аповесцяў “Пачакай, затрымайся…” (1976 г.), заслужанай работніцы культуры (1977), 22 снежня спаўніцца 95 гадоў.

Жыццё не песціла яе. Народжаная на Случчыне, вясковая дзяўчынка напоўніцу зведала горкі хлеб сіроцтва, сказаць больш дакладна – бясхлебіцу: у сем гадоў страціла бацьку і матулю, выхоўвалася ў сваякоў: тры гады – у матчынага брата, а калі ягоную сям’ю рэпрэсавалі, дзяўчынку апекавала стрыечная сястра Аляксандра. Здатная да вучобы, Алена імкліва і настойліва спасцігала навукі. Пасля сямігодкі ў 1937 годзе паступіла ў педвучэльню ў Слуцку. Зведала і радасць студэнцтва ў ВНУ – у Рагачоўскім настаўніцкім інстытуце. Скончыла яго ў 1941 годзе. А тут грымнула вялікая вайна, прыйшоў суровы час крушэння светлых планаў, перспектыў, шчасця кахання, час непараўнальных выпрабаванняў.

У гады цяжкага ваеннага ліхалецця, апынуўшыся ў бежанстве ў Расіі, не цуралася сялянскай працы, пасля ў адным з татарскіх райцэнтраў служыла ў бібліятэцы эвакуацыйнага шпіталя – чытала раненым кнігі, памагала пісаць і адпраўляць лісты. Як вольнанаёмная была старшым пісарам вайсковай часці (1942), а яшчэ – загадчыцай бібліятэкі ў шпіталі (1943, Харкаў). Усё гэта дало багаты досвед для стварэння ў будучым узрушальных высокамастацкіх твораў.

У паваенным Мінску паступіла на трэці курс філфака БДУ. У беларускую літаратуру ўвайшла ў 1947 годзе: тады часопіс “Беларусь” апублікаваў яе аповесць “У прасторах жыцця”. Яшчэ лёс закінуў яе ў Курск, і толькі ў 1950 годзе яна, ужо з мужам і дачкой Наташай, вярнулася ў Беларусь, пасялілася ў сталіцы. Тут нарадзіла сына Валодзю, сямейныя клопаты сумяшчала з працай загадчыцы аддзела культуры ў рэдакцыі часопіса “Работніца і сялянка” (1950–1972), у выдавецтвах “Мастацкая літаратура” (1972–1980) і “Юнацтва” (1980–1983) ды з інтэнсіўнай творчасцю.

2

Люблю чытаць і перачытваць Алену Васілевіч, элегічную, узнёслую, дасціпна-іранічную – кожны раз новую і ўсё тую ж самую: трапяткую, удумлівую, духоўна багатую. Мастацкае слова яна надзяляе надзвычайнай уладай – яно палоніць і доўга не адпускае.

Чары яе мастацкага слова пачынаюцца з таго, можна сказаць, бездакорнага эстэтычнага густу, які ўсякі раз адбіваецца і праяўляецца на ўсім і ва ўсім. Здаровы густ бачыцца і ў свежасці зместу, і ў арыгінальнасці падачы жыццёвых рэалій – гісторый, характараў, канфліктаў, – і ў мастакоўскім пачуцці меры, а найперш – у саміх найменнях, якія адразу вабяць, заварожваюць, інтрыгуюць. Вось толькі некаторыя з іх: “Пачакай, затрымайся…” (тэтралогія), “Горкі ліпавы мёд” (выбраныя апавяданні), “Люблю, хвалююся, жыву” – выданне, якое склалі нататкі, эсэ, роздумы…

Ведаю і не дзіўлюся, што да Алены Сямёнаўны імкнуліся карэспандэнты. Неяк патэлефанавалі ёй з аднаго маскоўскага часопіса: “Напішыце пра вашу творчую лабараторыю”. І вось знаходжу такую залацінку: “…у сваёй творчай “лабараторыі” я вылучыла б такі высокакаштоўны элемент, як любоў”. Арыгінальна сказана, вобразна, мудра! І натуральна, калі ўлічыць, што  творы пісьменніцы народжаны менавіта ад Яе Вялікасці ЛЮБОВІ, пра што б яна ні распавядала свету – пра любага, які пайшоў насустрач вайне, ці пра цыганскую дзяўчынку Марыулу, якой нідзе няма належнага прытулку.

3

Любоў, чуйнасць, пачуццё справядлівасці, здольнасць хвалявацца, захапляцца (і абурацца – таксама) – якасці, без якіх не ўяўляю Алену Сямёнаўну Васілевіч ні ў літаратуры, ні ў жыцці. У ёй бачыцца мне цэльнасць асобы, гарманічнае адзінства пранікнёнай творцы і памяткой, абаяльнай, інтэлігентнай жанчыны. Калі ў кароткім апавяданні “Вазіў Герынга” я натрапіў на сказ “Вера такі чалавек, што ў яе сэрца хапае на цэлы свет…”, то міжвольна падумаў, што гэтая мімалётная характарыстыка стасуецца з сутнасцю самой пісьменніцы, бо якраз такім – гранічна шчырым і шчодрым – сэрцам яе надзяліла матухна-прырода. У кнізе “Люблю, хвалююся, жыву” нераўнадушная да цэлага свету аўтарка ўспамінае аднаго разу, як усхвалявана і захоплена чытаў паэтычную падборку тады яшчэ маладой, пачынаючай Еўдакіі Лось – толькі з газетнай паласы! – Рыгор Бярозкін. “Гэта было шчасце назіраць і чуць, як адзін талент радуецца і цешыцца другім талентам”, – піша яна. А мы, чытачы, лёгка пераконваемся ў тым, што і сама яна здольная захапляцца поспехамі іншых. Створанае застаецца. Цікава, што творца, чыя асноўная стыхія – проза, ніколі не цуралася высокай паэзіі. З любоўю распавядала пра Ніну Мацяш, яе першы зборнічак вершаў, параўноўваючы паэтычны дэбют з першай вясновай песняй жаўранка. Яна высока цаніла талент Веры Вярбы, вітала прыход у літаратуру Леаніда Галубовіча, з цеплынёй і з клопатам пра далейшы лёс гаварыла пра яго кніжку “Таемнасць агню”. Яе дужа ўзрадавала ў свой час з’яўленне паэзіі Міхася Стральцова, раней вядомага на ніве прозы ды эсэістыкі. З уласцівай ёй спавядальнасцю сказала пра часіны, калі ўзнікае “неадольная патрэба акрапіць уласную сасмяглую душу жывой вадою чужога радка”. І вось яны, чужыя, але ж такія зразумелыя, такія блізкія радкі:

Цень, цень, сініца! Добры дзень!

Жывеш? Сваім званочкам чыстым

Зімовым ранкам прамяністым

І абудзі, і абнадзей!

“Мне таксама неабходна гэта, – піша Алена Васілевіч, – каб сініца Міхася Стральцова зімовым ранкам  з паэтычнымі радкамі прынесла абуджэнне і надзею. Мне неабходна гэта паэзія”. Яе акрыляе музыка слова, краса мастацтва. У ліку яе любімых была і засталася Жэня Янішчыц, і калі жыццё паэтэсы трагічна абарвалася, на гэтую цяжкую страту сама адказала вершам.

У вышэйназванай кнізе памяткая Алена Васілевіч надрукавала гранічна шчырыя ўспаміны пра Якуба Коласа, Янку Маўра, Івана Мележа, Яна Скрыгана, іншых вядомых пісьменнікаў. Тут жа ёсць і такія палярныя сваім зместам дзве рэчы – “Тварыць словам” і “Разбурэнне словам”, асабліва карысныя пачынаючым і маладым літаратарам. У першым выпадку, гаворачы пра аповесць малавядомага Міхася Клебановіча “Іван Аляксеевіч”, аўтарка любуецца “феерыяй адценняў у моўным запасе”, дынамікай і пластычнай зграбнасцю, а ў другім – вымушана казаць пра непераборлівы густ і эстэтычную глухату, калі вядомы рэцэнзент ці часопісны рэдактар бласлаўляе ў друк слабыя творы вядомых літаратараў… Такая Алена Сямёнаўна – добразычлівая і бескампрамісная, непадкупная.

Пашанцавала мне не адзін год папрацаваць акурат у той рэдакцыі выдавецтва “Мастацкая літаратура”, дзе Алена Сямёнаўна была загадчыцай. Тую даволі клопатную працу я называю святам. Сёння грэюць душу ўспаміны, іх багата. Нярэдка прыгадваецца, да прыкладу, як ёй удалося пераканаць начальства, што паэту Міхасю Рудкоўскаму, які жыў на перыферыі, трэба падняць мінімальную стаўку аўтарскага ганарару (да ўзроўню “сталічных аўтараў”).  Учынак загадчыцы быў справядлівы і чалавечны: вершы М.Рудкоўскага, якія мы выдалі асобнай кніжкай, адпавядаюць высокай мастацкай якасці. Выданне зборніка, адрасаванага юнацтву,  прынесла аўтару добрую маральную і фінансавую падтрымку ў цяжкі для яго час, калі пасля складанай аперацыі ён страціў здароўе і працу. Дорачы той зборнік з аўтографам, Міхась парываўся мне пацалаваць руку. “Што ты, Міхаська! – сказаў я. – Не я ставіў цябе ў выдавецкі план, і не я за цябе змагаўся!..”

Вядома ж, не магу забыць вялікую ласку Алены Сямёнаўны да мяне, грэшнага: як настойліва яна хадайнічала ў Саюзе пісьменнікаў, каб дапамаглі з жыллём (тады я доўгі час пражываў з сям’ёй у аднапакаёўцы).  У выніку ў 1980 годзе я атрымаў новую кватэру, “пасяліўся ў мікрараёне сталіцы, каля жаўранкаў і васількоў”. Успамінаецца, вядома ж, цудоўны мікраклімат, які заўсёды панаваў у рэдакцыі, а разам з тым – адухоўленае аблічча мілай начальніцы, прыязны позірк яе вачэй, заўсёды маладых, бо яны – люстэрка душы.

4

Жыццё чалавека – як знічкі палёт, якое яно ні было б працяглае. Гэта мной не забываецца ніколі. Мо таму я не вельмі рэдкі госць у Васілевічаў – у Алены Сямёнаўны і Уладзіміра Аляксандравіча, вядомага фалькларыста, этнографа, перакладчыка, выдатнага складальніка многіх зборнікаў, акадэмічных выданняў, шэрагу прэстыжных кнігазбораўскіх тамоў, нядаўняга ўніверсітэцкага выкладчыка, які шмат гадоў аддаў навуцы як педагог. Аляксандравіч – так афіцыйна. Для мяне ён – Валодзя, Валодзечка, сябра з юнацкіх гадоў, якому ў свой час прысвячаў і верш, і апавяданне. У гэтай інтэлігентнай і гасціннай кампаніі заўсёды ўтульна і цёпла, ёсць пра што пагаманіць.

…22 снежня 2016 года. У разгары кароткі зімовы дзень. Кіруюся да знаёмай кватэры знаёмага дома, каб павіншаваць Алену Сямёнаўну з дзевяноста чацвёртымі ўгодкамі. Прыязна сустрэў мяне Валодзя. У вітальні двухпакаёўкі “прытуліў” маё паліто, прапанаваў цёплыя, з аўчынкі, тапачкі, а неўзабаве нёс вазу з вадой пад мае ружы. Я прайшоў у святліцу, дзе ўсё – і падлога, і стол, і кніжныя паліцы – святочна ззяла  і дзе каля стала сядзела ў калясцы гаспадыня. Павіншаваў яе, мы пацалаваліся. Была яна ў цёмна-зялёнай аксамітавай кофце, з-пад якой выглядаў акуратна раскрылены белы каўнерык, аздоблены фабрычнымі ружовымі кветачкамі. Валодзя, як бы просячы прабачэння, сказаў, што адлучыцца хвілін на 20 у краму. Мы з Аленай Сямёнаўнай сядзелі поруч, гаманілі. Яна даволі жыва цікавілася маімі справамі, пыталася ў мяне пра жонку, сына, дачку, пра ўнукаў. Я адказваў і стараўся пераводзіць гаворку на іншую хвалю. Пытаўся пра нашых агульных сяброў. Аказалася, перад маім прыходам тэлефанавала Наталля, дачка Івана Антонавіча Брыля, з якой мы працавалі ў адной рэдакцыі. Пра Наташыны навіны я пачуў: “Разбрыліся Брылі па свеце. Наташын брат Андрэй працуе ў Японіі. А Галін (другой Брылёвай дачкі) сын з жонкай пераехаў у Польшчу”.

Я  пытаўся пра ўнукаў і праўнукаў Алены Сямёнаўны. У яе тры ўнукі і пяць праўнукаў.  Амаль усе яны гэтаксама ў замежжы. Праўнук Дзіма ажно ў Кітаі, выкладае англійскую мову ў інстытуце. У свой час у Бельгіі хлопец авалодаў яшчэ і кітайскай!.. Паехаў на стажыроўку, там яго ўпадабалі і запрасілі на працу. А я ўспомніў, як некалі ён у дзіцячым садку ў Мінску дэкламаваў мой верш. Такім родзічам можна ганарыцца. Шкада, яго не бачыць, не чуе Наталля, ягоная бабуля, яна так нечакана рана памерла!

Наша гамонка з Аленай Сямёнаўнай раз-пораз перарывалася тэлефоннымі віншаваннямі. Камусьці яна адказвала: “Дзякуй за добрую памяць!”, камусьці: “Скажыце што-небудзь іншае…” (мабыць, ёй жадалі даўгалецця). Чарговую сумоўцу назвала: “Марыя Іосіфаўна…”  Было зразумела – гэта Карпенка, колішняя кіраўніца калектыву рэдакцыі часопіса “Работніца і сялянка”. На пытанне пра яе “былая” скардзілася на высокі ціск. Алена Сямёнаўна ўсміхнулася: “О, ціск – гэта фамільная з’ява!”

Пасля размовы звярнулася да мяне: “Калі я пераходзіла ў “Мастацкую літаратуру”, яна паабяцала, што ў любы час  магу вярнуцца”.

Адбыўся яшчэ кантакт – з В.Кастручыным. “Беларускі Прышвін!” – так шчодра быў ахарактарызаваны сябра нашага СБП.

Тым часам вярнуўся з крамы Валодзя, пачаў ставіць на стол пітво, стравы. У кватэру Васілевічаў завітала з кветкамі  Зінаіда Пятроўна Зубкова, народная артыстка Беларусі (працуе ў Купалаўскім тэатры), чуйная суседка Васілевічаў. Атрымалася невялічкае застолле.

Дадому вяртаўся я шчаслівы, калі адкінуць класічнае: “На свете счастья нет…”

***

Сёлета працягваліся нашыя сустрэчы і тэлефонныя размовы. І вясной, і ўлетку, і дажджлівай восенню. Мяне заўсёды прыемна здзіўляла і здзіўляе бязмежжа памяці Алены Васілевіч. Яна не толькі дэкламуе (пры нагодзе) класічныя вершы, а і памятае ўсялякія гісторыі, розныя (у тым ліку і даўнія) размовы, цікавіцца тым адметным, што адбываецца на культурным полі і што з’яўляецца ў часопісе “Дзеяслоў” ды ў  газетах “Новы час” і “Народная Воля”.  Памятаю, калі ў “Дзеяслове” надрукавалі мае пераклады вершаў В.Сасюры з прадмовай, яна ўхваліла публікацыю. Чытаў сын. Яна слухала і, як сказала, “крыху сама поўзала вачыма па радках”. На вялікі жаль, вельмі пагоршыўся зрок. З гэтым цяжка змірыцца. І дагэтуль можна знайсці чытво на “угалоўнай” (блізка ля галавы) тумбачцы каля ложка, на якім яна начуе і пераважна днюе.

***

22 верасня я вяртаўся з Аксакаўшчыны, куды адвёз жонку на рэабілітацыю пасля інсульту. Па дарозе дамоў заехаў да Васілевічаў, каб уручыць сябру новы зборнік вершаў “Замова ад рабства”. Калі мы павіталіся з Валодзем, ён павіншаваў мяне з выхадам кніжкі, але не ўзяў яе, а паказаў рукою на дзверы пакоя, дзе адпачывала маці. Як заўсёды, я прыязна быў сустрэты. Гэтым разам размаўлялі пераважна пра здароўе, а больш дакладна – пра нездароўе. Спачатку я адказваў на пытанні пра самаадчуванне жонкі. Пасля Алена Сямёнаўна распавядала пра аперацыю ў 88 гадоў, перажытую пасля цяжкай траўмы шыйкі бядра. Хваліла хірурга. Падпісала яму сваё кнігазбораўскае выданне выбраных твораў. Праз пяць гадоў здарылася новая бяда. Ішла падрыхтоўка да аперацыі, але яе ўжо не адважыліся рабіць.

Я паказаў Алене Сямёнаўне сваю кніжку і, перш чым уручыць ёй, прачытаў тры вершы: “Класік Гарэцкі”, “Душа мастака” і “Да залатога юбілею”.

Пасля трэцяга, інтымнага, верша яна сказала: “Мне ніхто нічога падобнага ніколі не казаў…”

Перад развітаннем я ў сваіх далонях трымаў яе запаволеныя рукі, глядзеў у вочы за нейкімі тоўстымі шкельцамі акуляраў, услухоўваўся ў павольны голас. А ў памяці маёй паўставалі хуткія рухі яе руплівых рук, у светла-карых вачах свяціўся нерастрачаны агонь, чуўся жвавы, з вясёла-жыццядайнымі ноткамі голас… Не змяніўся толькі акцэнт слыннай пісьменніцы, колішняй случчанкі: “Усяго добраго! Усяго найлепшаго!”

Поделиться ссылкой: